Беларусь возьме ўдзел міратворчых апэрацыях у Лібане

Сяргей Мартынаў

Беларусь накіравала свайго ваеннага хірурга ў Лібан і неўзабаве зьбіраецца павялічыць там колькасьць сваіх спэцыялістаў як з кантынгенту ваенных, так і грамадзянскіх асобаў.

Пра гэта заявіў журналістам кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў. Міністар Мартынаў таксама пацьвердзіў гатоўнасьць Беларусі да ўдзелу ў міратворчай апэрацыі ААН у Лібане. Паводле ягоных словаў, работа па забесьпячэньні ўдзелу Беларусі ў міратворчай дзейнасьці пад эгідай ААН ужо вядзецца.

Як заявіў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства, беларускія ўлады маюць намер несьці мір і ў іншыя рэгіёны. Паводле міністра, таксама разглядаецца магчымасьць удзелу ў міратворчых апэрацыях на Кіпры і іншых краінах.

Беларускі міністар таксама выказаў меркаваньне, што ЭЗ ня стане замарожваць адносіны з Беларусьсю, паколькі ў бакоў ёсьць узаемная зацікаўленасьць у паглыбленьні супрацоўніцтва, нават нягледзячы на пэўныя рознагалосьсі, якія, натуральна, не заўсёды спрыяюць хуткаму разьвіцьцю стасункаў.