Калядны цуд, зь якога трыццаць гадоў таму пачалася Беларуская Майстроўня, ня мог доўжыцца бясконца. Увогуле цудоўным у гэтай гісторыі было само нараджэньне – калі пасярод брэжнеўскага застою ўзьнік нефармальны беларускі рух. Узьнік і расквітнеў на некалькі гадоў, расфарбаваўшы тагачасную нішчымную рэчаіснасьць каляровымі сьвятамі.
Майстроўня існавала насуперак усёй гэтай сыстэме, быццам падмануўшы на нейкі час пільнасьць уладаў, спэцслужбаў і цэнзуры. Што там, маўляў, культура нейкая, Гуканьне вясны, Каляды, песенькі, мова... Але раптам усім стала зразумела, што гэта ўсё ў нас і ёсьць – палітыка. Бо яно робіць нас прысутнымі, заўважнымі, суб’ектамі.
Майстроўня адчувала на сабе ціск як звонку, так і знутры. Ледзь не галоўнай тэмай кулюараў тут станавіўся перасьлед з боку КГБ. Каго цягалі, каго не цягалі і чаму, хто каго “заклаў”. І “закладаць” было за што. Рызыкоўныя выказваньні, забароненая літаратура, заклікі да нефармальных дзеяньняў – усяго гэтага ў Майстроўні хапала.
КРЫЎДА І ПРАЎДА
Псыхалягічна атмасфэра магла стаць крызыснай. І стала б такой, калі б у аснове аб’яднаньня не ляжалі ідэалы зусім чыстыя і вечныя. Але “стромапація” рабіла сваю справу. Вось як запомніла гэтую сытуацыю мастачка Тацяна Козік, якую майстроўцы ведалі пад прозьвішчам Храмянкова.
Тацяна: “Не асабліва нам што даручалі, шчыра скажу. Даручалі, можа быць, Гену Лойку ці яшчэ каму. Набліжаным. А астатніх, нас ня вельмі заўважалі. Мы былі крыху іншыя. Можа нам так здавалася, што -- не зусім патрэбныя былі. Шчыра кажучы, было крыўдна на Майстроўню пасьля таго, як Купальле зрабілі асобна. Быў эпізод такі. Калі было Купальле, для мяне апошняе, бо я зьехала пасьля гэтага ў Віцебск, і Гена Лойка кажа: а там ня ўсе запрошаныя. Я кажу: Гена, дык дзе мы сустракаемся. А ён кажа: ну, гэта не для ўсіх. І мы чамусьці не былі ўсе. Што Лена Каравай, што я... Мы атрымаліся “ня ўсе”. Нехта некага заклаў у КГБ. І вось чаму рабілі асобна. Мы зразумелі гэта так – зрабілі асобна, таму што гэта не свае, ім нельга давяраць. Ну, і пасьля гэтага, канечне... Я вольны чалавек, я не люблю, калі са мной так”.
Першае майстроўскае Гуканьне вясны, 1981 год. Каля помніка Купалу. Тацяна Храмянкова (Козік), Алена Каравай, Гэнік Лойка.
Дубавец: Пачынаючы гэтую сэрыю перадач, я зусім ня меў на мэце ідэалізаваць Майстроўню. Маладыя людзі, якія стваралі рух, былі не анёламі, а звычайнымі людзьмі. Іншая рэч, што ў майстроўскім полі неяк тушавалася ўсё, што магло замінаць адзінству. Ціск звонку і выкліканая ім “стромапація” правакавалі раскол. Але Майстроўня не раскалолася, яна падзялілася па кірунках. Аб’яднаўчая сіла ідэалаў беларушчыны аказалася мацнейшай, чым той “чалавечы фактар”, на які толькі й магло разьлічваць КГБ. Вось чаму рух, народжаны трыццаць гадоў таму, не рассыпаўся праз чатыры гады, а наадварот, імкліва разьвіваўся далей. Кажучы патасна, праўда пераважыла крыўду.
У Тацяны Козік на шалях яе майстроўскага досьведу пераважвае песьня.
ШЧАСЬЦЕ СЬПЯВАЦЬ
Тацяна: “Што тычыцца Майстроўні, я вельмі ўдзячная Ларысе Сімаковіч. Гэта проста супэрасоба, самая прыгожая жанчына для мяне. Калі б я была багатай, я б зрабіла ўсё, што яна хоча. Усё, што ёй трэба для нармальнага жыцьця. Для таго, чым яна займаецца, для яе здароўя. Яна як была цуд, такая і засталася.
