Ці могуць Расея і Эўропа дамовіцца дзеля вырашэньня беларускага пытаньня?

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы Павал Коваль заявіў пра кансэнсус заходнеэўрапейскіх палітыкаў адносна таго, што выбары ў Беларусі павінен выйграць палітык, які будзе называцца дэмакратычным, але адначасна прарасейскім. Наколькі адпавядаюць рэальнасьці такія высновы? У чым супадаюць і не супадаюць мэты Масквы і Брусэлю на беларускім пытаньні? Ці могуць Расея і Эўропа дамовіцца дзеля вырашэньня беларускага пытаньня?
Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і экспэрт Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смалінскі з Варшавы.

Андрэй Фёдараў
Войцех Бародзіч-Смалінскі
Валер Карбалевіч

Ці магчыма супрацоўніцтва ЭЗ і Расеі?


Валер Карбалевіч: «На гучную заяву дэпутата Эўрапарлямэнту Паўла Коваля можна было б не зьвяртаць увагі, калі б ня іншыя факты. Праграма „Ўсходняе партнэрства“ адносна Беларусі фактычна завісла. Адмову Мілінкевіча ўдзельнічаць у выбарах экспэрты зьвязваюць з адмовай Эўропы, у прыватнасьці Польшчы, яго падтрымліваць. Дык што, ЭЗ аддае Беларусь Расеі, адмаўляецца ўступаць у канкурэнцыю за краіну?»

Андрэй Фёдараў: «Не, гэта ня так. Тое, што праграма „Ўсходняе партнэрства“ адносна Беларусі не спрацоўвае — гэта факт. Але яна не спрацоўвае і адносна астатніх яе ўдзельнікаў. Пра фінансавую падтрымку апазыцыі з боку ЭЗ цяжка казаць у нашых умовах.

На некаторых беларускіх сайтах зьявілася інфармацыя са спасылкай на польскі партал, што Польшча адмовіла Мілінкевічу ў падтрымцы дзеля добрых сувязей з Расеяй. Гэта інфармацыя не вытрымлівае крытыкі. Бо літаральна днямі кіраўніцтва Польшчы дало магчымасьць правесьці ў Варшаве „Кангрэс чэчэнскага народа“ і адмовілася дэпартаваць у Маскву Закаева. Гэта моцная аплявуха Расеі. Таму, калі адмова Мілінкевічу сапраўды і мела месца, то яна выклікана іншымі прычынамі».

Войцех Бародзіч-Смалінскі: «Палітычныя кіраўнікі ніколі пра такую палітыку ня будуць казаць публічна. Праблема беларускага пытаньня ў Эўропе палягае ў тым, што ніхто ня зьвязвае перамены ў Беларусі з гэтымі выбарамі. Хоць грамадзкая падтрымка Лукашэнкі зьменшылася, але апазыцыя слабая. Там няма моцнага кандыдата, які мог бы перамагчы. Яна расколатая, ня можа аб’яднацца.

Цяпер пра Мілінкевіча. Адсутнасьць фінансавай падтрымкі — ня самае важнае пытаньне. У Эўропе Мілінкевіча лічылі лідэрам беларускай апазыцыі. Але там ведаюць, што ён ня мае падтрымкі ня толькі сярод грамадзтва, але нават і сярод апазыцыі».

Мэты Масквы і Брусэлю па беларускім пытаньні


Карбалевіч: «Праблема ў тым, што Расея і ЭЗ зьяўляюцца супернікамі за кантроль над рэгіёнам, у які ўваходзіць Беларусь. У чым супадаюць і не супадаюць мэты Масквы і Брусэлю па беларускім пытаньні?

Фёдараў: „Іх пазыцыі супадаюць у тым, што ім не падабаецца постаць Лукашэнкі. Але на гэтым супадзеньні і заканчваюцца. Масква імкнецца зьмяніць беларускага кіраўніка, каб пашырыць тут свой уплыў. А Эўропа імкнецца дэмакратызаваць краіну, зьмяніць сыстэму. Таму ў самой формуле сп. Коваля (дэмакратычны і адначасова прарасейскі кандыдат) ёсьць супярэчнасьць.
Эўропа падтрымае кожнага беларускага палітыка, які пераможа на справядлівых, дэмакратычных, празрыстых выбарах, нават калі гэта будзе і Лукашэнка.

