Варшава заелася з Брусэлем з-за Газпрому

Польскі ўрад пад кіраўніцтвам Дональда Туска мяркуе падпісаць новы доўгатэрміновы кантракт з Газпромам на пастаўкі і транзыт расейскага газу, а Эўрапейская камісія хоча гэтаму перашкодзіць, аргумэнтуючы, што кантракт супярэчыць заканадаўству Эўразьвязу ў галіне энэргетычнай палітыкі.

Расею ўдараць у Польшчы?


Экспэрты мяркуюць, што калі Эўракамісіі ўдасца разладзіць падпісаньне гэтай дамовы, Расеі будзе нанесены моцны ўдар у яе палітыцы перакрыць доступ да сваіх газаправодаў для ўсіх "зьнешніх" кампаніяў. У чым справа?

Праект кантракту паміж Варшавай і Газпромам прадбачвае, што, пачынаючы ў 2011 году, Польшча павялічыць імпарт расейскага газу з 7,5 мільярда кубічных мэтраў на год да 10,5 мільярда. Газпром хоча, каб гэтыя павялічаныя пастаўкі ў Польшчу трывалі да 2037 году. Цана паставак і транзыту зьяўляецца таямніцай перамоваў паміж партнэрамі, але таямніцай не зьяўляецца ўмова Газпрому, каб не дапускаць нікога іншага да кантролю газаправоду Ямал-Эўропа, які ідзе ў Нямеччыну празь Беларусь і Польшчу.

Каму труба Ямал-Эўропа?


Брусэль кажа, што якраз гэтая ўмова супярэчыць заканадаўству Эўразьвязу адносна канцурэнтнасьці і адкрытасьці ў сфэры паставак энэргарэсурсаў. Паводле Эўразьвязу, іншыя кампаніі таксама павінны мець доступ да газаправоду Ямал-Эўропа на тэрыторыі Польшчы.

Цяпер кантроль над гэтым газаправодам належыць да канцэрну Europol Gaz, у якім па 48 працэнтаў акцый маюць Газпром і PGNiG, польская дзяржаўная газавая кампанія. Астатнія 4 працэнты належаць да Gas Trading, супольнага прадпрыемства Газпрому і PGNiG.

Капцы польскай дывэрсыфікацыі?


Экспэрты таксама зьвяртаюць увагу, што калі Польшча зьвяжа сябе гэтым доўгатэрміновым кантрактам на пастаўкі расейскага газу, яна зусім перастане рупіцца пра дывэрсыфікацыю паставак энэргарэсурсаў, аб якой неаднаразова заяўляла. Інакш кажучы, Расея прывяжа Польшчу да сваіх паставак газу на больш чым чвэрць стагодзьдзя, і ніхто ў Польшчы ня будзе зацікаўлены ў пошуках новых крыніцаў энэргарэсурсаў.

Цяпер расейскія пастаўкі забясьпечваюць 65 працэнтаў спажываньня газу ў Польшчы. Польскія крытыкі новага кантракту з Газпромам зьвяртаюць увагу, што, па-першае, ня трэба так сьпяшацца, бо дзейны кантракт на газпромаўскія пастаўкі абавязвае да 2022 году. Па-другое, яны кажуць, што Польшча наўрад ці будзе ў змозе спажываць 10,5 мільярда кубічных мэтраў расейскага газу на год (а Газпром забараняе Польшчы перапрадаваць свой газ трэцім краінам). Ну і па-трэцяе, яны, як і Эўракамісія, падымаюць пытаньне дывэрсыфікацыі паставак энэргіі.

У Польшчы абмяркоўваюцца пляны пабудовы тэрміналу для прыёму звадкаванага натуральнага газу на балтыйскім узьбярэжжы ды распрацоўкі здабываньня газу са сланцавых пародаў, залежы якіх у Польшчы вельмі багатыя.

"Гэты кантракт, калі ён будзе заключаны, адпужае інвэстараў ад пабудовы тэрміналу звадкаванага газу і ад распрацоўкі здабываньня газу са сланцу. Расея заткне гэты рынак на шмат гадоў", – учарашняе выданьне International Herald Tribune цытуе Аляксандра Смоляра, дырэктара Фонду імя Стэфана Баторыя ў Варшаве.

На коне расейска-польская "перазагрузка"?


Заблякаваньне новага кантракту паміж Польшчай і Газпромам падаецца вельмі цяжкім заданьнем для Брусэлю, паколькі Варшава, пасьля трагічнай гібелі прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам у красавіку, "перазагрузіла" свае адносіны з Крамлём. Сарваньне такой дамовы азначала б для ўраду Дональда Туска пагаршэньне польска-расейскіх адносін і страту ўсяго таго, што ў гэтых адносінах наладзілася пасьля трагічнай сьмерці прэзыдэнта Леха Качынскага і амаль сотні чалавек з палітычнай эліты краіны.