За адмову ад разьмеркаваньня выплацілі ня больш за 40% сродкаў

Выпускнікі ВНУ, якія не зьявіліся на працу па разьмеркаваньні ці не адпрацавалі неабходны тэрмін, выплацілі ня больш за 40% сродкаў за навучаньне.
Пра гэта на калегіі Міністэрства адукацыі ў Менску паведаміў намесьнік міністра Барыс Іваноў.

Па яго словах, у цэлым сума выплат, зробленых такімі выпускнікамі, зь 2006 году склала 4,3 мільярда рублёў, у тым ліку больш за 540 мільёнаў рублёў за першае паўгодзьдзе гэтага года.

"Ёсьць пэўны парадак пакрыцьця, аднак неабходныя дадатковыя намаганьні, у тым ліку з боку ВНУ", — адзначыў Іваноў, перадае БелаПАН.

Паводле беларускага заканадаўства, выпускнік ВНУ, які атрымаў адукацыю за кошт бюджэту, павінен адпрацаваць па разьмеркаваньні два гады, а пасьля сярэдняй спэцыяльнай навучальнай установы — год. У выпадку няяўкі маладога спэцыяліста на працу, ВНУ мае права спагнаць зь яго сродкі, затрачаныя на навучаньне, праз суд.