Рэклямна-атамны конкурс
Улады вырашылі, каб натоўпы на плошчах прапагандавалі будаўніцтва атамнай электрастанцыі. А як інакш успрымаць абвешчаны конкурс на рэклямную прадукцыю, прысьвечаную Астравецкай АЭС? Калі ў мінакоў праз аднаго будзе гэтая назва на кашульцы (што праўда, ужо ня сёлета), на кепках, плястыкавых пакетах, калі масава зьявяцца “атамныя” алоўкі і асадкі, кубкі і гэтак далей? Конкурс сярод мастакоў абвешчаны! Ахвотныя яшчэ маюць больш за дзесяць дзён, каб прыдумаць штось атамна-прывабнае, аптымістычнае.
З аднаго боку, змякчэнне жалезабэтоннай пазыцыі ўлады — гэта ўжо штось цікавае, сьвежае. З другога, гэты прыём — ад адваротнага — яна выкарыстоўвае пастаянна. Успомніце: у краінах дэмакратыі ёю ня пахне, сапраўдная дэмакратыя толькі ў РБ, у нас газэт мора і большасьць недзяржаўныя, са свабодай слова поўны ажур, хай капіталісты зайздросьцяць, ну і гэтак далей. Як ня ўспомніць легендарны “1984”, дзе лёзунгі партыі гучалі: “Мір — гэта вайна”, “Свабода — гэта рабства”. Так што рэклямная акцыя, прысьвечаная АЭС — цалкам у рэчышчы славутага раману.
Вось панаехалі ў прыгожы край Астравецкі, па-варварску яго раскапалі, непадалёк ад курортнай Нарачы, ад пэрліны зямлі беларускай. А іншай прычыны, як насаліць суседзям-літоўцам не праглядаецца. Дык што, мы АЭС будзем ставіць, каб некаму “кузькіну маць паказаць”, як Мікіта Сяргеевіч калісьці са сваімі ракетамі?! Ёсьць жа разуменьне, што ня трэба будаваць нічога ў Белавескай пушчы! А можна было б і ёй адпомсьціць за проклятыя ўладай “белавескія пагадненьні”, скажам. Пры СССР гэта ж быў проста лес, дзе можна схаваць, напрыклад, сакрэтны камандный пункт Варшаўскай дамовы, які адно не пасьпелі закончыць.
Абы дзешавей
Так, начальства, нібыта не забываецца, што беларускі народ перажыў атамны выбух страшэннай моцы на АЭС імя Леніна. Але ня лічыць падставай, каб зважаць на тое, што “травой парасло”. Бо, каб народ беларускі шанавалі, яму б сказалі шчыра: АЭС хочам будаваць і будзем гэта рабіць, бо заманулася, а калі пачынаюць крытыкаваць — тым больш рогам упіраемся, бо нікога слухаць не жадаем. (Як і ёсьць насамрэч). Але, але… Пры гэтым народу б сказалі: аднак АЭС — страшэнная рана для беларусаў на ўсё жыцьцё, таму мы ніякія а-ля савецкія праекты разглядаць ня будзьма ў ніякім разе, на здароўі не эканомяць двойчы. А мы, дарагія таварышы беларусы, купім толькі самую лепшую, самую новую, самую сучасную станцыю, а таму — заходнюю, каб можна было спаць калі не спакойна зусім, то ня ў вечным кашмары.
Замест гэтага беларусы бачаць, што начальства гатовае дзе заўгодна надыбаць сабе АЭС — у кітайцаў-нанайцаў, хоць у кантрабандыстаў якую-небудзь “бэу”, ужываную, абы па дзяшоўцы. Начальства не цікавіць, што на Гарадзеншчыне жывуць не прыгонныя, не натоўпы зомбі, у якіх галовы-тэлевізары з адзінай праграмай БТ. Сем разоў адмерыць, адзін адрэзаць? Не, як яно вырашыла, так і будзе! Радасьць беларусаў толькі ў тым, што ў яго кішэні дзіравыя сёньня. У Нямеччыне і Швэцыі дагэтуль забараняюць грыбы ў лесе зьбіраць людзям, бо пасьля чарнобыльскага выбуху яны з радыёнуклідамі. Няўжо іхняе начальства дурнейшае за нашае?
Чорны гумар
Думка міжвольная: што гэта нашая ўлада раптам конкурсы нейкія абвяшчае з атамнай сымболікай, каб прызвычаіліся да АЭС мінакі на вуліцах, сапраўднае меркаваньне якіх яе ніколі не цікавіла? Што гэта яна такая “добрая” стала? Ды пратэсты апошнім часам гучаць з-за мяжы, вось яна і пачала прыстасоўвацца, новыя хады шукаць. Іншага тлумачэньня ў мяне няма. Дарэчы, на гарадзенскім блогу конкурс, прысьвечаны АЭС, абмеркавалі даволі дасьціпна. Маўляў, хто будзе жыць у трыццацікілямэтровай зоне, атрымае да прозьвішча прыстаўку “фон”, за дзесяць км ад станцыі ўсе стануць “вашай сьветласьцю”, а за пяць увогуле “вашым сіяцельствам”. Кашулькі з сымболікай будуць сьвяціцца, а рэклямныя алоўкі выпусьцяць з сапраўдным графітавым стрыжнем, як на АЭС… Ну, і ў такім жа рэчышчы.
І апошні, вельмі цьвярозы голас: значкі ды іншыя “сувэніры” раздаваць будуць, ці прымусяць купляць і насіць, “а калі без значка — то штраф?” Вось і падказка для ўлады: за адсутнасьць флікера на рукаве — штрафавалі ж, папаўнялі мясцовы бюджэт? Можа такім жа чынам і на будаўніцтва АЭС спаганяць? Чакайце, чакайце, я пажартаваў! А яны ўжо кінуліся выконваць… Пачакайце, конкурс рэклямы Астравецка-атамнай яшчэ не адбыўся. Фальстарт, таварышы дарагія. Невядома — што яшчэ там мастакі намалююць, можа — перакрэсьлены знак АЭС, як раней знак атамнай бомбы перакрэсьлівалі? Мастакі — яны публіка тая, ненадзейная ідэалягічна.