Берасьце: подпісы можна зьбіраць там, дзе няма людзей

Берасьцейская адміністрацыя вызначыла месцы, забароненыя для пікетаваньня з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў.
Пад забарону трапілі самыя людныя вуліцы, сярод якіх Плошча Леніна, Плошча Свабоды, праспэкт імя П.М. Машэрава, вул. Леніна, Савецкая, Гогаля, Міцкевіча, тэрыторыя «Брэсцкай крэпасьці», аўта- і чыгуначныя вакзалы Берасьця, сквэр імя Н.Ф. Іконьнікава ды іншыя. Паводле словаў праваабаронцы Уладзімера Малея, такое ўражаньне, што забаранілі ўсе месцы, дзе ходзяць людзі:

"Застаецца зьбіраць подпісы толькі недзе ў спальных раёнах, бо ўвесь цэнтар, дзе заўсёды шматлюдна, забаронены для правядзеньня пэўных мерапрыемстваў. Нават нягледзячы на тое, што цяпер арганізацыя пікетаў праводзіцца не паводле дазваляльнага прынцыпу, а заяўнага. Таму ніякай лібэралізацыі не адбылося."