Сёньня – Міжнародны дзень перакладчыкаў. Калі нейкая прафэсійная група сапраўды заслугоўвае мець сваё міжнароднае сьвята, дык гэта перакладчыкі. Бо іхная прафэсія дакранаецца, калі можна так сказаць, да самай сутнасьці "міжнароднасьці", то бок, да розных моваў, якія зьяўляюцца вопраткамі душы і думак розных народаў.
Уявіць сабе Міжнародны дзень скуралупа або Міжнародны дзень рахункавода мне значна цяжэй, чым Міжнародны дзень перакладчыка. Хоць я не выключаю, што такія дні ўжо кімсьці занесеныя ў міжнародны каляндар, толькі што я пра іх ня чуў. Але, як бы яно ні было, мне вельмі часта рупіць пісаць пра перакладчыкаў або пераклады, а пра скуралупаў і пра рахункаводаў – не парупіла ні разу. Таму я ня мог прамінуць сёньняшняй нагоды, хоць адчуваю, што сьвята для мяне асабіста атрымалася б больш зьмястоўным, калі б я пераклаў нешта са швэдзкай мовы, напрыклад, верш або два Томаса Транстромэра, замест таго, каб пісаць гэтыя непрычасаныя занатоўкі, якія невядома як пачаць і чым закончыць...
Містыфікатар з Шатляндыі
Адным з самых вядомых у гісторыі літаратуры перакладчыкаў зьяўляецца шатляндзец Джэймс Макфэрсан (1736-1796), які ў 1661 годзе апублікаваў ангельскі пераклад эпічнай паэмы пра кельцкага героя Фінгала, якую нібыта на шатляндзкай гэльскай мове склаў Асіян, сын згаданага Фінгала. Паэма нібыта захавалася да часоў Макфэрсана ў народнай памяці шатляндзкіх кельтаў.
Потым Макфэрсан апублікаваў яшчэ іншую паэму Асіяна ў сваім перакладзе, а ў 1665 – цэлую кнігу паэмаў.
Паўсюдна лічыцца, што пераклады Макфэрсана – гэта ўсяго літаратурная містыфікацыя. Насамрэч ніякіх кельцкіх паэмаў Асіяна не існавала, а Макфэрсан проста пакарыстаўся сваім статусам знаўцы ды шукальніка кельцкага фальклёру і народнай творчасьці, каб надаць сваім уласным творам дастойнасьць і вагу гістарычнага літаратурнага памятніка.
Сёньняшнія літаратуразнаўцы ў сваіх высновах ужо не такія рашучыя, як сучасьнікі Макфэрсана. Магчыма, нейкія фрагмэнты гэтых паэмаў усё ж існавалі ў народнай памяці, а Макфэрсан гэтыя фрагмэнты запісаў, пераклаў, дадаў свой тэкст і ўсё разам паскладаў. То бок, ён быў як бы і перакладчыкам, і аўтарам, і кампілятарам-рэдактарам адначасова.
Ніякі іншы "нібы-пераклад" не займеў такога магутнага ўплыву на ўсю эўрапейскую літаратуру, як менавіта гэтыя "песьні Асіяна" – іх чытаў і ім насьледаваў ці ня кожны заўважны паэт эўрапейскага Рамантызму.
Містыфікатар з Францыі
У 1827 годзе ў Францыі выйшла кніжка "La Guzla" з падзагалоўкам "Зборнік ілірыйскіх песьняў, запісаных у Далмацыі, Босьніі, Харватыі і Герцагавіне". Песьні, нібыта сабраныя на Балканах і перакладзеныя з ілірыйскай (сэрбскай) на францускую прозай, былі выдадзеныя ананімна. Містыфікацыю ў Францыі разгадалі даволі хутка, але ў іншых месцах – ня надта. Вось Аляксандар Пушкін пераклаў гэтыя песьні з францускай, лічачы іх аўтэнтычным балканскім фальклёрам. І толькі пасьля публікацыі перакладу ў 1835 годзе да Пушкіна дайшло, што ён пераклаў рэчы, аўтарам якіх быў вядомы францускі пісьменьнік Праспэр Мэрымэ.
Мэрымэ нібыта меў намер ехаць на Балканы, каб пазьбіраць там народную творчасьць, але паколькі грошай на такое падарожжа ніхто яму ня даў, ён пастанавіў напісаць іх сам. Паводле Мэрымэ, ён напісаў гэтую "пародыю" на народны фальклёр усяго за два тыдні. Нічога сабе... Недзе ў сівыя часы, калі не было інтэрнэтных сайтаў, мне трапіліся на вочы разважаньні Пушкіна пра глыбіню балканскай душы, якая выяўляецца ў гэтых "песьнях паўднёва-заходніх славянаў".
