Бузэк: Дэмакратыя – ня п'еса для дыктатара

Ежы Бузэк

Кіраўнік Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк лічыць, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 19 сьнежня 2010 году стануць "вырашальнай" падзеяй, якая "вызначыць будучы кірунак адносінаў Эўразьвязу зь Беларусьсю".

У заяве, зробленай сёньня ў Стразбуры, Бузэк прывітаў факт, што Беларусь запрасіла на выбары назіральнікаў з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ. Ён адначасова нагадаў, што рэкамэндацыі гэтага Бюро павінны быць выкананыя безь ніякіх адхіленьняў, каб выбары лічыліся сумленнымі і дэмакратычнымі.

"Беларускім уладам трэба забясьпечыць роўныя правілы гульні для ўсіх кандыдатаў. Гэта датычыць захадаў адносна ўмоваў рэгістрацыі кандыдатаў, прадстаўніцтва апазыцыі ў выбарчых камісіях усіх узроўняў, сумленнасьці датэрміновага галасаваньня і празрыстасьці падліку галасоў," — заявіў Бузэк.

Кіраўнік Эўрапарлямэнту выказаў заклапочанасьць станам свабоды прэсы ў Беларусі і заклікаў улады забясьпечыць усім кандыдатам роўны доступ да ўсіх СМІ ў краіне ды спыніць запалохваньне і перасьлед незалежных журналістаў.

"На жаль, апошнія выбары ў Беларусі мала чым адрозьніваліся ад насьмешкі з дэмакратыі. Дэмакратычныя працэсы не адбываюцца ў такі спосаб: дэмакратыя — гэта не пастаноўка п’есы, у якой дыктатар і акторы дзейнічаюць паводле сцэнару," — заявіў Бузэк.

"Я заахвочваю дэмакратычныя сілы краіны аб’яднаць свае намаганьні, каб стварыць магчымасьць сапраўднага выбару беларускім выбарцам," — дадаў кіраўнік Эўрапарлямэнту.