Анкета Свабоды: Андрэй Скурко

Андрэй Скурко

Журналіст, музыка. Нарадзіўся ў 1978 годзе ў вёсцы Крывічы Мядзельскага раёну. Скончыў беларускую філялёгію БДУ. Адзін са стваральнікаў і удзельнікаў рок-гуртоў «Цмокі» (1997) і «Band_A” (2006). Аўтар «Нашай Нівы» ад 1998-га, ад 2000-га — намесьнік галоўнага рэдактара. У 2006 годзе быў абраны намесьнікам старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру. З 1 сьнежня 2006-га — галоўны рэдактар тыднёвіка «Наша Ніва». Жыве ў Менску.

Што для вас свабода?

Калі чалавек у ніводнай сфэры свайго жыцьця ня змушаны хлусіць і слухаць хлусьню.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Узровень адукацыі і пракляты беларускі канфармізм. Калі казаць пра асабістыя чыньнікі.


Што для вас шчасьце?

Калі дасягаецца раўнавага між тым, што мусіш, і тым, што можаш.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Часам сябе, часьцей Божага Суду.


Які талент вы хацелі б мець?


Скарыстаць бы толкам тыя, што ёсьць.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Заходнебеларускім пакаленьнем, народжаным у 1920-я.


Што вы найбольш любіце рабіць?

«Нашу Ніву».


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Над адказам на такое пытаньне я хацеў бы падумаць яшчэ гадоў семдзесят… Калі сур’ёзна – вучыўся б больш старанна.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

«І гэта міне».


Які ваш улюбёны дэвіз?

Засьпеў яшчэ, як быў школьнікам, піянэрскую арганізацыю. Далей імкнуся жыць без дэвізаў.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Хацелася б пасьпець пажыць яшчэ ў часы парлямэнцкай рэспублікі.


У якой краіне вы хацелі б жыць?


Як казалі ў той рэкламе – «Пры ўсім багацьці выбару іншай альтэрнатывы няма».


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

А і тут магчымасьці выбару няма. Дык які сэнс у пустых фантазіях? Мне трапіўся досыць цікавы і камфортны (калі параўнаць з нэалітам ці XVII стагодзьдзем) час, я не шкадую. Хоць, безумоўна, у нэаліце таксама было многа плюсаў.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Свабодныя СМІ.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Беларусь мусіць стаць часткай Эўразьвязу.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Добрасуседзкія, угрунтаваныя на ўзаемнай эканамічнай выгадзе.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Дыктатура нікому не «свая». Яна крадзе ў людзей жыцьці, абмяжоўваючы іх магчымасьці.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Як і папярэдні раз мянялася – калі новае палітычнае пакаленне будзе дастаткова моцным, каб ажыцьцявіць зьмену. Ніякія вонкавыя сцэнары тут не спрацуюць.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Памылкова меркаваць, што пераход на Мову – першы крок асобы да беларускасьці. Для многіх гэта будзе самым фінальным этапам нацыянальнага самаўсьведамленьня. Каб сёньняшнія расейскамоўныя загаварылі па-беларуску, ім трэба штодня чуць Мову з ТБ і радыё, на лекцыях ва ўнівэрсытэце, ад дзяцей, што прыходзяць з школы, і з вуснаў высокага начальства. І мы самі зьдзівімся, наколькі проста адбудзецца той пераход.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Сама пастаноўка пытаньня – супярэчлівая. Нягледзячы на 15 гадоў антынацыянальнай дзяржаўнай палітыкі, амаль чвэрць беларусаў назвалі беларускую мовай штодзённага ўжытку. Гэта гіганцкая лічба. Мова жыве.