У "Доме літаратара" Ірына Дубянецкая і Анатоль Івашчанка

КНІГА-ПАДЗЕЯ


ІРЫНА ДУБЯНЕЦКАЯ: “АЙЦЕЦ НАДСАН – УНІКАЛЬНАЯ ПОСТАЦЬ У БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРНАЙ ПРАСТОРЫ”

“Сонца тваё не закоціцца і месяц твой не схаваецца” – так называецца кніга, якая выйшла ў выдавецтве “Тэхналёгія”. Яна прысьвечана апостальскаму візытатару для беларусаў-каталікоў у замежжы, дырэктару Бібліятэкі-музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане, знанаму навуковаму, рэлігійнаму і грамадзкаму дзеячу, грэка-каталіцкаму сьвятару Аляксандру Надсану. На больш як шасьцістах старонках надрукаваныя артыкулы 100 аўтараў з чатырнаццаці краінаў сьвету. Валянціна Аксак сустрэлася са складальніцай унікальнага выданьня доктаркай тэалёгіі Ірынай Дубянецкай.

Валянціна Аксак: “Спадарыня Ірына, як нарадзілася ідэя гэтай кніжкі, і што яна ў сябе ўбірае?”

Ірына Дубянецкая: “Ідэя гэтай кніжкі нарадзілася ў 2006-м годзе, напярэдадні 80-годзьдзя айца Аляксандра Надсана. Айцец Аляксандр – гэта абсалютна ўнікальная постаць у беларускай культурнай і навуковай прасторы, ён адзін зрабіў столькі, колькі звычайна робяць цэлыя пакаленьні навукоўцаў і культурных дзеячаў, і вельмі хацелася неяк гэта ўшанаваць. Таму я падумала, што трэба зрабіць некалькі рэчаў, якія годныя гэтага чалавека. Узьнікла трайная ідэя: зрабіць яму ў падарунак напрастольнае Эвангельле ў прыгожай вокладцы і з добрымі беларускімі перакладамі, ганаровы дактарант у добрым унівэрсытэце і тое, што на Захадзе называецца фэстшрыфт. Фэстшрыфты звычайна робяцца выбітнаму навукоўцу ў нейкай галіне, і гэты такі зборнік не прысьвячаецца яму, ён не пра яго, але ён яму ахвяруецца. Гэта значыць, навукоўцы ў гэтай галіне пішуць артыкулы, якія б яны звычайна пісалі, але гэтыя артыкулы складаюцца як шанаваньне гэтаму чалавеку. Але вось вызначыць, якая навуковая галіна айца Аляксандра Надсана, было вельмі цяжка, таму што ён прыклаўся да шмат якіх дысцыплінаў. У выніку нашых роздумаў ідэя ўклалася так, што ў зборніку павінна быць прадстаўлена як мага шырэй беларусістыка, а таксама багаслоўе. І трэцяя частка – абавязкова паэзія. Кніга на дзьвюх мовах – ангельскай і беларускай. Калі артыкулы пісаліся на якой-небудзь іншай мове, напрыклад, па-нямецку, яны перакладаліся на ангельскую, калі па-польску ці па-украінску, яны перакладаліся на беларускую”.

Аксак: “Які быў прынцып адбору гэтых артыкулаў?”

