"Крывавы рэжым рэгіструе катазабойцу"

Словы, вынесеныя ў загаловак гэтага камэнтара да камэнтароў на нашым сайце, паходзяць ад аднаго з ананімных наведнікаў сайту. Яны вельмі ўдала патрапляюць у тон камэнтароў пра мінулы тыдзень выбарчай кампаніі, які закончыўся рэгістрацыяй ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта РБ.

То бок, усім пакуль вельмі сьмешна. І ўсе сьцябаюцца з усіх. І з "катазабойцы", і з кіраўніка "крывавага рэжыму".

Некалькі камэнтароў з-пад матэрыялу, у якім Уладзімер Някляеў казаў, што нельга "замарозіць працэсы інтэграцыі з Расеяй":

Яўген
: Каб не пралезьлі розныя там някляевы, галасуйма за Лукашэнку!

Андрэй:
А яшчэ ён коціка забіў.

Зюзя, Менск:
Засланы маскалямі. Нездарма растляе непрыстойнымі паэмамі пра прэзэрватыў.

Бенэдзікт:
Усё больш актуальным становіцца заклік – БАЙКОТ!

Акрамя заклікаў да байкоту і да галасаваньня за Лукашэнку, на нашым сайце можна знайсьці заклікі галасаваць практычна за кожную іншую асобу, якая на мінулым тыдні падала ў ЦВК дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Найболей галасоў у падтрымку ад наведнікаў нашага сайту, як здаецца, сабрала жанчына-санітарка з Гомелю. Што даказвае здаўна вядомую аналітыкам РС ісьціну — калі б у беларускіх прэзыдэнцкіх выбарах галасавалі толькі інтэрнаўты, іхны выбар, дальбог, цяжка было б спрагназаваць, дый жанчыны былі б не бяз шанцаў. Але голас інтэрнаўтаў у беларускай дзяржаве, у адрозьненьне ад сайту РС, настолькі нікчэмны, што яе кіраўнік нават ня бачыць патрэбы завесьці сабе блог.

Шмат непаразуменьняў выклікаў факт рэгістрацыі ініцыятыўнай групы кіраўніка дзяржавы, якога ніхто ў ЦВК так і не пабачыў. Дык зарэгістраваўся ён паводле закону ці не? Адпаведнае гэтаму месца ў Выбарчым кодэксе гучыць так: "Список членов инициативной группы с указанием ее руководителя вместе с заявлением о регистрации группы подается в Центральную комиссию не позднее чем за 85 дней до выборов лицом, имеющим намерение выдвинуться кандидатом в Президенты Республики Беларусь".

Дзяжурны свабодавец запытаўся пра гэтае месца ў згаданых аналітыкаў РС, якія абодва сказалі, што ў гэтым сьвеце розначытаньняў не бывае адно ў мове матэматыкаў і фізыкаў, а ўсе іншыя мовы — цьмяныя, неразборлівыя і несур’ёзныя. Раз тут няма слова "лично", значыць, групу Аляксандра Рыгоравіча мог зарэгістраваць і паштовы голуб, калі толькі ён яго ўласнаручна выслаў у ЦВК. Магчыма, варта дадаць да гэтага тлумачэньня, за якое я не бяру асабістай адказнасьці, што адзін з нашых аналітыкаў — матэматык па адукацыі, а другі — фізык.

Жменя цікавых камэнтараў зьявілася пад матэрыялам "Ці трэба ратаваць мовы, якія зьнікаюць?":

Міхась Булавацкі, Магілёў: "Перастань быць назіральнікам, проста размаўляй мовай і ўсё. Я даўно гэта раблю, і маё атачэньне мала-памалу рухаецца ў той жа бок. Мы ж нецярплівыя, нам каб усё і адразу. Але так ня будзе. Трэба рабіць і чакаць, рабіць і чакаць..."

Мазынскі Валеры:
"У час майго кіраваньня Коласаўскім тэатрам, Сяржук Сокалаў-Воюш, які папрацаваў у нас каля двух гадоў, зрабіў нашмат больш, чым мы, некалькі чалавек беларускамоўных. Ён ніколі не зьбіваўся на расейскую. Ніколі! І ніколі нікога не наварочваў, каб той гаварыў па-беларуску (у адрозьненьне, скажам, ад мяне). І ўрэсьце сам Шмакаў(!) пачынаў гаварыць зь ім па-беларуску, хоць яму гэта давалася зь вялікай цяжкасьцю (пры тым, што ён яшчэ проста цярпець ня мог ня толькі беларускую мову, але і... усё нашае). Рабіце высновы".

Журфак:
"Калі б усе, хто стогне з-за адсутнасьці гучаньня мовы ў беларускай прасторы пачалі гаварыць, а не стагнаць, які б ХОР загучаў !!!"

Іван Марозаў, Мухавічы:
"Трэба бачыць розьніцу паміж натуральным выміраньнем мовы і яе зьнішчэньнем. У першым выпадку цяжка зрабіць што-небудзь, дый ня варта, можа. У другім трэба змагацца да апошняга".

Dim, Менск:
"Тут трэба яшчэ паглядзець – а чаму ж яны зьнiкаюць? Калi гэта адбываецца насiльственна, пад варожай акупацыяй, то абарыгены маюць права гэдак жа прымусова пачаць адраджэнне сваей мовы, калi абставiны зменяцца. У нас так усе i адбудзецца. Ужо скора... "

Зьбіцьцё і пакараньне арыштам гомельскага актывіста Кастуся Жукоўскага нібыта за лаянку ў грамадзкім месцы і за супраціў міліцыі нехта зь мянушкай "Кінік зь Менску" пракамэнтаваў наступным чынам:

"Цікавы вобраз вымалёўваецца... Як толькі людзі з вышэйшай адукацыяй дый з вядомасьцю ў грамадстве пачынаюць лаяцца, мянтам адразу ж робіцца млосна. Мацюгальнікаў (а тыя яшчэ аказваюць супраціў) зьбіваюць і арыштоўваюць. Во як! Міністэрству адукацыі варта прыцягваць такіх высокамаральных працаўнікоў да выхаваньня дзяцей".

Крый Божа, каб мы жылі ў сьвеце, сканструяваным паводле парадаў філёзафаў, ці то кінікаў, ці то плятонаў.

Віртуальную узнагароду за камэнтар тыдня (ВУКТ) атрымліваюць Міхась Булавацкі, Валеры Мазынскі і Журфак. То бок, спадары, кожны з вас атрымлівае па віртуальнай пляшцы піва "Лобкавіц". Здымка з трыма пляшкамі ў нас няма, таму ўжо вы нам прабачце.