Гэта асоба, якая ўсіх аб’яднала і навучыла сьпяваць. А кожны чалавек хоча сьпяваць. Атрымліваецца – не атрымліваецца. А яна магла заўважыць у кожным тое, што ў ім ёсьць каштоўнага. І любога прымусіць сьпяваць. Са слыхам – бяз слыху, з голасам – бяз голасу. Таму для мяне гэта была галоўная асоба, дзеля каго я хадзіла на Майстроўню.
Нават мяне яна ставіла на пару песень – я там была салісткай. Але я чамусьці гублялася, бо калі я сьпявала адна, я магла прасьпяваць няправільна”.
Дубавец: Напачатку 1980-х, калі Майстроўня адраджала масавыя народныя сьвяты, у афіцыйнай культуры фальклёр прысутнічаў толькі ў сувэнірным выглядзе, аўтэнтычныя сьпевы цікавілі хіба што спэцыялістаў, а ўжо сучасныя апрацоўкі народных песень і ўвогуле лічыліся навацыяй неверагоднай. Кампазытарка Ларыса Сімаковіч у гэтай справе была піянэркай, якой зусім няпроста было існаваць у тым музычным асяродзьдзі.
Тацяна: “Я памятаю, сходка нейкая была, і прыйшлі акадэмісты нейкія. Цёткі такія, ужо ва ўзросьце. І пачалі абмяркоўваць... Там сьпявалі песьні Ларысіны і яе як асобу прадстаўлялі. Дык тыя казалі: гэта не народнае, яна ўжо па-свойму апрацоўвае... І пачалі раскладаць, што ня так, ня тое... Я сядзела ў гэтай залі, урэшце ня вытрывала, кажу: як вы можаце такое гаварыць? Па-першае, гэта асоба, яна яшчэ толькі пачынае працаваць. Яна падае народную песьню са сваім падыходам. І проста ёй трэба даць волю, каб гэта ўсё гучала і разьвівалася. Пасьля ўстала Наташа Сілімгараева, і так эмацыйна падтрымала... Ну, неяк так абаранілі.
Сустрэча на Гуканьне вясны, 1982 год. Алена Каравай, Сяргей Коршун, Алена Зуева (Вашчанка), Андрэй Радзівонаў, Рыта Рыбачок (Цімохава) зь сяброўкай са Львова, Сяргей Кныш, Тацяна Храмянкова (Козік).
На сёньня мне, напрыклад, не хапае такой тусоўкі, дзе б я магла сьпяваць. Гэта проста такое шчасьце, калі ты сьпяваеш разам зь некім ды яшчэ на той мове, якая табе падабаецца! Мы сустракаемся, калі прыяжджае Цімохаў, калі прыяжджаў Марачкін. Тады песьня гучыць. Або вось прыяжджаў Латышонак. Прыходзіў Юра Маліноўскі, ён якраз тут адкрываў росьпісы. І Андрэй Радзівонаў – о, як мы класна сьпявалі! Тыя сваё, мы сваё, потым разам. І – хто каго перасьпявае. І менавіта майстроўскія песьні. Гэта самыя шчасьлівыя хвіліны”.
Дубавец: ... Прыяжджалі да Тацяны ў Полацак, дзе яна жыве і дзе яна -- вольная мастачка. Яе муж паэт Алесь Аркуш працуе ў Беластоку на “Радыё Рацыя” і дома бывае наездамі. У Майстроўскую супольнасьць Тацяна патрапіла яшчэ да Майстроўні. Яна вучылася ў “парнаце” – школе для таленавітых дзяцей – і ў той клясе, вучні якой потым складуць ладную частку Майстроўні.
“Парнатаўцы”. Стаяць Андрэй Радзівонаў, Гэнік Лойка, Алена Зуева (Вашчанка). Сядзяць Галя Кунцэвіч, Яўген Валасевіч, Марына Безбародава, Алік Валько.
Тацяна: “З былых аднаклясьнікаў я сябрую амаль з усімі. Амаль усе былі ў мяне ў гасьцях. І Саня Костка, і Гена Лойка, і Алена Каравай. Усе, хто едзе ў Полацак, усе бываюць у мяне ў гасьцях. Больш цесна сябрую з Аленай Каравай, з Аленай Вашчанкай. З Марынай Безбародавай, яна ў Арэнбургу зараз, кожны год прыяжджае да нас. Мне здаецца, я з усімі сябрую.
