Франка Вячорку аднаўляюць на вучобе

Франак Вячорка

Франак Вячорка атрымаў ліст ад прарэктара Белдзяржунівэрсытэта па навучальнай працы аб тым, што ён можа аднавіцца на вучобе, але не журфаку, а на філялягічным факультэце завочнага платнага аддзяленьня па спэцыяльнасьці беларуская філялёгія. Франку прапануюць на выбар спэцыялізацыю па кампутарным забесьпячэньні альбо беларуская і руская літаратура.

Два тыдні таму Франку Вячорку адмовілі ў аднаўленьні на вучобе.

У 2008 годзе Франка адлічылі з 3 курсу журфаку БДУ, дзе ён пасьпяхова вучыўся на бюджэтнай аснове на дзённым аддзяленьні, пасьля таго як хлопец адседзеў 15 сутак у турме на вуліцы Акрэсьціна падчас зімовай сэсіі. Франка затрымалі ў будынку Цэнтральнага суду, дзе судзілі ягоных паплечнікаў з моладзі БНФ за ўдзел у акцыі салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі.

Ён вымушаны быў здаваць экзамэны камісіі і атрымаў нездавальняючыя адзнакі.

Адразу пасьля гэтага Франка гвалтам забралі ў войска.

Пасьля таго, як Франка камісавалі з войска, ён падаваў дакумэнты ва ўсе ВНУ Менску і атрымаў адмову. Гэта пры тым, што паводле заканадаўства дэмабілізаваных павінны аднаўляць на вучобе ў любы час году.

Франак Вячорка зьвязвае цяперашнюю прапанову адміністрацыі БДУ з прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй:

«Я гэта зьвязваю з тым шумам, які падняўся ў прэсе, а таксама з прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй. Улады вырашылі перастрахавацца, тым больш, што прапануюць аднавіцца з наступнага году ад лютага месяца.
Улады вырашылі перастрахавацца, тым больш, што прапануюць аднавіцца з наступнага году ад лютага месяца.
Перастрахаваліся, маўляў раптам зьменіцца ўлада, каб іх потым ніхто не дакараў, што яны абмяжоўвалі мае правы.

Калі ж улада ня зьменіцца, то яны могуць мяне яшчэ спакойна «заваліць», ці не прыняць і адкруціць усё назад.

Тым больш, што яны пішуць: «паведамляем вам, што ў выпадку няздачы акадэмічнай розьніцы вы будзеце адлічаныя».