Мэлянхолік з Падольля
Быў такі польскі магнат на Падольлі, які бавіў час падарожжамі і літаратурнымі заняткамі – Ян Патоцкі (1761-1815). Напісаў ён па-француску кучу вельмі сур’ёзных рэчаў, але ў гісторыі літаратуры застаўся дзякуючы адной, якой, магчыма, вялікай сур’ёзнасьці не надаваў. Гэта быў раман "Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе". Першая няпоўная вэрсія раману была апублікаваная ў 1804 годзе. Пра што раман – няма ў нас часу і месца распавядаць. Скажам коратка – раман выдатны, які крытыкамі ставіцца ўпоравень з Сэрвантэсам, Бакача і "Тысяччу і адной ноччу".
Кажуць, што Патоцкі напісаў гэты раман, каб пазабавіць сваю другую жонку, якая, як і ён, нудзілася і пакутавала ад мэлянхоліі на тым Падольлі. Самога Патоцкага мэлянхолія (па-сучаснаму: дэпрэсія) давяла да самагубства.
У 1847-м раман быў выдадзены ўпершыню поўнасьцю ў польскім перакладзе – перакладчык Эдмунд Хаецкі пераклаў яго з рукапісаў аўтара. Потым частка арыгінальных рукапісаў недзе прапала, і францускія выданьні раману ажно да 1958 году зьяўляліся ў няпоўным выглядзе. У 1958-м адзін літаратуразнаўца наважыўся выдаць "поўную вэрсію" раману Патоцкага, пера-пераклаўшы прагалы ў францускім рукапісе з тэксту польскага перакладу назад на францускую.
Ну хто пасьля такога скажа, што пераклады – рэч няважная?
Містыфікатар з Крынак
Ці былі ў беларускай літаратурнай прасторы нейкія такія містыфікацыі зь перакладамі і перакладчыкамі? Былі, і то ня раз. Пра адну дык я да скону не прызнаюся нікому, калі не лічыць Сяргея Шупы, але пра дзьве іншыя я тут напішу.
Дык вось, у 2004 годзе Сакрат Яновіч пад шыльдай выдавецтва "Villa Sokrates" у Крынках выдаў моцна эратычны раман "Беларуска", напісаны некім па прозьвішчы Марта Пінская па-польску і перакладзеным нейкім таямнічым перакладчыкам на беларускую. Абедзьве вэрсіі раману былі апублікаваныя пад адной вокладкай гэтага крынкаўскага выданьня.
Раман быў удала разрэклямаваны на адным беларускім літаратурным сайце, і ўсе там гадалі, хто такі аўтарка Марта Пінска і хто такі перакладчык Дзядзька Васіль. Васілю Сёмуху, відаць, прышлося моцна падціснуць хвост, калі большасьць літаратурнай публікі пачала тыкаць пальцам на яго як на перакладчыка.
Адзіным, хто ня тыкаў, быў ваш аўтар, які з матэматычнай дакладнасьцю даказаў, што раман арыгінальна быў напісаны па-беларуску, а пераклаў яго на польскую мову не Васіль Сёмуха, а іншы дзядзька.
Я, канешне, ведаю сапраўднае імя і Марты Пінскай, і Дзядзькі Васіля, але ці ж варта тут іх называць? Містыфікацыі належаць, прынамсі ў маім разуменьні, да самага харошага, што нам увогуле можа прапанаваць літаратура. Мы, чытачы, любім, калі нас падманваюць, як аўтары, так і перакладчыкі... Дык трывай жа, мана...
"Вяртаньне ў сэрбскія кнігі"
Фактычна ўся вартая чытаньня беларуская літаратура "залатога веку" ВКЛ – гэта пераклады. А сярод гэтых перакладаў першае месца належыць, безумоўна, старабеларускаму перакладу кельцкай легенды аб Трыстане. "Аповесьць аб Трышчане і Іжоце", рукапіс якой захоўваецца ў Познані, была перакладзеная нейкім ананімам з "кніг сэрбскіх".
Усе мы ведаем, што ніякай сэрбскай вэрсіі гэтай аповесьці дасюль не знайшлі. Але моўны аналіз перакладу паказвае, што імавернасьць таго, што нейкая сэрбская вэрсія існавала – амаль 100-адсоткавая. Што больш, старабеларускі пераклад прааналізавалі таксама вугорцы і дайшлі да высновы, што існаваў яшчэ і вугорскі варыянт гэтай аповесьці, якім карыстаўся той ананімны перакладчык-старабеларус. Інакш цяжка растлумачыць, адкуль там асобныя мадзярызмы ў лексыцы і фразэалёгіі. Во як!
Але я хачу сказаць пра іншае. У 1988 годзе бліжэй нам невядомая спадарыня па прозьвішчы Ірэна Грыцкат узяла і пераклала старабеларускага "Трышчана" на сэрбскую мову. Так бы мовіць, "пера-пераклала ўзад". Ну, не дакладна ўзад, бо пераклала яна аповесьць на сучасную сэрбскую мову, але кірунак быў недзе ў той задні бок...
На гэтым сёньняшнія занатоўкі пра пераклады і перакладчыкаў і закончым.
Я ж папярэджваў, што яснай канцэпцыі, як зграбна закончыць гэтую пісаніну, у мяне няма.
Да наступнай нагоды!