Прывіды Радзівілаў напужаныя непрадказальнасьцю рэстаўратараў замка

Замак Радзівілаў у Нясьвіжы працягвае спазнаваць пераменлівасьць настрою рэстаўратараў. Спачатку была зруйнаваная трохпавярховая галерэя, на месцы якой паўстаў муляж з сучасных матэрыялаў, а на замкавай вежы зьявілася «цыбуліна» зь месцам пад гадзіньнік. У працэсе перамоваў з крытыкамі такой дзейнасьці нібыта вырашана, што радыкальных разбурэньняў больш ня будзе, а недарэчны «элемэнт» зь вежы здымуць. Але ўсплыла іншая праблема: будаўнікі пачалі бурыць мост да галоўнага ўваходу, збудаваны ў 1915 годзе князем Альбрэхтам Радзівілам, бацькам Эльжбеты Радзівіл, якая апошнім часам нярэдка наведваецца ў родныя мясьціны.
Традыцыі і сучаснасьць: хто каго?

Трапіць на ўнутраную тэрыторыю замка можна толькі па драўляным насьціле, кінутым праз колішні абарончы роў. Побач — тое, што засталося ад стогадовага моста: адна ацалелая арка, будучыня якой пакуль што застаецца пад пытаньнем. Адміністрацыя музэю-запаведніку «Нясьвіж» у апошні момант пасьпела ўратаваць мост ад поўнага разбурэньня, і цяпер беларускі мэтад «рэканструкцыі» вывучаюць у штаб-кватэры ЮНЭСКА. Ад таго, якія будуць зробленыя высновы, залежыць у тым ліку і лёс усяго аб’екта ўсясьветнай гісторыка-культурнай спадчыны. Адмыслоўцы не выключаюць, што атрыманы Нясьвіскім замкам у 2005 годзе ахоўны статус ЮНЭСКА пасьля шматлікіх фактаў «рамонту» можа быць перагледжаны ў бок яго скасаваньня.

Будаўнікі выкапалі сапраўды «абарончы роў».
З трох арак моста ацалела адна.
Увесну мост быў яшчэ жывы.
Старая кладка апораў мосту. Да разбурэньня.

Спадарыня Ніна, мясцовая жыхарка, падчас вайны жыла ў адным з гаспадарчых будынкаў на тэрыторыі парку Радзівілаў, дасканала ведае ўсе куткі як самога замка, так і навакольля. Цяпер на месцы дамка невялікае азярцо, пасярэдзіне якога стаіць скульптура русалкі. Што да маштабнай рэканструкцыі і новых парадкаў на тэрыторыі замкавага комплексу, то асаблівага ўзрушэньня ад суразмоўніцы я не пачуў:

«Я туды не хаджу. Ведаеце, абсалютна ніякага інтарэсу, мне няма чаго там разглядаць. Нават звонку ён ужо зусім не такі; не было гэтай „цыбуліны“ зь месцам пад гадзіньнік, проста быў прыгожы дах. Штосьці ня тое тут робіцца. Я ж ведаю, бо вырасла пры бабулі ў тым доміку, жылі там зь цёткай. І сяброў першых там займела — зь іншых сем’яў, якія таксама там жылі, мы там ад раніцы да вечара бегалі. А цяпер не пабегаеш. Калі вось так пайсьці, уздоўж возера, то спакойна можна трапіць у парк. Гэта некалі. Але аднойчы іду ад касьцёлу, і мяне нейкая жанчына спыняе: маўляў, білецік купіце. Думаю, за што? Хто гэта ўвёў, што за ўваход у парк трэба набываць квіток? Гэта ж усе, хто тут жыве, пазбаўляюцца магчымасьці трапіць у парк!».

Спрэчная «цыбуліна» вежы.
Невялічкая «цыбуліна» памяняла ўспрыняцьце ўсяго замка.

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі мяркуе, што да радыкальных захадаў з боку ЮНЭСКА справа наўрад ці дойдзе — рэстаўратары таксама могуць пусьціць у ход свае аргумэнты. Пытаньне пра тое, на якую эпоху арыентавацца пры аднаўленьні Нясьвіскага замка — сапраўды ня самае простае:

«Верагоднасьць абмяркоўвалася, але ня думаю, што гэта здарыцца. „Чурбан“ з даху прыбяруць, штосьці вернуць назад. Тое, што ўжо нароблена, абгрунтуюць, нешта падмажуць… Справа ў тым, што палац аднаўляецца на яго лепшы час, на апошнія гады Рэчы Паспалітай. Замак моцна цярпеў у розныя эпохі. За ўдзел Радзівілаў у паўстаньні 1831 года ён быў разрабаваны дашчэнту і падпалены. Моцна пацярпеў ад напалеонаўскага нашэсьця, быў разрабаваны. Цярпеў і ў Першую Ўсясьветную вайну, і ў 1939 годзе, у Другую Ўсясьветную. Канечне, прыкладаліся намаганьні хоць неяк яму надаць колішнюю веліч, але 80% таго, што там ёсьць, гэта 1920-30-я гады: будынкі, дэкор. Вось гэта тонкасьць, якую мы ня ўлічваем. Ад ЮНЭСКА можна адмахнуцца, сказаць: ну, што вы, гэта ж ХХ стагодзьдзе! Зразумела, што на добры толк і гэта трэба было захаваць, як і рэшту ХІХ стагодзьдзя. Але іхняе абгрунтаваньне — маўляў, яны імкнуцца надаць замку выгляд канца ХVIII стагодзьдзя. А таму на гэтай падставе і мост „грохнулі“, бо гэта пачатак ХХ стагодзьдзя. Таму тут мараль, практыка ўласна рэстаўрацыі, мэтодыка, агульная культура тых, хто гэта робіць — такі букет, што адгаворацца».

Ці затрымаецца ў Нясьвіжы памятны знак ЮНЭСКА?

Тым часам экспэрты кажуць пра неапраўданую «мадэрнізацыю» палацавага комплексу. Асабліва дысануе на гэтым тле абарончая сьцяна з чырвонай цэглы, хоць раней яна складалася зь мяшанай муроўкі — бутавага каменю і цэглы. Гэта ж тычыцца і незразумелага прызначэньня вежы, якая «расьце» з абарончай сьцяны.

Абарончая сьцяна: да і пасьля рэстаўрацыі

Але навуковы кіраўнік праекту рэстаўрацыі Сяргей Друшчыц абараняе свой варыянт нясьвіскай фартыфікацыі:

«Тут я ня згодны. Гэта апраўдана ня толькі гістарычна. Справа ў тым, што нам удалося ў Кракаве знайсьці аўтэнтычныя чарцяжы XVIII стагодзьдзя. Гэта выключная зьява ў гісторыі нашай культуры, і гэта ўсё там зафіксавана. Больш за тое, ад гэтых муроў адыходзяць лёхі і выводзяць на дзядзінец. А што тычыцца так званай „кавалерыі“ — вежачкі, то яна была сапраўды, і інвэнтары нам падрабязна даюць зьвесткі. Вось гэта вынік нашай працы. Так што не турбуйцеся, гэта будзе для нашай Цэнтральнай Эўропы такі ўнікальны выпадак, калі мы можам паказаць фартыфікацыю менавіта ХVI стагодзьдзя. А аўтэнтычныя кавалкі, там дзе ёсьць магчымасьць мэтадамі кансэрвацыі захаваць гэтыя сьцены, яны ў нас застаюцца. Яны як бы „ўстаўленыя“ ў гэтыя сьцены».

Сьведкі расказваюць, што неяк пад сьценамі «асучасьненага» замка адбылася размова паміж княгіняй Эльжбетай, якая ў 1939-м у 18-гадовым узросьце была вымушаная зьехаць з замка, і спадаром Друшчыцам. 92-гадовая арыстакратка, пабачыўшы вынік дзейнасьці рэстаўратараў, не хавала раздражненьня. «Ідыёцкая форма!» — так яна ацаніла вежу, вылепленую ў форме праваслаўнай званіцы. Таксама не паверыла, што была неабходнасьць зносіць галерэю. І ўвогуле канстатавала, што духу былой і велічнай эпохі ў замку больш не засталося. А ў адказ пачула, што ўсё робіцца строга ў адпаведнасьці з навуковымі рэкамэндацыямі.

Your browser doesn’t support HTML5

Нясьвіскі замак, восень 2010



Нясьвіж
— адзін з найстарэйшых культурных асяродкаў Беларусі, цэнтрам княства стаў у ХІІІ стагодзьдзі. У XVI там разьмясьцілася рэзыдэнцыя магнатаў Радзівілаў. Будынкі ў стылі готыкі, рэнэсансу, барока і клясыцызму знаходзяцца пад аховай ЮНЭСКА і ёсьць бясцэнным унёскам у скарбонку ўсясьветнай культурнай спадчыны. Рэзыдэнцыя Радзівілаў — адзін з чатырох аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі, уключаных у Сьпіс ўсясьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Сярод іншых — Белавеская пушча, замак у Міры і беларускі ўчастак геадэзічнай Дугі Струвэ. Але ці застанецца Нясьвіскі замак у Сьпісе пасьля рэстаўрацыі па-беларуску?