Анкета кандыдата: Уладзімер Правальскі

Уладзімер Правальскі

Нарадзіўся 14 студзеня 1959 году ў вёсцы Сцяпурава Багушэўскага раёну Віцебскай вобласьці. Беларус. Жанаты, мае двух дарослых дзяцей. Пасьля заканчэньня ў 1978 годзе Віцебскага політэхнічнага тэхнікуму да 1991 году працуе ў будаўніцтве. Пачынаў бэтоншчыкам, скончыў дырэктарам асацыяцыі будаўнічых каапэратываў Віцебскай вобласьці. Ад 1991 году — індывідуальны прадпрымальнік. Пераможца абласнога конкурсу "Лепшы прадпрымальнік Віцебскай вобласьці" ў 2008 і 2009 гадах у намінацыі "Лепшы прадпрымальнік у сфэры паслуг". Пераможца рэспубліканскага конкурсу "Лепшы прадпрымальнік 2009 году" ў намінацыі "Лепшы прадпрымальнік у сфэры паслуг".

Для чаго Вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?


Для таго, каб працаваць на пасадзе Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.


Як зьменяцца падчас Вашага кіраваньня сярэднія заробкі і пэнсіі і чаму?

Веру ў тое, што сярэдні заробак, пэнсіі, а таксама прыбыткі грамадзян будуць павялічвацца. Я ствару ўмовы, пры якіх гэты рост будзе залежаць ад жаданьня і здольнасьцяў грамадзян.


Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?


Усе, акрамя тых, якія нельга прыватызаваць дзеля захаваньня дзяржаўнай бясьпекі. Прыватызацыя пройдзе на конкурснай аснове.


Як зьменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?

Спажываць іх меней і эфэктыўней.


Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?

Прэзыдэнт не павінен мець дачыненьня да прызначэньня старшыні і чальцоў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў.


Ці патрэбныя іншыя зьмены ў Канстытуцыю? Калі так, то якія?

Прэзыдэнт можа быць абраны на два тэрміны запар па 6 гадоў кожны. І гэтую норму нельга ніякім чынам зьмяніць.


Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?

Не.


Які павінен быць статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня" і якім чынам трэба вырашаць пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы?

Вырашаць гэтае пытаньне трэба эвалюцыйна. Пакуль гэта застаецца толькі на ўзроўні мары.


Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразьвяз?

Гэтае пытаньне можна параўнаць з такім: "А ці можа салдат не імкнуцца стаць генэралам?"


Ці варта Беларусі імкнуцца ў НАТО?

Не.


Ці захаваецца падчас Вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?

Цяперашняя сытуацыя — аптымальная. Тэарэтычна — так, практычна — мінімум.


Чым Вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзыдэнта?

Адказ на гэтае пытаньне выцякае з майго занятку. Я — прадпрымальнік, і пры гэтым лепшы. Я вырашу задачу зьнешнегандлёвага балянсу краіны, і ён стане станоўчым. А не адмоўным, як цяпер. І яшчэ я вярну ў Беларусь той мільён грамадзян, якія пакінулі нашу краіну.


Які будзе Ваш першы ўказ?

Аб адмене нарматыўных актаў, якія абмяжоўваюць прадпрымальніцкую дзейнасьць.


Які лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку Вашай перамогі?

Я ня пан нічыйго лёсу. Кожнаму будзе дадзена права ўдзельнічаць у конкурсе на замяшчэньне вакантных дзяржаўных пасадаў.