Ірына Дубянецкая
Дубянецкая:
“У кнізе сто аўтараў, але гэта разам і навукоўцы, і паэты. Яны разьдзеленыя на тры часткі. У беларусістычнай частцы прадстаўлена чатырнаццаць гуманітарных дысцыплін, у багаслоўскай частцы дзевяць багаслоўскіх дысцыплін. Першая ідэя была – прадставіць як мага шырэй зрэз сучаснай беларускай культурнай, навуковай і гуманітарнай думкі, але так, каб усё было зьвязана з айцом Аляксандрам, зь яго ўнёскамі ў гэтай сфэры. А гэта значыць, што павінны быць такія разьдзелы як скарыназнаўства, кітабістыка, кнігазнаўства – такія дысцыпліны, якія рэдка прадстаўляюцца на шырокім гуманітарным полі. Звычайныя дысцыпліны кшталту лінгвістыкі, гісторыі, архэалёгіі, літаратуразнаўства, музыказнаўства, этнаграфіі і фальклёру, культуразнаўства, сацыяльных штудый дапаўняюцца такой спэцыфічнай тэмай як Чарнобыль. Яна ніколі не фігуруе як гуманітарная дысцыпліна, але таму што айцец Аляксандр быў першым чалавекам з заходняга сьвету, хто прыцягнуў увагу да чарнобыльскай трагедыі менавіта для Беларусі, і той, хто першым прыехаў з гуманітарным грузам у 1990-м годзе, для яго гэтая тэма вельмі і вельмі важная. Там толькі адзін артыкул Сяргея Дубаўца, і, тым ня менш, гэты разьдзел ёсьць. Ну і яшчэ такі разьдзел, як беларуская дыяспара. Так як айцец Аляксандр жыве ў Ангельшчыне і зьвязаны вельмі моцна зь беларускай дыяспарай, то гэтая дысцыпліна важная. А ў багаслоўскім разьдзеле прадстаўленыя біблейскія штудыі, сыстэматычнае багаслоўе, маральнае багаслоўе, душпастырскае багаслоўе, патралёгія, старажытны Блізкі Ўсход, рэлігіязнаўства і іншыя”.

Аксак: “З гэтай кнігай можна многа разоў спалучаць слова “першая” – першае падобнае выданьне, першая ў Беларусі вялікая калекцыя артыкулаў па сучаснай тэалёгіі і, як мне падалося, у многіх артыкулах кнігі ўпершыню надрукаваныя нейкія зьвесткі ці факты. Ці можам мы гаварыць, што выданьне зьмяшчае шэраг навуковых адкрыцьцяў?”

Дубянецкая:
“Так, напрыклад, у артыкуле Ганны Запартыкі пра невядомыя дагэтуль сшыткі Зьмітрака Бядулі. Ёсьць таксама ў кнігазнаўчым артыкуле Міколы Нікалаева з Санкт-Пецярбургу ўдакладненьне датаў дзьвюх кніжак Аляксандра Палубінскага. І яшчэ тое, чаго мы абсалютна не чакалі. Калі мы прасілі гісторыкаў напісаць для кнігі, то многія напісалі ў галіне гісторыі царквы. Гэта вельмі нераспрацаваная тэма ў Беларусі, і ў кнізе атрымалася сапраўды першая добрая калекцыя артыкулаў па гісторыі царквы ў Беларусі. Гэткім чынам выявілася, што тэмай гісторыі царквы ў Беларусі могуць займацца многія”.

Аксак: “Выглядае, што гэты больш як шасьцісотстаронкавы фаліянт вялікага фармату і ўнікальнага зьместу будзе, аднак, недаступным шырокаму колу чытачоў. Я маю на ўвазе наклад выданьня – усяго 250 асобнікаў. Як і каму гэтая кніжка будзе прызначацца?”

Дубянецкая: “Наклад выданьня – мой вялікі боль. Хацелася б, каб кніжка была больш даступная. Яна найперш пойдзе ў бібліятэкі, унівэрсытэты. У Беларусі гэта будзе залежыць ад замоваў, а замежныя ўнівэрсытэты ўжо ў кантакце з намі, яны ведаюць пра выданьне. Кніга пойдзе ў буйнейшыя сусьветныя бібліятэкі, у буйнейшыя сусьветныя ўнівэрсытэты. У Беларусі мы настойваем, каб яна хоць крыху патрапіла ў продаж праз кнігарні. Ну і на прэзэнтацыях, якія, дарэчы, будуць у трох краінах, яе таксама можна будзе набыць”.

Аксак: “Як успрыняў падобны падарунак адрасат гэтага выданьня?”

