У параўнаньні з успамінамі маладосьці цяперашні Вызу – гэта поўнае бязьлюдзьдзе. Хаця ўсё быццам бы тое ж: сосны, паветра, мора... Цікава, што жыхарка Кясму, куды я зрабіла пешую вандроўку, сказала мне, што ў Вызу зашмат шуму, мітусьні, а сапраўдныя аматары цішыні селяцца выключна ў іх.
Гарэлкавыя капітаны, сталоўка Цьвятаевай і дамы сасланых
Мыс Кясму – самая поўнач Эстоніі. Узьбярэжжа зь вялікімі валунамі. Карабельны сасновы лес. Раней там сапраўды будавалі караблі. У моры, зусім побач з пляжам вёскі Кясму, Чортава выспа. Яна таксама ўся ў соснах. У часе адліву да яе можна нават дайсьці, пераскокваючы з каменя на камень.
Калісьці ў XIX стагодзьдзі Кясму быў найбольшым эстонскім портам. Там нярэдка прышвартоўваліся кантрабандысты, якія гандлявалі “левай сольлю”. А ў 1920-я адтуль у Фінляндыю пачалі вывозіць забароненую ў той краіне гарэлку. Так вёска Кясму атрымала яшчэ адну назву – “вёска гарэлкавых капітанаў”. Свой новы назоў яна апраўдвала да 1944-га, пакуль там не стварылі савецкай памежнай зоны. Гуляючы па высьпе, можна ўбачыць сьляды савецкай памежнай аховы – рэшткі разбураных казармаў, памежную вышку. У колішнім будынку памежнай аховы знаходзіцца марскі музэй, дзе сабрана шмат бутэлек з мора.
“Вот теперь понимаю. Теперь понимать начинаю молчаливую речь валунов — и Эстонии той, где земля на родном языке именована «Маа», в переводе на русский назвать бы ее «маятой».
Быў абедны час, і мы ўбачылі Цьвятаеву ў мясцовай сталоўцы. Такая высокая сівая худзенькая старая. За яе сталом стаяла талерка з бульбяным пюрэ (яна была вэгетарыянкай) і перад тым, як узяцца за сваю сьціплую трапэзу, Цьвятаева перахрысьціла яе. Гэтае імгненьне чамусьці трывала засела ў памяці.
Потым праз колькі гадоў я прачытала ў яе кясмускай кніжцы “Мая Эстонія”, што яна “ніколі ў сваіх лістах і паштоўках да сяброў не напісала Эстонская СССР. Проста не падымалася рука. Але заўсёды вялікімі літарамі пісала ЭСТОНІЯ”.
Амаль праз 30 гадоў удаецца знайсьці тую сталоўку. Цяпер гэта рэстарацыя, і тут зусім іншая публіка. Як мне падалося, большасьць наведнікаў карчмы – фінскія турысты. Яны гучна размаўляюць, п’юць піва, ядуць рыбу і папулярную тут “салянку”.
Сёньня ў гэтай карчме, як і ў шматлікіх іншых вясковых рэстарацыях, кавярнях і барах Вызу і Кясму ёсьць доступ да інтэрнэту. Толькі на дзьвярох аднаго кафэ ўбачыла закрэсьлены знак @.
Нашай “капітанскай дачы” ў Вызу я не знайшла. Хаця вуліца, якая вядзе з пасёлку на пляж, месцамі выглядае той самай, што і 30 гадоў таму. Зразумела, за гэты час зьявілася шмат сучасных і куды больш дарагіх дамоў-катэджаў. Але ўсе яны без “новабеларускіх наваротаў”. Ля дамоў вельмі сымбалічныя платы і няма нейкіх бачных сьлядоў аховы. На многіх будынках надпісы MUUA – ‘прадаецца’. Адзін недабудаваны ў цэнтры пасёлку катэдж на два з паловай паверхі прадаваўся за 200000 эўра. Сустракалася шмат кінутых дамоў. Як мне патлумачылі, тыя людзі, якім яны дасталіся ў спадчыну паводле рэстытуцыі, проста ня маюць сродкаў на рамонт.
Марскі музэй, у мінулым савецкая памежная застава
Сярод невысокіх будынкаў я ўспомніла некаторыя. Пра іх мне расказвала Эстэр. Яны былі часткай нейкага дзіўнага мясцовага дому адпачынку. Агульным у гэтай установе быў толькі клюб ды сталоўка, а курортнікі жылі ў многіх дамах у самых розных месцах. Гэта былі канфіскаваныя дамы высланых эстонцаў.
Працяг будзе