Старэйшыя – стомленыя, маладзейшыя -- абыякавыя

Завершана вылучэньне прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Ад 27 верасьня да наступнай серады такіх камісій мусіць быць сфармавана 155 зь ліку прадстаўнікоў палітычных партый, грамадзкіх аб'яднаньняў, працоўных калектываў і грамадзянаў, якія падавалі асабістыя заявы. Хаду гэтага этапу выбарчай кампаніі і асаблівасьці ўдзелу ў ёй дэмакратычных сілаў дасьледавалі рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Ад апазыцыі – некалькі кандыдатаў

На Гарадзеншчыне дэмакратычныя сілы не імкнуліся вылучаць вялікую колькасьць сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Прычыны называюць розныя: некаторыя сябры партый ня бачаць у гэтым сэнсу, паколькі лічаць, што фальсыфікацыі адбываюцца на ўзроўні ўчастковых камісій, многія апасаюцца начальства, а трэція — наагул не пасьпелі вылучыць сваіх прэтэндэнтаў.

Ад АГП у тэрытарыяльныя камісіі па вобласьці вылучылі пяць чалавек: аднаго — у абласную, па адным — у Ленінскую і Кастрычніцкую гарадзкія камісіі. У Астравецкім раёне, паколькі “пярвічка” не зарэгістраваная, вылучылі дваіх чалавек шляхам збору подпісаў.
Юры Істомін

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін кажа, што размовы зь людзьмі вяліся ў Ваўкавыску, Лідзе, Слоніме і Наваградку, але сябры партыі адмаўляліся ад вылучэньня ў тэрытарыяльныя камісіі:

“Усе зьбіраюцца працаваць на агітацыйнай кампаніі, займацца зборам подпісаў і агітацыяй, але толькі не ў камісіі. Ёсьць боязь страціць працу, але ў большасьці выпадкаў людзі не называюць прычыны”.

Ад БНФ у Горадні вылучылі два чалавекі ў Ленінскую і Кастрычніцкую гарадзкія камісіі, па адным чальцы ў Слоніме, Лідзе і Смаргоні. Алесь Дзергачоў са Смаргоні загадзя перакананы, што сцэнар выбараў улады ня зьменяць, таму ад тэрытарыяльных камісій нічога не залежыць:
Алесь Дзергачоў

“Абсалютна ўсё пройдзе, як раней. Ня думаю, што лібэралізацыя будзе скіравана ў бок празрыстасьці выбараў. Могуць, тэарэтычна, дапусьціць апазыцыю ў тэрытарыяльныя камісіі, але ад іх нічога не залежыць, паколькі фальсыфікацыі адбываюцца на ўзроўні ўчастковых камісій”.

Сябры БСДП “Грамада” хоць і зьбіраюцца ўдзельнічаць у зборы подпісаў, але ўсе сілы скіроўваюць на назіраньне за выбарамі, таму нікога ў тэрытарыяльныя камісіі не вылучалі.

Кіраўнік абласной структуры КХП, Мікола Баўсюк, прызнаўся, што на вылучэньне ў тэрытарыяльныя камісіі ў іх папросту не хапіла часу, але ва ўчастковыя людзей ужо падрыхтавалі.

Партыя камуністаў сёлета ня мае свайго кандыдата, але кіраўнік абласной структуры, Павал Станеўскі распавядае, што траіх чалавек у абласную і дзьве гарадзенскія гарадзкія камісіі, яны вылучылі.

Кожны сябра партыі па свайму жаданьню будзе ўдзельнічаць у зборы подпісаў за таго ці іншага прэтэндэнта ў кандыдаты. А на ўзроўні партыі існуе свая праграма на час выбараў.

Станеўскі: “Мы будзем праводзіць кампанію “Справядлівыя выбары”, будзем вылучаць сваіх партыйцаў ва ўчастковыя камісіі і будзем вылучаць сябраў партыі назіральнікамі, каб кантраляваць ход выбараў”.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Вылучылі, але ці прапусьцяць?"

Апазыцыйныя арганізацыі Магілёўшчыны вылучылі два дзясяткі сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Тое, што іх туды ўключаць, у мясцовых партыйцаў вялікія сумневы.

Уладзімер Шанцаў
У сьпісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі — шасьцёра вылучэнцаў. Аднаго актывіста рэгіянальная партыйная арганізацыя вылучала ў склад абласной выбарчай камісіі. Два прадстаўнікі ад партыі вылучаныя ў раённыя камісіі Бабруйску, па адным — у Магілёўскую Кастрычніцкую, Крычаўскую ды Чэрыкаўскую раённыя камісіі. Кіраўнік арганізацыі Уладзімер Шанцаў сумняваецца ў тым, што нехта з вылучэнцаў трапіць у камісіі.