Дубянецкая: “Праспэкт гэтай кнігі мы яму падаравалі на 80-годзьдзе, але сама кніга пераўзышла ўсе ягоныя чаканьні, бо яна – ня толькі набор артыкулаў, гэта яшчэ мастацкая зьява, кнігавыдавецкая зьява і кнігазнаўчая зьява. Тры часткі, многа разьдзелаў і ўсе яны названыя словамі прарока Ісаі. І яны вельмі цікава падабраныя, так што чытач можа паглядзець, што прарок Ісая гаворыць пра беларусістыку, скарыназнаўства, архэалёгію беларускую… Гэта вельмі цікавая рэч сама па сабе. Ён быў вельмі ўражаны, калі пабачыў форзацы гэтай кнігі, бо толькі на форзацах прадстаўлены тэксты самога айца Аляксандра”.

Аксак: “Закончыць нашу гаворку я хачу словамі, якія вынесены ў якасьці эпіграфа да гэтай кнігі, словамі айца Аляксандра Надсана: “Разуменьне свабоды прыходзіць у пары з духоўным разьняволеньнем”.


АЎТАР І ТВОР


АНАТОЛЬ ІВАШЧАНКА: "У ПАЛАНЗЕ МЯНЕ НАТХНЯЎ МАЛЮНАК ПРЫБОЮ"

У першы тыдзень верасьня ў курортным літоўскім гарадку Паланга праходзіў традыцыйны міжнародны паэтычна-мастацкі пленэр, які штогод ладзіцца Саюзам пісьменьнікаў Літвы. Пятнаццаць паэтаў з трох краінаў – Літвы, Беларусі і Грузіі – перакладалі адзін аднаго, рыхтуючы да друку паэтычны трохмоўны альманах. З беларускага боку ў пленэры браў удзел Анатоль Івашчанка.

Міхась Скобла: "Анатоль, трэба аддаць належнае Саюзу пісьменьннікаў Літвы, які пэрыядычна на розныя ладжаныя ім літаратурныя фэстывалі запрашае беларускіх творцаў. У якім фармаце адбывалася нядаўняя сустрэча ў Паланзе?"

Анатоль Івашчанка
Анатоль Івашчанка:
"Гэта быў вельмі нязмушаны фармат. Наколькі я ведаю, прынцып такіх перакладніцкіх пленэраў, якія традыцыйна ладзіць Саюз літоўскіх пісьменьнікаў, – каб не паўтараліся ўдзельнікі ні з якога боку. У гэтым годзе ў пленэры бралі ўдзел паэты Літвы, Грузіі і Беларусі. У мінулым годзе колькасьць краінаў была большая, там былі яшчэ палякі і ўкраінцы. Але грузіны, вельмі цікавыя аўтары з Грузіі, прысутнічалі на гэтым пленэры ўпершыню. Я асабіста ўпершыню так блізка дакрануўся да сучаснай грузінскай паэзіі, гэта было вельмі цікава і незабывальна".

Скобла: "Якая галоўная мэта гэтых пленэраў?"

Івашчанка: "Найпершай мэтай ёсьць якасныя пераклады. Паэты-перакладчыкі на пленэры маюць пад рукой жывога аўтара, часам, нават клясыка (у сёлетняй сустрэчы ўдзельнічаў старшыня Саюзу літоўскіх пісьменьнікаў Ёнас Ліняўскас). Сярод грузінаў таксама былі вядомыя паэты, якіх наша беларуская каманда з задавальненьнем і з прыемнасьцю пераклала. Прынцып працы звычайны: спачатку перакладчыкам дасылаюцца падрадкоўнікі тэкстаў, а потым пераклады ўдакладняюцца, паэты кансультуюцца. Магу сказаць, што пляную ў самы бліжэйшы час зрабіць падборку гэтых перакладаў для часопіса "Дзеяслоў".

Скобла: "Анатоль, у свой час знаны расейскі паэт і перакладчык Мікалай Забалоцкі пісаў, што паэтычны падрадкоўнік падобны да руінаў Калізэю, і аднавіць яго можа толькі той, хто добра ведае гісторыю і архітэктуру старажытнага Рыму. Выпадковы глядач ці турыст на гэта няздольны. А ці не адчувалі вы сябе “выпадковым гледачом”, перакладаючы па падрадкоўніках тых жа грузінаў?"

