Тэзісы Лукашэнкі і антытэзісы апанэнтаў

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка сёньня выступіў перад студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. Гэта сталася ягонай першай публічнай прамовай пасьля абвяшчэньня выбараў. Што казаў Лукашэнка, і як рэагавалі на яго тэзісы патэнцыйныя супернікі ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта?

Прамова Аляксандра Лукашэнкі мела загаловак «Дзяржаўная кадравая палітыка на сучасным этапе». На яе было запрошана каля 1200 чалавек.

Свой выступ Лукашэнка выкарыстаў для абгрунтаваньня так званай «беларускай мадэлі» дзяржаўнага кіраваньня, аформленай ім самім, і ў прыватнасьці, станоўча ацаніў цэнтралізацыю ўлады і стварэньне прэзыдэнцкай вэртыкалі:

«Для Беларусі не падыходзіць трактоўка ролі дзяржавы як начнога вартаўніка і пасіўнага назіральніка, які жыве толькі за кошт падаткаў. У нашай краіне зробленая стаўка на моцную дзяржаву, якая ўзяла на сябе адказнасьць за вельмі многія сфэры».

Віталь Рымашэўскі
Патэнцыйны канкурэнт Лукашэнкі на выбарах прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі эфэктыўнасьць беларускай мадэлі кіраваньня ацаніў наступным чынам:

«Гэта абсалютна неэфэктыўная аўтарытарная мадэль кіраваньня. Яна відавочна заводзіць у багну беларускую эканоміку, робіць карумпаванымі абсалютна ўсе сфэры жыцьця. Яна фактычна зьнішчае Беларусь. Гэтую мадэль можна назваць нейкай жахлівай пачварай, якая зьядае беларускі народ і зьнішчае Беларусь. Мінус 50 тысячаў кожны год — вось вынік працы гэтага монстра. Таму мы будзем змагацца ўсімі магчымымі сродкамі, каб дзяржава ў нас была не аўтарытарная, а дэмакратычная».


Гаворачы пра кадравую палітыку, Аляксандар Лукашэнка сёньня паставіў задачу «выкараненьня кумаўства і зямляцтва пры прызначэньні дзяржслужбоўцаў».

Лукашэнка прызнаўся, што сам сутыкаўся з гэтай праблемай на пачатку свайго прэзыдэнцтва. Ён распавёў, што некаторыя зь людзей, якія падтрымлівалі яго ў перадвыбарчую кампанію 1994 года, пасьля яго абраньня заявілі, што прэтэндуюць на пэўныя міністэрскія партфэлі, а на ягоную прапанову іншых адказных пасад адказалі пераходам у апазыцыю.

Рыгор Кастусёў
Прэтэндэнт на ўдзел у выбарах ад БНФ Рыгор Кастусёў параіў Аляксандру Лукашэнку ў барацьбе з кумаўством і зямляцтвам пачаць зь сябе:

«Падбор кадраў адбываўся і адбываецца, пачынаючы з 1994 году, толькі на аснове кумаўства, сватаўства, пэрсанальнага сяброўства, адданасьці кіраўніку. Лукашэнка сваім прыкладам, тым, што ён расставіў сваіх сыноў на такія высокія пасады, даў індульгенцыю ўсім астатнім чыноўнікам ніжэйшага рангу. Яны робяць такім жа чынам, бяруць зь яго прыклад».

Рыгор Кастусёў зазначае, што кадравая палітыка Аляксандра Лукашэнкі носіць таксама рэпрэсіўны характар у адносінах да апанэнтаў улады. Спадар Кастусёў згадвае, што да 2001 году ён кіраваў ЖКГ Шклоўскага раёну і быў звольнены паводле палітычных меркаваньняў. На месца Кастусёва паставілі прыхільніка Лукашэнкі, якога неўзабаве пасадзілі за злоўжываньні.


Аляксандар Лукашэнка сёньня таксама заявіў аб неабходнасьці мадэрнізацыі беларускай эканомікі:

«Трэба мадэрнізавацца, мяняць твар Беларусі. Але цяпер ужо мала проста мадэрнізацыі асобных прадпрыемстваў або галін. Беларусь мае патрэбу ў зьяўленьні новых галін эканомікі, заснаваных на ведах, інфармацыйных тэхналёгіях і на сваіх рэсурсах. Мы павінны перасягнуць нават эўрапейскія стандарты, а для гэтага патрэбныя спэцыялісты».

Яраслаў Раманчук
Удзельнік выбарчай кампаніі ад АГП эканаміст Яраслаў Раманчук шанцы каманднай беларускай эканомікі перасягнуць эўрапейскія стандарты лічыць мізэрнымі:

«Беларуская цэнтралізаваная эканоміка, беларускі сацыялізм — гэта поўная супярэчнасьць мадэрнізацыі. Таму Лукашэнка, па сутнасьці, і кажа, што 16 гадоў ён вёў краіну не туды, і сёньня трэба ісьці ўрэшце рэшт па эўрапейскім шляху, бо пэрспэктываў у таго, што ён пабудаваў, няма, і ён, па сутнасьці, заклікае разбурыць тую мадэль, якую ён сам пабудаваў».

Яраслаў Раманчук зазначыў, што ў Лукашэнкі было шмат часу на мадэрнізацыю эканомікі Беларусі, але ён выявіў няздольнасьць і сваю, і свайго ўраду, і ўсёй палітычнай сыстэмы да мадэрнізацыі.