За выратаваньне — "Смерш"

Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Шмат разоў чуў, нібыта гісторыя культурных і нават палітычных сувязяў Беларусі з Чэхіяй налічвае шмат вякоў. Ну так, Скарына выдаваў там, у Празе, нашы першыя кнігі, а потым адтуль пачало вяшчаць, дзякаваць Богу, і па-беларуску, Радыё Свабода. А што істотнае адбывалася паміж дзьвюма гэтымі падзеямі?


Юры Атрахімовіч

Пачну ад часоў, у якія на сьвеце не было яшчэ ні Францішка Скарыны, ні ягоных дзядоў і бабуляў.

Праз тры гады пасьля Грунвальду, калі Вялікае Княства Літоўскае здабыло сапраўды вялікую вагу ў эўрапейскім сьвеце, на беларускія землі накіраваўся найбліжэйшы паплечнік Яна Гуса магістар Геранім Праскі. Ён прапаведаваў сваё вучэньне ў Вільні, Віцебску, а паводле некаторых зьвестак, і ў Полацку і выклікаў, як сьведчаць гістарычныя крыніцы, "невядомае раней у гэтым краі хваляваньне сярод сьвятароў і вернікаў". Калі ў Чэхіі пачаліся нацыянальна-вызвольныя і ўадначас рэфармацыйныя гусіцкія войны, Вітаўт атрымаў ад чэхаў прапанову стаць іх каралём. Пэрспэктыва непазьбежнага ў такім разе вострага канфлікту з каталіцкім сьветам нашаму манарху не падабалася. Але ён паслаў на дапамогу гусітам 5-тысячнае ліцьвінскае войска на чале з пляменьнікам Жыгімонтам Карыбутавічам. Той у 1424 годзе на вачах у пражанаў прыняў прычасьце паводле гусіцкага абраду і быў выбраны каралём.

Беларусы-ліцьвіны поплеч з чэхамі ваявалі больш за дзесяць гадоў і разграмілі чатыры нямецкія крыжовыя паходы. Нашыя продкі разам з братамі па зброі сьвяткавалі ў 1426 годзе бліскучую перамогу над немцамі пад Усьцем, гінулі праз восем гадоў у трагічнай для гусітаў бітве на Ліпанскім полі... У чэскіх энцыкляпэдыях тым падзеям прысьвечаныя цэлыя старонкі, у "Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі" — роўна два радкі.

Напэўна, Прага гасьцінна прыняла Скарыну яшчэ й таму, што памятала, як некалі ліцьвіны працягнулі чэхам руку дапамогі. Будзеце ў чэскай сталіцы — не забудзьцеся наведацца на Градчанах да помніка нашаму гуманісту і першадрукару.

Калі казаць пра ХХ стагодзьдзе, дык тут імёнаў, падзеяў, дакумэнтаў набярэцца на некалькі манаграфіяў.

У Прагу ў 1923-м пераехаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі. На тамтэйшых Альшанскіх могілках спачывае прах старшыняў Рады БНР Пётры Крачэўскага (сярод ягонай спадчыны ёсьць, дарэчы, і эсэ "Скарына і незалежнасьць") і Васіля Захаркі. Тамсама пахаваны наш усясьветна вядомы тэнар, доўгія гады саліст праскага Нацыянальнага тэатру Міхал Забэйда-Суміцкі.

У тагачаснай Чэхаславаччыне атрымлівалі стыпэндыі й адукацыю сотні заходніх беларусаў. Сярод іх быў Янка Геніюш, муж нашай славутай паэткі. У Празе Геніюшы пражылі потым свае лепшыя гады. Там, ужо ня ў лепшым 1943-м, выйшла першая кніга спадарыні Ларысы "Ад родных ніў", дзе не было ні слова пра "вялікага вызваліцеля Эўропы Адольфа Гітлера".

Жывучы ў Празе, лідэр беларускіх эсэраў, былы народны сакратар земляробства ў першым урадзе БНР Тамаш Грыб пісаў: "Я або прыеду ў Менск як вольны грамадзянін, або застануся на ўсё жыцьцё сваё эмігрантам". Выпала апошняе.

Гэта толькі самае істотнае й вядомае. А колькі за ім хаваецца іншых сюжэтаў і дэталяў — чульлівых, мілых, вусьцішных...

Малады беларускі пісьменьнік зь Дзьвінску-Даўгаўпілсу Віктар Вальтар, стаўшы праскім студэнтам, даведваецца, што хворы на невылечныя тады сухоты. Ён вяртаецца на радзіму і піша раман "Народжаныя пад Сатурнам", героі якога ходзяць па вуліцах Прагі.

У 1943-м хаваюць Васіля Захарку. Гестапа забараняе выступаць над магілай. Захаркаў пераемнік на пасадзе старшыні Рады БНР Мікола Абрамчык насуперак загаду кажа разьвітальнае слова. Прадстаўнік акупацыйных уладаў уздымае скандал. У гэты момант Ларыса Геніюш (якую Захарка нядаўна прызначыў Генэральным сакратаром БНР) траціць прытомнасьць. На руках Ларысу выносяць з могілак закаханы ў яе Забэйда-Суміцкі і Васіль Русак — адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня, а перад вайной пасьпяховы прадпрымальнік і старшыня праскага Беларускага нацыянальнага камітэту.

У тыя дні, рызыкуючы жыцьцём, спадар Васіль хавае ў сябе ад нацыстаў дзьве габрэйскія сям’і, а яшчэ некалькіх ратуе, выпісаўшы пасьведчаньні, што ўсе гэтыя людзі — беларусы. Потым адзін з выратаваных выдасьць Русака савецкай контравыведцы "Смерш"...

Гледзячы неяк на палітычную мапу сьвету, я думаў пра тое, якую ролю адыгрывалі ў беларускай гісторыі блізкія і далёкія сталіцы: Варшава, Масква, Бэрлін, Парыж... Атрымалася, што адназначна станоўчаю гэтая роля была, бадай, толькі ў Прагі.

Ня буду таіцца: маю да чэскай сталіцы сантымэнт. Калісьці прысьвяціў ёй верш, дзе ёсьць такія вось радкі:

...бэхераўка афарбуе вечар
зялёнай гамаю
чамусьці прынесшы згадкі
пра Гашэка і паручніка Лукаша
што лічыў усіх чэхаў,
якія гавораць па-чэску
нечым накшталт карбанарыяў
набярэжная Вэлтавы
будзе філіялам
гэтага таемнага таварыства
прапанаваўшы багатыя магчымасьці
параўнаньня праскіх ножак
з тваімі
якія захочацца разбудзіць
у ранішнім нумары
цёплага восеньскага гатэлю
над кавярняй
з свойскаю назвай "Чартоўка"
дзе ў сьпісе заўсёдных кліентаў
значыцца пара лебедзяў
што будуць цярпліва чакаць
пакуль мы пакінем
яхту нашага ложка
спусьціўшыся на прыстань
дзе можна карміць белых птушак
замаўляючы віно
пакуль Градчаны
не паплывуць па-над местам
як славянскія думкі
Вэлтавы...