Івашчанка: "Натуральна, калі б у маім распараджэньні былі толькі падрадкоўнікі, то гэта была б непасільная задача – перакласьці тэкст з такой экзатычнай для мяне і для большасьці беларускіх аўтараў мовы, як грузінская. Але нам пашэнціла, і, паўтаруся, менавіта ўдзел у гэтай працы саміх аўтараў зрабіў яе вельмі цікавай, незабывальнай. Яны, вядома ж, дапамагалі, і ледзь ня кожнае слова даводзілася ўдакладняць, узгадняць, бо некаторыя словы былі проста незразумелыя. Даводзілася не перакладаць даслоўна, а літаральна перадаваць, як яны гучаць па-грузінску, і даваць зноску. Вядома ж, у перакладзе нельга злоўжываць падобнымі рэчамі. Я не прафэсіянал у гэтым жанры, але такая праца была для мяне вельмі цікавай – менавіта жывы кантакт з аўтарам падчас перакладу. Мне вельмі пашэнціла пазнаёміцца з цудоўным маладым грузінскім аўтарам Іракліем Какабадзэ. І тут згадваецца адзін выпадак. У мяне была з сабою кніга Барыса Акуніна – добрая чытанка ў вольны час. І я неасьцярожна выказаўся ў размове з Іракліем, што, магчыма, самы вядомы грузінскі аўтар – гэта Акунін (ён жа Георгі Чхарцішвілі). На што атрымаў далікатны, але цьвёрды адказ, што Акунін – не грузінскі, а расейскі пісьменьнік. І я зразумеў, што гэта сапраўды так, бо Акунін ніводнага твору не прысьвяціў Грузіі. Ня тое, каб грузіны лічылі яго здраднікам, проста яны вельмі мала чытаюць расейскамоўнай літаратуры, найперш прыярытэт цалкам аддаецца грузінскамоўнай ці нейкім перакладам. Вось гэта для мяне было таксама цікавым адкрыцьцём".

Скобла: "Літоўскую літаратуру мы ведаем непараўнана лепш за грузінскую – тут спрыяе дабразычлівае суседзтва. І ўсё ж мой адзін знаёмы літаратар неяк пажартаваў, што з усяго літоўскага ён любіць найбольш чытаць гэкзамэтры мора. А вы ці пасьпелі паабдымацца з марскімі хвалямі, усё ж былі першыя дні восені?"

Івашчанка: "Гэта былі сапраўды казачныя дні. Я быў у Паланзе ўпершыню, хаця Балтыку вельмі люблю. Мора – гэта тое, на што можна глядзець бясконца, як на агонь, на ваду, на сьнегапад, на дзіцёнка. Як зьмяняецца малюнак прыбою… Гэта вельмі натхняла падчас перакладаў і падчас нейкіх сваіх думак. І як сказаў адзін з удзельнікаў пленэру з нашага боку – Алесь Камоцкі – гэта быў самы спакойны тыдзень за год. Хочацца, вядома ж, падзякаваць літоўскаму боку, Саюзу літоўскіх пісьменьнікаў, якія не забываюцца на сваіх сяброў з Беларусі. Найперш падзякаваць Бірутэ Янушкайтэ, якая ўсё цудоўна арганізавала, якая апекавалася і хвалявалася за кожнага ўдзельніка – гэта сапраўды збліжае і народы, і літаратуру лепш, чым сустрэчы міністраў, палітыкаў і чыноўнікаў".

Скобла: "Палётам пчалы" назваў Алесь Разанаў свае замежныя вандроўкі. А што дае ўдзел у гэткіх міжнародных фэстывалях вам? Ці назапашваецца ў вас паэтычны нэктар, ці ідзе тое апыленьне, якое неабходнае для зьяўленьня ўласнага твору?"

