Слухачы абмяркоўваюць падвышэньне коштаў і зьніжэньне якасьці прадуктаў харчаваньня. Некаторыя абураюцца, што дзяржаўныя грошы ідуць на разнастайныя прыёмы журналістаў ды сьвяткаваньні, а тым часам у дзяцей-інвалідаў у інтэрнатах не хапае лекаў ды іншых рэчаў.
Наша слухачка абураецца, што людзі з-за падвышэньня коштаў вымушаныя адмаўляцца ад некаторых мясных прадуктаў. Пры гэтым якасьць каўбасаў не самая высокая.
«Чым жывем? Што ў сваім гародзе. Бліны пячэм з кабачкоў, капусты, буракоў. Прыйшла ў краму „Калгасную“, узяла кілбасы за 16.700, прынесла дахаты — жывая здыхата, аднесла назад. Жудасьць. Як жыць далей — ня ведаем».
Званок слухачкі камэнтуе Павал Севярынец:
«Тое, што адбываецца падзеньне якасьці нават самых звычайных прадуктаў харчаваньня, — гэта не лякальная праблема, а агульнае адлюстраваньне сытуацыі, якая існуе ў беларускай дзяржаве.
Ёсьць аб’ектыўныя цяжкасьці сёньняшняй эканамічнай мадэлі, якую прапанаваў Лукашэнка. Пасьля байкоту Расеі, пасьля таго, што Лукашэнка вымушаны езьдзіць па Кітаі і Вэнэсуэле, каб падсілкоўваць гэтую эканамічную мадэль, чакаць высокай якасьці ад беларускіх тавараў было б па меншай меры наіўна».
Наш слухач абураецца, што ў вайсковай частцы ў Печах, што пад Барысавам, салдаты пакутуюць ад холаду, бо там дагэтуль не ўключылі ацяпленьне.
«Я б хацеў зьвярнуцца да кіраўніцтва Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Чаму ў вучэбным цэнтры Міністэрства абароны РБ у Печынскім ваенным гарадку не ўключаюць ацяпленьне? Вайскоўцы мерзнуць, камандзіры ўводзяць карантын, войска хварэе. Да якой пары нашы салдаты будуць спаць і мерзнуць у вопратцы? Ці ведае пра гэта сам галоўнакамандуючы? Прашу мне адказаць на гэтае пытаньне».
На пытаньне адказвае кіраўнік прэс-цэнтру Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык:
«Ды ў нас ва ўсіх частках паляць. Няхай зьвяртаецца ў вызначаным парадку ў Міністэрства абароны. У нас кожны салдат ва Ўзброеных сілах ведае тэлефон даверу. Калі ў яго ёсьць нейкія скаргі, якія ён ня хоча выказаць камандаваньню асабіста, ён можа патэлефанаваць на тэлефон даверу і гэтае пытаньне вырашыць цягам 5 хвілін. Што да ацяпляльнага сэзону ў вайсковых частках, то ён даўно пачаўся, як і ў дзіцячых садках».
Слухачы абураюцца тым як ідзе разьмеркаваньне дзяржаўных грошай. Прэсавая канфэрэнцыя кіраўніка дзяржавы, якая каштавала падаткаплатнікам больш за 100.000 даляраў, падштурхнула нашага слухача пазваніць на «Свабоду»:
«Радыё Свабода нядаўна расказала, як гасьцінна сустракалі расейскіх журналістаў з рэгіянальных выданьняў. На гэта наш „бацька“ патраціў мільёны беларускіх рублёў і сотні тысяч даляраў. Лепш гэтыя грошы аддаць дзецям-інвалідам на апэрацыі, якія праводзяць за мяжой, а то па тэлевізіі просяць грамадзянаў, каб склаліся і дапамаглі гэтым дзеткам. Вось і ўсё».
Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.