Іван Крук: “Хачу праверыць, як ставяцца да Лукашэнкі”

B

Актывіст АГП Іван Крук з Астраўца папрасіў уключыць яго ў склад ініцыятыўнай групы, якая будзе зьбіраць подпісы за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты.

Крук: “Гэта крык маёй душы. На папярэдніх выбарах, у 2006 годзе, я зьбіраў подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. І супраць мяне было сфабрыкавана крымінальная справа, я быў шэсьць месяцаў пад арыштам. Цяпер я займаюся палітычнай дзейнасьцю на Астравеччыне. 20 верасьня я напісаў заяву ў адміністрацыю прэзыдэнта і ў СМІ, дзе адзначыў, што па маіх зьвестках, у бліжэйшы час Лукашэнка абвесьціць пра сваё жаданьне балятавацца на чарговы тэрмін. Я маю вышэйшую юрыдычную адукацыю, пэнсіянэр МУС, і даю сваю згоду на ўдзел ў ініцыятыўнай групе па збору подпісаў па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. Беручы ўдзел у зборы подпісаў, я хачу даведацца, як жыхары Астравецкага раёну, вобласьці і рэспублікі, успрымаюць жаданьне Лукашэнкі ў чарговы раз балятавацца на вышэйшую пасаду. Значная частка краіны ўспрымае гэта жаданьне неадназначна. А чаму? Таму што я ведаю, што ініцыятыўныя групы будуць ад улады. Ніхто іх не правярае. А вось нашы заўсёды правяраюць. Калі мы зьбіралі за Мілінкевіча, нас правяралі. Я хацеў бы даведацца рэальны стан рэчаў -- ці згодныя людзі ставіць подпісы, альбо не?

Карэспандэнт:
Ці маеце Вы адказ з адміністрацыі?

Крук: Пакуль нічога не маю.

Карэспандэнт: Калі Вас уключаць у ініцыятыўную групу –будзеце зьбіраць подпісы за Лукашэнку?

Крук:
Буду рэальна зьбіраць. Я ведаю, што большасьць людзей адмоўна ставіцца да ягонага чацьвёртага тэрміну. Эканамічная сытуацыя пагаршаецца з кожным днём.

Карэспандэнт:
А калі Вам адмовяць?

Крук: Высновы будуць тыя, што ўлада баіцца мець не свайго чалавека ў ініцыятыўнай групе”.

Днямі ў Астраўцы пачаўся паўторны разгляд справы намесьніка старшыні райвыканкаму Міхаіла Зімніцкага і актывіста АГП Івана Крука. Пасьля першага разгляду было вынесена рашэньне пакараць Івана Крука штрафам у 1 млн. 50 тысяч рублёў за нібыта паклёп на Зімніцкага. Але абласны суд адмяніў гэтае рашэньне і паслаў справу на перагляд да іншага судзьдзі.

Падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы Іван Крук напісаў у пракуратуру і абласную выбарчую камісію скаргі, у якіх сьведчыў, што намесьнік старшыні райвыканкаму Зімніцкі, які быў намесьнікам старшыні раённай выбарчай камісіі, сфабрыкаваў падпісныя лісты, каб не рэгістраваць Крука кандыдатам у дэпутаты. Зімніцкі палічыў гэта паклёпам і падаў у суд.