Бацька Мядзьведзеў

Ільля Мільштэйн

Гэтак азагаловіў свой камэнтар да ўчорашняга відэазвароту прэзыдэнта Расеі расейскі публіцыст Ільля Мільштэйн.

Гнеўны адказ, які прэзыдэнт Расеі даў у сваім відэаблогу прэзыдэнту Беларусі - падзея нечаканая. Апошнім часам Крэмль лічыў за лепшае не рэагаваць на бацькавы прамовы, што даводзіла таго літаральна да шаленства. Так, днямі Аляксандар Рыгоравіч дагаварыўся да таго, што прыгразіў пакінуць РФ без прыкрыцьця беларускіх сілаў паветранай абароны. Гэта значыць практычна безабароннай перад налётамі натаўскай авіяцыі.

Быць можа, гэта стала апошняй кропляй, і Дзьмітры Анатольевіч пацягнуўся да відэакамэры. Там, на фоне прэзыдэнцкага кабінэта са сьцягамі і прыгожым сталом, ён сказаў нямала расчуленых фраз. У прыватнасьці, аб непарыўным, кроўным сяброўстве паміж расейцамі і беларусамі. Аб дапамозе, якую Масква дагэтуль аказвае Менску. І пра тое, што адносіны паміж народамі застануцца братэрскімі, "хто б ні кіраваў Расеяй і Беларусьсю".

Мабыць, гэтая думка, выказаная бліжэй да канца, была ключавой. З націскам на Беларусь, дзе ў сьнежні адбудуцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары. У сьпісе кандыдатаў значыцца Лукашэнка, які амаль напэўна і пераможа.

Як можна зразумець, Дзьмітрый Анатольевіч вырашыў умяшацца ў гэтую перадвыбарчую гонку, ясна даўшы зразумець беларускім выбаршчыкам, супраць каго ён "заўзее". Прычым гэта быў крок даволі незвычайны. Нават падчас апошніх украінскіх выбараў вышэйшае расейскае начальства, навучанае горкім досьведам 2004 году, лічытла за лепшае ўголас не выказвацца. Вядома, у дачыненьні да Юшчанкі ўжываўся байкот, але зь Януковічам і Цімашэнка прэм'ер Пуцін сустракаўся ахвотна і падкрэсьлена па-сяброўску.

Насуперак гэтаму, Лукашэнка сёньня прыраўноўваецца да прэзыдэнта Саакашвілі. Бо яго "перадвыбарчая кампанія, - як сказаў Мядзведзеў, - цалкам пабудаваная на антырасейскіх сюжэтах, на істэрычных абвінавачаньнях Расеі ў нежаданьні падтрымліваць беларусаў і беларускую эканоміку, праклёнах на адрас расейскага кіраўніцтва". Лукашэнка - вораг, і пра гэта Мядзьведзеў паведаміў выразна і недвухсэнсоўна. А там ужо самі вырашайце, таварышы беларусы.

Дарэчы, як і ў скандале Крамля з Лужковым, вельмі цяжка зразумець, хто пачаў сварку і чаму палеміка паміж кроўнымі братамі набыла такія драматычныя рысы. Мядзьведзеў сьцьвярджае, што бацька кепска павёў сябе пасьля вайны Расеі з Грузіяй. Маўляў, стаў таргавацца, жадаючы даражэй прадаць сваё прызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, а Расея "не гандлюе сваімі прынцыпамі". У Лукашэнкі іншая вэрсія таго, што здарылася. Яго, маўляў, спрабавалі "нахіляць", а ён узяў і разагнуўся. Пасьля чаго дыскусія прыкметна абвастрылася і дайшла ўжо да таго, што бацька пагражае разабраць ракеты, а Мядзьведзеў выступае ў відэаблогу.

Разважаючы аб усім гэтым, нельга зноў жа ня ўспомніць аб Лужкове. Схема яго палітычнага зьнішчэньня шмат у чым супадала з той, што раней выкарыстоўвалася для прыніжэньня Лукашэнкі. Напачатку – нейкія закулісныя разборкі, пра якія да гэтага часу мала што вядома. Крыху пазьней расейскім гледачам дэманструецца дакумэнтальнае кіно, якое выкрывае замоўленага пэрсанажа. А потым "фэльд'егер у ботах", як сьведчаць узрушаныя сьведкі, прыносіць указ аб адстаўцы.

Ёсьць аднак і розьніца. Дакучлівага пчаляра прэзыдэнт РФ мог зьняць з пасады без тлумачэньня прычын. Звольніць Лукашэнку за страту даверу Мядзьведзеў пры ўсім жаданьні ня можа. Прымусіць да адстаўкі - таксама. Прасьцей зьняць Абаму ці нават Пуціна, а кроўны брат, які намертва ўчапіўся ў сваё крэсла, сыдзе не раней, чым скончацца яго зямныя тэрміны. І пляваць яму на выбарцаў, да якіх зьвяртаецца Дзьмітрый Анатольевіч: мясцовы Чураў, якога завуць Лідзія Ярмошына, намалюе чарговую "элегантную перамогу" ў поўнай адпаведнасьці з указаньнямі Лукашэнка.

Тады навошта ўсё гэта? Навошта паліць па Беларусі з такой магутнай прылады, як прэзыдэнцкі відэаблог? Адной крыўды ўсё ж мала. Варта выказаць здагадку, што, запісваючы сваю гнеўную прамову, Мядзьведзеў дае пачатак такой масіраванай кампаніі па “нахіленьні" бацькі, якой ня ведалі ні Юшчанка, ні Саакашвілі, ні сталічны мэр. Заснаванай на такой братэрскай, непарыўнай, кроўнай сувязі з беларускім народам, што народ гэты павінен здрыгануцца і скінуць Лукашэнку разам зь яго Цэнтральнай камісіяй па выбарах. Задума палохае сваёй маштабнасьцю і здаецца практычна невыканальнай, але, безумоўна, годнай трэцяга расейскага прэзыдэнта. Выглядае, што пасьля зьняцьця Лужкова для яго ўжо няма невырашальных задач.