“Гэтыя людзі больш дасьведчаныя, чым прадстаўнікі ўлады. Прадстаўнікі ўлады мала што ведаюць пра выбарчае заканадаўства. Іх проста вылучаюць, каб яны падтрымлівалі, і ўсё. Лукашэнка заявіў, што ён самы зацікаўлены чалавек у тым, каб выбары былі чэснымі. Гэта будзе першая праверка на чэснасьць”.

Рэгіянальная арганізацыя партыі БНФ вылучыла аднаго свайго актывіста ў абласную выбарчую камісію. У Горках і Бабруйску ў раённыя камісіі зборам подпісаў вылучана па адным актывісьце. Ніхто з вылучэнцаў партыі БНФ ня мае досьведу працы ў выбарчых камісіях, аднак яны дасьведчаныя як назіральнікі, зазначае старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў.
Зьміцер Салаўёў

“Я мяркую, што наўрад ці каго з нас у гэтыя камісіі ўключаць. Практыка за ўсе гады паказвае, што нікога не ўключалі. Мы будзем больш скіроўваць працу на вылучэньні ва ўчастковыя камісіі, бо там асноўныя фальшаваньні адбываюцца”.


ГОМЕЛЬШЧЫНА

Улада выкарыстоўвае апрабаваны сцэнар

На Гомельшчыне ў склад абласной і раённых тэрытарыяльных камісіяў дэмакратычныя актывісты вылучылі 18 сваіх прадстаўнікоў. У тым ліку, партыя “Справядлівы сьвет” — 9, АГП — 7, БНФ — 2 чалавекі.

Не вылучалі сваіх прадстаўнікоў Рух “За свабоду”, які працуе на Алеся Міхалевіча, і ствараная партыя “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, якая падтрымлівае Віталя Рымашэўскага.

Старшыня абласной арганізацыі руху “За свабоду” Пётр Кузьняцоў мяркуе, што вылучаць людзей патрэбна найперш ва ўчастковыя камісіі, якія лічаць галасы выбарцаў.

Уладзімер Кацора
Тым часам аблвыканкам і прэзыдыюм аблсавету сфармавалі абласную выбарчую камісію. Сваіх прадстаўнікоў у гэтую камісію вылучалі “Справядлівы сьвет”, БНФ, АГП. Аднак ніводзін зь іх так і не увайшоў у склад сфармаванай сёньня абласной тэрытарыяльнай камісіі.

Гаворыць сябра АГП Уладзімер Кацора, якога партыя вылучала ў склад абласной камісіі:

“Некаторыя беларускія апазыцыйныя палітыкі прапаноўвалі ўладам лічыць галасы разам. Але ж улада і на гэты раз лічыць, што лічыць галасы трэба толькі з тымі людзьмі, якім яна давярае. А давярае яна 13 чалавекам, якіх яна ўключыла ў склад абласной камісій. Ад партыяў — гэта ЛДП, партыя Працы й справядлівасьці, КПБ. Ад грамадзкіх аб’яднаньняў — гэта вэтэраны, жансавет, “Белая Русь”… Улады, уключаючы ў склад камісіяў прадстаўнікоў так званых “кішэнных” партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, робяць выгляд, што гуляюць паводле дэмакратычных правілаў. Але ж вынік будзе той, які яны будуць патрабаваць”.

Вядома таксама, што сфармаваны ўжо Буда-Кашалёўская, Калінкавіцкая, Добруская раённыя тэрытарыяльныя камісіі. Патрэбная квота ад партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у іх таксама забясьпечана прадстаўнікамі “кішэнных” партыйных і грамадзкіх структураў.
Уладзімер Мацкевіч

Экспэрт "Свабоды": "Вэтэраны стаміліся, а моладзь раўнадушная"

Экспэрт "Свабоды" палітоляг Уладзімер Мацкевіч кажа, што ў апазыцыі цяпер рэальна не хапае людзкіх рэсурсаў, каб актыўна дзейнічаць на ўсіх накірунках выбарчай кампаніі:

"У гэтым сэнсе раскідаць людзей па ініцыятыўных групах, кінуць іх на збор подпісаў і забясьпечыць прадстаўніцтва ў выбаркамах проста немагчыма. Гэтыя высновы трэба было зрабіць яшчэ па выніках удзелу ў мясцовых выбарах і ў парлямэнцкіх".

Па нашай просьбе экспэрт параўноўвае актыўнасьць апазыцыі ў выбарчую кампанію 2006-га году і цяпер.

"Актыўнасьць падае, рэсурсы зьмяншаюцца. Вэтэраны ўжо стаміліся, а моладзь не настолькі матываваная і ня так заўзята ставіцца да гэтай працы".