Памёр былы віцэ-прэзыдэнт СССР

У Маскве на 74-ым годзе жыцьця памёр Генадзь Янаеў, былы віцэ-прэзыдэнт СССР і член ГКЧП.

Янаеў зрабіў кар’еру ў камсамоле, быў сакратаром ВЦСПС і народным дэпутатам ад прафсаюзаў, з ліпеня 1990 -- кандыдат у члены Палітбюро і сакратар ЦК КПСС.. У сьнежні 1990 на з’ездзе народных дэпутатаў СССР па прапанове прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова быў абраны віцэ-прэзыдэнтам СССР (міжрэгіянальная дэпутацкая група, у якую ад Беларусі ўваходзілі Васіль Быкаў, Аляксандар Дабравольскі, Станіслаў Шушкевіч) галасавала супраць гэтага прызначэньня.

19 жніўня Янаеў, нароўні з некаторымі іншымі кіраўнікамі КПСС, старшынём КДБ Кручковым, міністрам унутраных спраў Пуга, увайшоў у склад ГКЧП (у перакладзе з расейскай – дзяржаўны камітэт у справе надзвычайнага становішча), які абвясьціў недзеяздольным Міхаіла Гарбачова (Гарбачоў быў блякаваны ў крымскай рэзыдэнцыі ў Фаросе падразьдзяленьнямі КГБ). Галоўнай мэтай ГКПЧ, паводле яго ўдзельнікаў, было “спыніць распад СССР”. У Маскву былі ўведзеныя войскі; тры чалавекі загінулі пад коламі бронетраспартэраў.

Дэмакратычнымі сіламі ў рэспубліках СССР стварэньне ГКЧП было ацэненае як путч і антыканстытуцыйны пераварот. Прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын заявіў, што не прызнае КГЧП і заклікаў да супраціву. Тысячы жыхароў Масквы выйшлі да Белага дому, дзе тады месьціўся Вярхоўны Савет РСФСР. 21 жніўня путч праваліўся.

Спроба ўдзельнікаў ГКЧП рэанімаваць савецкую імпэрыю мела адвартоны эфэкт.

Ужо 19 жніўня дэпутаты Апазыцыі БНФ прыняла заяву, у якой асудзіла путчыстаў і запатрабавала ад старшыні ВС Дземянцея склікаць нечарговую сэсію ВС. 19, 20 і 21 жніўня БНФ праводзіў мітынгі на плошчы перад Домам ураду. Кіраўніцтва ЦК КПБ падтрымала ГКЧП. Як пазьней паведамляла газэта “Свабода”, у Менскае на станцыю Радыятарная былі падагнаныя восем адмысловых вагонаў для перавозкі арыштаваных.

Нечарговая сэсія ВС сабралася 24 жніўня, Мікалай Дземянцей быў адпраўлены ў адстаўку, была прыпыненая дзейнасьць КПБ-КПСС.

25 жніўня Вярхоўны Савет прагаласаваў за наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, і Беларусь стала незалежнай дзяржавай.