“Шкада, што Аляксандар Рыгоравіч не зразумеў, што яго час мінуў”

Апытаньне “Свабоды”: “Хто зь беларускіх палітыкаў, на вашу думку, можа скласьці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку на гэтых выбарах?” Адказвалі жыхары Магілёва.
Спадар: “Адзіны больш менш вядомы чалавек – гэта Мілінкевіч. Гэта чалавек іншых каштоўнасьцяў чым Лукашэнка. У любым выпадку, як бы яго хто ня грыз усё адно гэта другі чалавек – праэўрапейскі”.

Спадар: “Ніхто, калі шчыра, бо іх не відаць на тэлебачаньні, на радыё асабліва. Ну Пазьняк!? Ну што ён? У яго былі нічога такія ідэі, аднак ён зьехаў зь Беларусі”.

Спадар: “Акрамя Мілінкевіча нікога ня ведаю. Ну, гэта той палітык, які зварухнуў нашае балота год таму. Ня ўдзельнічае? Да жалю канечне гэта страта”.



Спадар: “Някляеў! Ну, па-першае – паэт, мастацтва. Па-другое – гэта кампанія “Гавары праўду”. Калі нават людзі й ня ведаюць людзі, што гэта такое, то прынамсі чулі. Мне ж падаецца, што тут жа галоўнае – няўжо Аляксандар Рыгоравіч не разумее, што ягоны час мінуў”.

Спадар: “Ніхто ня можа. У нас жа дэмакратыі як такой няма. Народ жа прывык да аднаго. Як гаворыцца адзін цар правіць. А хто будзе ўпэўнены, што новым чалавек, які прыйдзе на гэта месца будзе лепш за Лукашэнку? Другіх альтэрнатываў няма пакуль”.

Спадар сталага веку: “Такое пытаньне задавалі прэзыдэнту Злучаных Штатаў Амэрыкі, ці то Рузвэльту, ці то Труману. Дык ён адказаў, што ў нашай краіне мільёны могуць кіраваць краінай. Хто ў нас можа? Дык давайце зьбяромся й разам параімся. Лукашэнку пакідаць нельга”.

Юнак: “Думаю ніхто. Умовы выбараў ня на іхнюю карысьць. Правілы пабудаваныя ня так. Допуск да інфармацыі, да жалю, ня ўва ўсіх кандыдатаў аднолькавы”.

Малады спадар: “У ходзе таго, што выбары ў нас праводзяцца не чакана, нават ня ведаю. Думаю, што такіх канкурэнтаў будзе ня шмат. Я ня ведаю ніводнага. Я мяркую, што выбары ўжо выйграныя”.

Спадар: “Я думаю, што людзі будуць такія, аднак яркіх такіх асобаў мы напэўна не пабачым і не пачуем. Паглядзім, ці ўдасца будучым кандыдатам сабраць неабходную колькасьць подпісаў. Іх прозьвішчы назваць не магу”.

Спадар: “Цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Выбары будуць. Усім дадуць слова, хто атрымае на гэта права. Народ будуць інфармаваць. І народ зразумее за каго галасаваць”.