Абаронцы касьцёла будуць скардзіцца ў пракуратуру

Чарговая акцыя па абароне менскага касьцёла сьвятога Язэпа пачалася з затрыманьняў арганізатараў — Паўла Севярынца, Віталя Рымашэўскага і Кастуся Шыталя. Шараговыя актывісты усё ж правялі акцыю і заявілі пра шэраг ініцыятываў.

А 18:50 на падыходзе да касьцёлу, за які змагаюцца грамадзкія актывісты і вернікі, міліцыянты ў цывільным затрымалі сузаснавальніка Партыі БХД Паўла Севярынца, патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага і Кастуся Шыталя. Актывістаў БХД сілай зацягнулі ў міліцэйскія аўтамабілі і вывезьлі з плошчы Свабоды.

«Віталю руку круцілі, ледзь не зламалі. Вазілі нас недзе кілямэтры два па розных месцах, а потым вось толькі што высадзілі на вуліцы Багдановіча», — паведаміў пасьля восьмай вечара карэспандэнту «Свабоды» Павал Севярынец.

Пазьней стала вядома, што яшчэ да сёмай вечара насупроць гатэля «Эўропа» амапаўцы затрымалі моладзевага актывіста Франка Вячорку. «Паўтатары гадзіны мяне трымалі ў мікрааўтобусе каля будынку кансэрваторыі, карыстацца мабільнікам забаранялі», — апавёў «Свабодзе» Франак Вячорка.

Таксама былі затрыманыя актывісты Мікалай Дземідзенка, Уладзімер Яроменак і Зьміцер Касьпяровіч.

Сёньня ля касьцёлу сьвятога Язэпа мусіў адбыцца роварны прабег, а таксама актывісты зьбіраліся агучыць шэраг важных заяваў. Ад велаімпрэзы давялося адмовіцца, бо міліцыянты не дапусьцілі на плошчу актывістаў на роварах.

15-гадовы Вітаўт Сіўчык: «Роварны прабег — гэта ж бяскрыўдная справа. Але з-за таго, што ён у абарону сьвятыні, дык улады ня хочуць і яго дазваляць».

Хоць і ў скарочаным фармаце, але акцыю па абароне касьцёлу ўсё ж удалося правесьці. У ёй узялі ўдзел каля 10 актывістаў. Абаронцы касьцёлу памаліліся за яго вяртаньне, прасьпявалі гімн «Магутны божа» і зачыталі шэраг заяваў.

Актывісты вырашылі зьвярнуцца ў пракуратуру па абарону ад людзей ў цывільным, якія не называюцца, ня маюць формы, але перашкаджаюць праводзіць мерапрыемствы і робяць свавольныя затрыманьні.

Жанчына: «Зараз міліцыянты мусяць насіць такія бэджыкі з прозьвішчамі. Чаму сюды прыходзяць ў цывільным, бяз бэджыкаў, і робяць што заўгода?»

Ва ўсім сьвеце затрымліваць маюць права толькі паліцыянты у форме, а ў нас гэта нейкая банда дзейнічае.
Маладая жанчына: «Мы будзем пісаць ў пракуратуру. Ва ўсім сьвеце затрымліваць маюць права толькі паліцыянты у форме, а ў нас гэта нейкая банда дзейнічае. Гэта бандыцкая дзяржава атрымліваецца».

На плошчы Свабоды побач з касьцёлам сьвятога Язэпа, дзе зараз знаходзіцца частка нацыянальнага архіву, будуецца дзіцячая філярмонія. Яе будынак паўторыць праект будынку грэка-каталіцкай царквы, у часы Расейскай імпэрыі аддадзенай праваслаўным вернікам, а потым пры бальшавіках увогуле зруйнаванай.

«Мы за тое, каб гэты храм таксама вярнулі хрысьціянам, а яны паміж сабой разьбяруцца», — агучыла ініцыятыву Ірына Губская.

Актывісты таксама запрасілі на будучыя акцыі кандыдатаў у прэзыдэнты, каб тыя азнаёмілі прысутных з сваімі выбарчымі праграмамі.

22 верасьня, паводле аб’явы, на пляцоўцы каля касьцёлу мае адбыцца бардаўскі канцэрт. Пачатак акцыі зноў а 19-й гадзіне.

Your browser doesn’t support HTML5

Шостая акцыя ля касьцёлу сьвятога Язэпа



Ад 16 верасьня штодня каля менскага касьцёлу сьвятога Язэпа праходзяць акцыі за вяртаньне гэтай сьвятыні вернікам і ўратаваньне кляштара бэрнардынцаў. Улады плянуюць перабудаваць кляштар пад гатэль і забаўляльныя установы, а касьцёл не зьбіраюцца вяртаць вернікам, матывуючы гэта недахопам памяшканьняў пад архівы.

Затрымліваюць Віталя Рымашэўскага

Затрыманьне Паўла Севярынца


Сёньня ганак касьцёлу быў заняты аўтамабілем.
Нягледзячы на затрыманьні, акцыя адбылася.