“Мядзьведзеў замахваецца рэдка, але, замахнуўшыся, не адводзіць руку назад”

Ці азначае відэазварот Дзьмітрыя Мядзьведзева, што Расея вырашыла не прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? Ці сустрэнуцца яшчэ калі-небудзь Дзьмітры Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка ў якасьці кіраўнікоў сваіх дзяржаў? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць: зь Менску — шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна і з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.

Сьвятлана Калінкіна
Кірыл Коктыш
Віталь Цыганкоў


«З заявы Мядзьведзева вынікае, што Расея не прызнае выбары ў Беларусі»


Цыганкоў: Якія галоўныя мэты відэазвароту Мядзьведзева? Які эфэкт гэтая заява акажа на беларуска-расейскія дачыненьні?

Калінкіна: Галоўная мэта гэтага відэазвароту — пасланьне Лукашэнку, беларусам і расейцам. Пасланьне наступнага зьместу: па-першае, нікому ня будзе дазваляцца па-хамску ставіцца да кіраўніцтва Расеі, па-другое, Аляксандар Лукашэнка як партнэр ацэньваецца адэкватна і можа не разьлічваць на добрыя адносіны, і па-трэцяе, расейскі і беларускі народы павінны быць свабоднымі і жыць у дэмакратычных краінах. Гэта сказана ў самым канцы пасланьня Мядзьведзева.

Для мяне пасыл тут відавочны — Расея больш ня хоча бачыць у Беларусі той рэжым, які існуе цяпер. І Расея больш не жадае заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца тут.

Коктыш: Галоўнае — Мядзьведзеў па-сутнасьці зьняў тую інтрыгу, якая інакш цягнулася б да самага моманту выбараў: ці прызнае Масква вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ці не. З заявы Мядзьведзева відавочна вынікае — не, не прызнае, і што Расея гатовая пайсьці на такі крок.

Гэта даволі моцная дыпляматычная заява, і яна зробленая пасьля таго, як Мядзьведзеў перамог Лужкова і перайшоў у катэгорыю цяжкавагавікоў. Мядзьведзеў заявіў, што Лукашэнка выйшаў за межы дыпляматычнага і палітычнага дыскурсу, і прэзыдэнт Расеі ня лічыць гэта прымальным і дапушчальным. Здаецца, што сытуацыя канчаткова вырашыла — Расея вырашыла, што са спадаром Лукашэнка яна больш дамаўляцца ня будзе.

«Мядзьведзеў не захоча сустракацца з Лукашэнкам»


Цыганкоў: Кірыл, па-вашаму, што гэта канкрэтна азначае? Мяркую, Мядзьведзеў нездарма згадаў гісторыю з былым украінскім прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам, калі Мядзьведзеў выказваў сваё нэгатыўнае стаўленьне да яго і пасьля гэтага зь ім не сустракаўся. Ці азначае гэта, што Мядзьведзеў больш ня будзе сустракацца з Лукашэнка, прынамсі, у якасьці кіраўніка Беларусі?
Заява Мядзьведзева — гэта падрыхтоўка да пэрыяду больш ці менш доўгай канфрантацыі.

Коктыш: Відавочна, так. Мядзьведзеў не захоча сустракацца з Лукашэнкам. Але ён заяўляе, што ён паважае беларускае грамадзтва, і паважае беларускі народ, і будзе гатовы размаўляць з любым іншым прадстаўніком беларускага народу, калі ён будзе абраны. Але, успамінаючы нядаўнюю рэмарку Мядзьведзева ў Кітаі, можна меркаваць, што пакуль Масква не чакае, што іншы чалавек можа прыйсьці да ўлады ў выніку гэтых прэзыдэнцкіх выбараў. Так што заява Мядзьведзева — гэта падрыхтоўка да пэрыяду больш ці менш доўгай канфрантацыі.

Гэта канфрантацыя можа быць даволі цяжкай. Непрызнаньне вынікаў выбараў азначае нелегітымнасьць улады і немагчымасьць для Беларусі мадыфікаваць тыя пагадненьні, у якія яна ўваходзіць. Вядома, існуючыя дамовы ніхто адмяняць ня будзе, але ў выпадку з новым праектам — Адзіная эканамічная прастора, якая павінна пачаць будавацца напрыканцы зімы — існуе рэальная рызыка, што Беларусь можа ня мець прадстаўніка, які будзе ўпаўнаважаны весьці перамовы. Такім чынам Беларусь можа проста выпасьці з інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы.

«Гэта пачатак сур’ёзнага палітычнага крызісу, адзінае выйсьце зь якога — гэта правядзеньне свабодных выбараў».


Цыганкоў: Сьвятлана, ці згодныя вы з такімі даволі радыкальнымі высновамі, якія прапанаваў Кірыл Коктыш? Я нагадаю, што за 15 гадоў свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка неаднаразова меў асабістыя канфлікты з расейскімі прэзыдэнтамі Барысам Ельцыным, Уладзімерам Пуціным. Чаму не палічыць, што зноў даруюць, памірацца, і ўсё будзе ў парадку?

Калінкіна: Гэта ўжо ня толькі асабісты канфлікт. Гэта ўжо больш сур’ёзныя супярэчнасьці паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расеі, паміж палітычнымі ідэалёгіямі, паміж замежнапалітычнымі курсамі дзьвюх краінаў. Прагноз Кірыла я лічу вельмі апраўданым.

Хачу толькі нагадаць, што галасаваньне 19 верасьня наўрад ці можна назваць выбарамі. Хутчэй за ўсё, Мядзьведзеў добра разумее, што сваімі заявамі ён правакуе сур’ёзны палітычны крызіс унутры Беларусі. Магчыма, пасланьне — гэта і ёсьць прадказаньне гэтага крызісу і спроба патлумачыць, чаму ён адбыўся. Бо калі выбары ня будуць прызнаныя Расеяй і Эўропай, Лукашэнка становіцца нелегітымным кіраўніком. І пры ўсім жаданьні зь ім сустракацца, легітымны кіраўнік Расеі — Мядзьведзеў, Пуцін, Іваноў, Пятроў — ня зможа гэта рабіць. Бо не абраны легітымна чалавек ня мае права займаць гэтую пасаду.

Гэта сапраўды пачатак сур’ёзнага палітычнага крызісу, адзінае выйсьце з якога — гэта правядзеньне свабодных выбараў. На што Аляксандар Луашэнка, наколькі я разумею, пайсьці ня можа.

Коктыш: Хачу дадаць, што Мядзьведзеў ніколі за два гады прэзыдэнцтва ня браў свае словы назад. І ніколі не саступаў, калі нешта абвяшчаў. Пачынаючы з Паўднёвай Асэтыі, працягваючы Ўкраінай і заканчваючы Лужковым. Дагэтуль не было выключэньняў, калі б Мядзьведзеў ня выйграў, уваходзячы ў канфлікт. Пуцін мог замахнуцца і ня ўдарыць. А Мядзьведзеў дэманструе зусім іншы стыль: ён замахваецца рэдка, але, замахнуўшыся, не адводзіць руку назад.