Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".
Скажыце, калі ласка, а як выглядаюць у нашай роднай беларускай літаратуры справы з такой адвечнай “творчаю” праблемай як плягіят. Ці адбываліся нейкія гучныя скандалы, выкрыцьці, суды прафэсійнага гонару?
Марыя Сьмірнова, палачанка
Для пачатку нагадаю, што слова плягіят паходзіць ад лацінскага plagio, што значыць выкрадаю. Плягіят — гэта наўмыснае прысваеньне аўтарства чужога твору літаратуры, навукі ці мастацтва. За такі від крадзяжу, між іншым, прадугледжаная адказнасьць паводле артыкулу 201 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Але нягледзячы на пэрспэктыву маральнага а то і крымінальнага асуджэньня, праблема, як Вы, Марыя, слушна заўважылі, сапраўды адвечная.
Калі казаць пра даўняе мінулае, дык у нашай гісторыі самы вядомы прыклад плягіяту зьвязаны зь імёнамі Аляксандра Гваніні ды ягонага сучасьніка Мацея Стрыйкоўскага.
Першы нарадзіўся ў Вэроне, але зь юнацтва служыў у войску Вялікага Княства Літоўскага. Зрабіў кар’еру і ў гады Інфляндзкай вайны займаў пасаду віцебскага камэнданта. Мацей Стрыйкоўскі, якога потым назавуць ліцьвінскім Гамэрам, таксама ваяваў тады з маскоўскімі захопнікамі, прычым якраз пад камандаваньнем колішняга вэронца. Мацей быў выведнікам альбо, як тады казалі, рыскуном. А ў вольны час ён складаў вершы і рабіў занатоўкі з гісторыі.
І вось аднойчы, выпраўляючы падначаленага на чарговае заданьне ў бок маскоўскай мяжы, камэндант папрасіў пачытаць, што той вечарамі панапісваў. Вершы пагартаў без асаблівай увагі, а гістарычныя нататкі Стрыйкоўскага настолькі прыйшліся італійцу даспадобы, што ён іх хуценька перапісаў. А потым і выдаў пад назовам “Хроніка Эўрапейскай Сарматыі”, пазначыўшы аўтарства ўласным імем.
Некаторыя сёньняшнія гісторыкі бяруць увішнага вэронца пад абарону. Але будзьма памятаць, што сам Мацей Стрыйкоўскі на старонках сваёй славутай “Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі” зноў і зноў нагадваў былому начальніку, што сьпісваць — нядобра.
Перанясемся з ХVІ-га ў ХХ стагодзьдзе і пераканаемся, што маральнага прагрэсу, відаць, усё ж сапраўды не існуе.
Нядаўна на хвалях “Свабоды” патрыярх нашае літаратуры Мікола Аўрамчык згадваў, як некалі паэт З. спрытна пераклаў на беларускую вершы расейскага паэта Льва Ашаніна і надрукаваў іх у часопісе “Маладосьць”. А вось празаік Ш. сьпісаў у аднаго расейскага калегі цэлую дзіцячую кніжку. Пікантнасьць сытуацыі палягае ў тым, што спасылка на артыкул пра “творчы подзьвіг” Ш. — ці то празь недагляд, ці то наадварот праз прынцыповасьць укладальнікаў — трапіла ў шасьцітомны біябібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменьнікі”. Можна сказаць, што яна аздобіла сабою прысьвечаны гэтаму літаратару разьдзел. Артыкул немудрагеліста называецца “ Копію зьняў Іван Ш.“, і, маючы ахвоту, яго можна прачытаць у газэце “Літаратура і мастацтва” за 19 сакавіка 1968 году.
Прыкладна ў тыя самыя часы празаік К. перапісаў апавяданьне ў калегі аднекуль зь Якутыі. Геаграфічная аддаленасьць “першакрыніцы” не дапамагла схаваць канцы ў ваду. Судом прафэсійнага гонару было паседжаньне Рады Саюзу пісьменьнікаў, на якім К. выключылі зь афіцыйных літарацкіх шэрагаў. Аднак ён стаў на шлях выпраўленьня, пачаў менш чытаць чужых твораў, а больш пісаць сваіх, і, урэшце, зноў папоўніў сабой згаданыя вышэй шэрагі.
Хачу сказаць, што я не называю прозьвішчы герояў, шкадуючы пачуцьці ды ўспаміны іхніх дзяцей і ўнукаў. Саміх герояў ужо няма на гэтым сьвеце, а на тым займацца плягіятам, відаць, значна больш складана. Цікава, дарэчы, куды плягіятар там за свае грахі трапляе? У каталікоў шанцы, вядома, лепшыя, бо яны маюць чысьцец.
Што датычыць празаіка К., дык ён яшчэ тут ачышчаўся ад грахоў ня толькі сумленнай працаю за пісьмовым сталом, але і на іншым фронце. У 90-я гады мінулага стагодзьдзя К. працаваў вахцёрам у маладэчанскім гарвыканкаме. Пасьля першага праведзенага Лукашэнкам рэфэрэндуму якраз падчас начных дзяжурстваў К. над давераным яму будынкам пачаў зноў і зноў зьяўляцца бел-чырвона-белы сьцяг.
Гадоў дзесяць таму адзін малады чалавек набыў нашую з Генадзем Сагановічам кнігу “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”. У асобе гэтага хлапца мы займелі ўнікальнага чытача. Ён амаль слова ў слова перадзіраў старонку за старонкай і друкаваў іх, ставячы напрыканцы ня нашыя два прозьвішчы (ці хаця б тры, улучна з сваім) а толькі адно. На добры лад, трэба было даць таму адмыслоўцу па руках, маладзён пасьпеў надрукаваць у розных выданьнях практычна ўсю кніжку. Урэшце я вырашыў махнуць на гэта рукой, пагатоў нашыя тэксты нязьменна зьмяшчаліся пад рубрыкай “Ведай гісторыю сваёй краіны”. Ну што тут запярэчыш!
І, бадай, апошняя гісторыя.
Выступаем мы з нашым вядомым бардам, журналістам і літаратарам Зьмітром Бартосікам у невялікім ўсходнебеларускім гарадку. Зьміцер сьпявае сваю песьню “Разьвітаньне зь Вільняй”. Памятаеце, там ёсьць рэфрэн:
Такія месты проста так не пакідаюць...
Я тым часам гартаю падараваныя нам нумары мясцовай газэты. І раптам на літаратурнай старонцы сустракаю такія самыя, як кажа знаёмы паэт, радочкі. Не, усё ж не такія, а творча перапрацаваныя:
Такія ногі проста так не пакідаюць...
Такія вочы проста так не пакідаюць...
Такія грудзі проста так не пакідаюць...
Цэлая паэма пра любоў.
Як выяўляецца, у зале прысутнічае і аўтар, і сама ўладальніца вабнотаў. І праўда, я вам скажу, такія грудзі, што адразу натхненьне накочвае...
Бартосік паставіўся да здарэньня зь велікадушнасьцю мэтра. А праз пару гадоў мы даведаліся, што тыя непаўторныя ногі разам з вачыма й грудзямі, але ўжо без паэта, узялі курс на братнюю Польшчу і не вярнуліся. Хто ведае, ці не адыграў фатальнае ролі наш прыезд? Паэта, вядома, крыху шкада. Але затое ён атрымаў добры ўрок: ня трэба сьпісваць!
Вы чуеце, плягіятары?