Івашчанка: "Гэта сапраўды цудоўная мэтафара. Паэт, як пчала, лётае з кветкі на кветку і нешта на лапках да сябе пераносіць. Калі яно дасьць парасткі – невядома. Праявіцца нейкім чынам чалавек можа толькі трапіўшы ў новае асяродзьдзе, бо калі ён жыве ўвесь час на адным месцы, не вандруючы, усё становіцца даволі будзённым і банальным, і на нейкія ўчынкі чалавек становіцца няздольным. Ты проста ведаеш, што ад каго чакаць. Я спадзяюся, што і свой пылок камусьці перадаў".

АНАТОЛЬ ІВАШЧАНКА. З НОВЫХ ВЕРШАЎ І ПЕРАКЛАДАЎ

* * *

я не паэта
о крый мяне... матам
паэзія гэта спорт
паэзія гэта эстрада
паэзія гэта пот
і нясьвежыя швэдры
ня ведаю як каму
а мне тут бракуе паветра
скокі й пырсканьне сьлінай
пад чэргі забойных тырадаў
яна ўсё болей нагадвае
танную клёўнаду
паэзія гэта понт
публіка ставіць балы
перамагае мацнейшы
з трэскам парваўшы залю
традыцыю годна прадоўжыць
новае пакаленьне
хай пераможа ўжо ж
той у каго даўжэйшы...

паэзія шоў і сьвята
скокі ды клёўнада
даруйце я не паэта
з такімі раскладамі...

лаўцы аблокаў

(верш з шуфляды)


адпрасаваныя сьцягі
чакаюць Сьвята
у шуфлядах
сыходзяць чэзлыя сьнягі
бязьмежным вадаспадам

на Панікоўку крумкачы
з Кальварыі
на кліч шалёны
зьляцеліся сярод начы
ня сьпіцца Завулону

над Пляцам заўтра “рыбакі”
закінуць у аблокі вуды
адпрасаваныя сьцягі
прадвесьце цуду

восем месяцаў

восем месяцаў чаканьня
напаўшэптавых прамоў
вось яно – наканаваньне
вось яно – выпрабаваньне
трэці раз
усё наноў

ўсё наноў: трызьненьні сьненьні
падсьвядомых прымхаў спам
вечаровыя маленьні
й рытуальныя паленьні
ў фортку
зь ветрам напалам

восем месяцаў маўчаньня
(восем вершаў за ўвесь час)
хваляваньні ад растаньняў
я з табой маё каханьне
покуль не пачаўся джаз

Эрыка Друньгітэ (Літва)

бацьку

ня моў, ня моў са мною
мовай сноў
не абвяшчай
што ненатолены і сьнегу
на крылцах жоўценькіх сініцаў
не прынось
пасьля таго як падсілкуюся ад сну
пад месяцовымі маімі валасамі
ты сполах не ўключай
што здольны ў цемры бачыць
пакуль напаліцца быцьцё
у стужцы перарывістай дзяцінства
ты толькі падкладзі мне пад павекі
адзіную багіню – маю мову
і пагайдай мяне
пакуль яшчэ я веру
на дзевяцёх галінах
і на сонечнай крывой

і тое месяцовае валосьсе
сумуе па табе
і па айчыне
мяне адну у ёй пакінуў
каб мела
цьвік я у душы

Эла Гачыяшвілі (Грузія)

Дай мне сказаць, ма!

грузінскім паэтам


Ты радзіма! – на гэта мы асуджаныя,
але калі ты нас доўга ня ўспомніш,
мне загадзя шкада цябе для таго дня,
калі ты спахопісься.
Я паэт, і нават твой кволы ветрык
адужае мяне,
і раніць мяне твой касы пагляд.
Схаваю вершы на дне шуфляды,
бо не жадаю таіцца пад псэўданімам.
І пакуль ты майго каханьня баісься,
стаіць «мудрэц» і парадам кіруе,
пакуль, Грузія, сама ня сьцяміш,
каго ты павінна песьціць.
Навошта тваім дзецям таіцца пад псэўданімамі?
Закрываю сшыткі вершаў і кладу ў скрыню;
мой страх – твой велізарны сорам,
дай, ма, мне сказаць.
Ты радзіма! – на гэта мы асуджаныя,
але калі ты доўга нас ня ўспомніш,
мне загадзя шкада цябе для таго дня,
калі ты спахопісься.