Да рэкорду Лукашэнку засталося амаль 20 гадзінаў

Аляксандар Лукашэнка выступаў перад расейскімі журналістамі 4 з паловай гадзіны. Мінулы раз на такой сустрэчы з расейскімі СМІ ён гаварыў на гадзіну менш. Колькі наогул без перапынку можа гаварыць чалавек?

Самай доўгай палітычнай прамовай лічыцца сьпіч, які сказаў у 1957 годзе амэрыканскі сэнатар Стром Сарманд. Ягоны выступ працягваўся 24 гадзіны 18 хвілін. Такой доўгай прамовай сэнатар спрабаваў прадухіліць ці хаця б зацягнуць прыняцьце закону аб грамадзянскіх правах, які ўсё ж быў ухвалены.

У 1841 годзе дзявяты прэзыдэнт ЗША Ўільям Гарысан сказаў самую доўгую прамову ў гісторыі інаўгурацыі. Ён гаварыў амаль дзьве гадзіны, і яго выступ складаўся амаль з 8,5 тыс. словаў. Гарысан выступаў пад адкрытым небам, пры мінусавай тэмпэратуры, пад парывамі моцнага ветру без паліто, шапкі і пальчатак. У выніку ён перамерз, захварэў на пнэўманію і празь месяц сканаў.

26 верасьня 1960 г. на пасяджэньні ААН Фідэль Кастра сказаў самую доўгую за ўсю гісторыю арганізацыі прамову – працягласьцю ў 4 гадзіны і 29 хвілін.

Што да апалітычага набору словаў, то ў 2004 годзе Луі Кале быў унесены ў Кнігу рэкордаў. Ягоная прамова ў 2004 годзе доўжылася 48 гадзін. Потым рэкорд быў пабіты індусам, што гаварыў зь без перапынку 120 гадзін. Тады Кале перамог яго зноў, гэтым разам прагаварыўшы на працягу 124 гадзін. 62-гадоваы каталёнец, працаўнік муніцыпалітэту гаварыў на працягу пяці дзён і чатырох начэй запар, каб усталяваць рэкорд, у паўднёвым францускім горадзе Пэрпіньян. Тры натарыюсы былі побач, каб засьведчыць рэкорд, які дазволіў Кале ўвайсьці ў Кнігу рэкордаў Гінэса. На працягу гэтага часу Кале пераважна казаў пра каталёнскую культуру і пра свайго ўлюбёнага мастака Сальвадора Далі.

А самая кароткая прамова, як лічыцца, належыць самому Сальвадору Далі, які, будучы запрошаным выступіць на нейкім сходзе, устаў і сказаў: "Буду кароткім: я скончыў," – і тут жа сеў зноў.