Дзеля авантурных вандровак па маршруце Вызу – Талін – Вызу я пачала браць пачатковыя ўрокі эстонскай мовы. У Эстэр я навучылася паасобным эстонскім сказам ды выразам: як узяць білет, павітацца, разьвітацца, спытацца, як прайсьці, заказаць сабе каву і г.д.
Урокі эстонскай
Анья і Анс, дзеці жанчыны, у часе гульні ў карты з уласнай ініцыятывы вырашылі даваць мне ўрокі эстонскай фанэтыкі. Прычым Анс, які вучыўся на архітэктара, рабіў гэта графічна. Усе сказы ён прыгожа драбіў на кароткія склады і паказваў, як гэта выглядае інтанацыйна. У сваю чаргу Анья ўсё павольна вымаўляла і часам прыводзіла для лепшага засваеньня гучаньне цяжкіх для мяне гукаў у тых ці іншых расейскіх словах.
Анья гаварыла па-расейску без акцэнту. Яна нарадзілася ў Расеі яшчэ ў вайну. Анс, маладзейшы за сястру гадоў на 16, таксама, як і ягоны бацька-нябожчык, быў карэнным талінцам. Калі ён адрэкамэндоўваўся незнаёмым людзям, то, у адрозьненьне ад Аньі і Эстэр, называў дзеля прыколу ня толькі імя, але і імя па бацьку – Анс Тынісавіч.
Родным горадам Эстэр быў Стакгольм, а роднай мовай – швэдзкая. Дзесьці раз на два ці на тры гады Эстэр езьдзіла ў Швэцыю, каб наведаць магілу бацькоў, а таксама сваіх шматлікіх сваякоў.
У канцы 1930-х юная Эстэр разам з бацькамі некалькі разоў бывала на адпачынку ў Эстоніі. Курорт Вызу набыў папулярнасьць у Паўночнай Эўропе яшчэ XIX стагодзьдзі. Адным летам у гэтым пасёлку і адбылося знаёмства Эстэр і студэнта-юрыста з тартускага ўнівэрсытэту Тыніса.
У 1970 – 1980-я ў савецкай інтэлігенцыі зьявілася мода на адпачынак у Прыбалтыцы. Вызу стаў улюбёным месцам савецкай багемы. Візытнай карткай пасёлку была дача вядомага эстонскага сьпевака Георга Отса. Сам пасёлак пачалі называць “эстонскім Кактэбелем”.
Вызу- Кясму
...Акрамя мяне, аўтобуса на Вызу чакае адна жанчына. Уявіць сабе такое 30 гадоў таму было б немагчыма. Потым да нас далучаецца трэці спадарожнік – мужчына ў інвалідным вазку. Згадала, што ён стаяў за мной у чарзе на талінскім аўтавакзале. Падумалася: як дзіўна, інвалід зьбіраецца ехаць адзін без усякіх суправаджэнцаў.
Калі аўтобус прыходзіць на стаянку, кіроўца разам зь нейкімі іншымі людзьмі здымае мужчыну з вазка (у мужчыны ампутаваны ногі) і адносіць у салён, вазок жа складае і кладзе ў багажнік. Усё робіцца абсалютна будзённа і спакойна.
Мы сядзім непадалёк адзін ад аднаго. Паміж мужчынам і жанчынай завязваецца размова. Зьвяртаюцца і да мяне. Па-эстонску. Аднак цяпер я шчыра прызнаюся: “I don’t understand”.
– Where are you from?
– Belarus.
– Так здалёк? – заўважае жанчына ўжо па-расейску. З гэтых краёў да нас ужо даўно не прыяжджаюць. На жаль.
– Ну, ня так ужо здалёк, – папраўляе яе мужчына.
Аказваецца, раней ён бываў у Беларусі ў сяброў. Кажа, што Менск прыгожы горад, які яму вельмі спадабаўся. Напэўна, моцна зьмяніўся? Бо там ён быў яшчэ да вайны. Аўганскай.
– А што ў Вызу – адпачыць? Надоўга?
– На дзень-на два. Такое кароткае настальгічнае падарожжа амаль праз 30 гадоў.
Раптам згадваю, што тады дамы праз тры ад нашага “капітанскага” жыла адна жанчына, якая здавала летам жыльлё курортнікам. У той год яна адмаўляла ў пакоях усім “vene” (расейцам). У Аўган забралі ці то яе сына, ці то пляменьніка. У сям’і доўгі час пра яго не было ніякіх зьвестак. Мне чамусьці было цяжка, сустракаючыся з той жанчынай, глядзець ёй у вочы. Як і сёньня гэтаму мужчыну ў аўтобусе.
Пытаюся, як лёгка ў Вызу знайсьці начлег, калі раптам затрымаюся.
Высьвятляецца, што цяпер ні ў Вызу, ні ў суседняй вёсцы Кясму, увогуле на паўвысьпе, няма праблемаў з начлегам. Шмат паўпустых і недарагіх гатэляў. Можна знайсьці двухмясцовы нумар са сьняданкам дзесьці за 45 эўра. Гасьцявыя дамы таньнейшыя. У гостэле можна спыніцца на ноч за 10 эўра. У кэмпінгу нават яшчэ таньней.
– Тут цяпер зусім ня так, як тады. Прыежджых няшмат. У асноўным талінцы, якія едуць на ўік-энд. Або фінскія пэнсіянэры ці рабочыя, для якіх адпачынак тут больш танны. Вядома, зусім ня тая багемная публіка, як у 1980-я – пісьменьнікі, мастакі, артысты ці савецкія vene juudid, – жанчына пачынае згадваць знаёмых савецкіх артыстаў, якіх сустракала на ўзьбярэжжы. Адзін зь іх граў у фільме “Место встречи изменить нельзя”. – Не Высоцкі, а гэты... Фокс.
А “аўганец” раіць мне зрабіць пешую вандроўку ў Кясму, што зусім побач з Вызу.
– Схадзіце і ў саму вёску Кясму, на мыс Кясму, у парк Лахемаа. Павандруйце – не пашкадуеце. Там цудоўныя сьцяжыны, каньёны, вадаспады. Раней з-за памежнай зоны вы не маглі пабачыць усяго гэтага, –працягвае мужчына. І дадае, што яшчэ прыгажэй бачыць гэта зь неба, калі лятаеш...
Ён спрабуе знайсьці расейскае слова нейкай лятальнай прыладзе. Разумею, гэта штосьці падобнае да дэльтапляна, але не зусім. Потым высьветлілася: параплян. Можа, “аўганец” лятаў? Ці лятае?
...З аўтобуса яму дапамагае выйсьці нейкі маладзейшы, але падобны да яго малады чалавек. Сын? Яны садзяцца ў машыну, прычым “аўганец” на месца кіроўцы...