Да таго ж, для Захаду беларускае пытаньне знаходзіцца далёка не на першым месцы. Для Расеі яно больш важнае. Але нават і Масква не імкнецца зьмяніць Лукашэнку на гэтых выбарах на іншага палітка, бо ня мае для гэтага магчымасьцяў“.

Бародзіч-Смалінскі: „Супадзеньне ЭЗ і РФ палягае ў тым, што абодва бакі жадаюць пераменаў у Беларусі. Але вось кірунак зьменаў яны бачаць па-рознаму. Ніхто ў ЭЗ ня ставіць задачу вырашыць праблему Беларусі разам з Расеяй. Эўропа падтрымае кожнага беларускага палітыка, які пераможа на справядлівых, дэмакратычных, празрыстых выбарах, нават калі гэта будзе і Лукашэнка“.

Карбалевіч: » Сп. Бародзіч-Смалінскі, вы абмалявалі нейкі ідэальны варыянт. Рэальнасьць жа такая, што пры цяперашнім рэжыме дэмакратычныя выбары ў Беларусі амаль немагчымыя«.

Бародзіч-Смалінскі: «Але без дэмакратычных выбараў ЭЗ ня зьменіць сваіх адносін да Беларусі. „Усходняе партнэрства“ будзе дзейнічаць, але ў межах гэтай праграмы шмат праблем ня вырашыш».

Магчымасьць каардынацыі


Карбалевіч: «Давайце мы ад ідэальнага варыянту вернемся да той рэальнасьці, якая існуе. Ці гатовыя ЭЗ і РФ каардынаваць свае дзеяньні пры ацэнцы выбараў, іх прызнаньні?»

Бародзіч-Смалінскі: «Каардынацыя пры назіраньні за выбарамі магчымая. Хоць дасюль ацэнка беларускіх выбараў прадстаўнікамі АБСЭ і Расеі была розная.

Праблема ў тым, што ЭЗ ня мае інструмэнтаў уплыву на Лукашэнку. Эўропа можа толькі заявіць пра сваё расчараваньне несвабоднымі выбарамі. А Расея такія інструмэнты мае. Яна можа ўзьняць цэны на газ, не пусьціць Беларусь у сваю мытную прастору і, тым самым, стварыць эканамічныя праблемы для Лукашэнкі. І гэта можа падштурхнуць зьмены».

Карбалевіч: «Наконт таго, што ЭЗ ня мае інструмэнтаў уплыву на Лукашэнку, можна паспрачацца. Эўропа можа аказаць матэрыяльную падтрымку беларускай апазыцыі. Ці згадаць такі моцны інструмэнт, як крэдыты міжнародных фінансавых арганізацый, у якіх, дарэчы, палякі займаюць уплывовыя пасады. Тут пытаньне палітычнай волі».

Бародзіч-Смалінскі: «Не зусім так. Фінансаваньне з боку ЭЗ празрыстае. Яно ня можа ісьці на падтрымку апазыцыі. Гэтыя грошы ідуць на дапамогу ў сыстэмных зьменах. Напрыклад, падтрымка малога і сярэдняга бізнэсу ды іншае. Эўропа памятае, што адбылося ва Ўкраіне і ня хоча атрымаць тыя праблемы, якія здарыліся пасьля перамогі „аранжавай рэвалюцыі“»

Фёдараў: «Паколькі мэты ЭЗ і РФ розныя, то гэта выключае магчымасьць сур’ёзнай дамовы па беларускім пытаньні. Немагчыма знайсьці постаць кандыдата ў прэзыдэнты, якая б задавальняла і Расею, і Эўропу.

Магчымыя заявы з абодвух бакоў, што выбары ў Беларусі не адпавядалі дэмакратычным стандартам. У такім выпадку можа будзе вялікая крыўда афіцыйнага Менску на Маскву. Не выключаю, што тады будзе пастаўлены крыж на саюзнай дзяржаве нават фармальна. Узьнікнуць праблемы з удзелам Беларусі ў СНД, АДКБ, Мытным саюзе».