Калі я хадзіла на Майстроўню, я працавала. Пасьля “парнату” я не паступіла першы год і пайшла працаваць мастаком-афарміцелем. А ўсе мае аднаклясьнікі вучыліся ў Акадэміі мастацтваў. Я й жыла недалёка, на Бялінскага. Прыехала Сьвета Слуцкая, жыла ў мяне, і мы разам хадзілі на Майстроўню.
Я не магу сказаць, што я прыйшла на Майстроўню -- і палюбіла мову. Няпраўда. Я мову любіла зь дзяцінства. І нават калі вучылася ў школе, хоць школа лічылася расейская, я рабіла палітінфармацыі на беларускай мове. Сяброўка маёй мамы была настаўніцай (і мама была настаўніцай), і яна кажа: ты ведаеш, што дзіўна, твая Тацяна робіць на беларускай мове. А яна кажа: ну, робіць -- і робіць. Мама мая выкладала рускую мову. Гэта першае. Па-другое, наша школа, “парнат”, яна дала цудоўную адукацыю ў гэтым пляне. У нас быў выкладчык беларускай мовы вельмі добры. Мы сядзелі з Рытай Рыбачок на першай парце і заўсёды на беларускай мове крычалі: вызавіце Рыту ці вызавіце Таню, таму што нам трэба было адказаць. Вось як зараз мой Данік, калі ён ведае, яму трэба ўсё першаму адказаць, так у нас было на беларускай мове.
Пасьля, мы вельмі паважалі старэйшых вучняў альбо тых, хто прыходзіў з тэатральна-мастацкага, тады ўжо мастакі студэнты. Гэта ж заўсёды для малых здавалася – студэнты, о! І яны размаўлялі па-беларуску. І для нас гэта быў проста цуд, што яны такія -- і мы хочам быць такімі”.
ГІСТОРЫІ РОДУ
Дубавец: У такое мастацкае асяродзьдзе, у “парнат” Тацяна патрапіла з роднага Хоцімску, калі мела ўсяго адзінаццаць гадоў. Яшчэ зусім малая, але ўжо гатовая ўспрымаць і беларушчыну, і інтэлігенцкае асяродзьдзе.
Тацяна: “Маміна сям’я была вельмі інтэлігентная. Бабуля ўвесь час чытала, я ведаю. Увесь час хадзіла ў царкву. Справа ў тым, што на вёсцы, дзе мама жыла, казалі, што -- там жыве шляхта. Ня простыя людзі, хаця гэта проста была вёска. Вёска Ельня. А прозьвішча Саковічы было.
У час вайны, бабуля распавядала, расстралялі дзедаву сястру, а мой дзед Антон застаўся жывы выпадкова. Яго павінны былі расстраляць “нашы”, ня немцы. Чаму, ня ведаю, але заможна яны жылі. Але вярнуўся яго дзядзька стрыечны і абараніў яго, бо служыў у органах. Атрымалася абараніць у апошнюю хвіліну.
Цёця расказвала, што наша прабабка служыла ў пана. Пан не жаніўся. І ўсе дзеці былі незаконнанароджаныя. Ён ёй прапанаваў жаніцца, а яна сказала: лапаць сапагу ня пара. Не пайду за цябе замуж, буду проста прыжывалкай. І ён жыў зь ёй, яна нараджала яму дзяцей. Гэта з бабулінага роду.
Усе мае цёці былі настаўніцы. Усе былі з адукацыяй, і мая мама, і мае цёці. Абсалютна інтэлігентныя па жыцьці.
Ну, а бацька Храмянкоў... Больш простыя людзі, але вельмі добрыя. Ведаю, што ў часе вайны яны хавалі габрэйскіх дзетак.
Мама была вельмі хворая. Яна казала: пакуль я жывая, ты будзеш каля мяне. Я памятаю такую фразу. Мне выкладчык у школе прапанаваў, што можна зьезьдзіць і паступіць у такую школу – “парнат”. Выкладчык наш па малюнку ў школе вельмі добра ведаў Зелянога Кірыла Ўладзімеравіча, які быў тады загадчыкам мастацкага аддзяленьня. Ну, і ён накіроўваў дзяцей, якіх лічыў патрэбным. Але мама казала: пакуль я жывая, яна нікуды не паедзе. Вось атрымалася, што паехала, бачыш. Такі лёс склаўся. Памерла маці, і праз два дні я паехала здаваць іспыты. Таму, што трэба было некуды ехаць”.
Дубавец: Пасьля “парнату” і працы мастаком-афарміцелем у Менску, пасьля Майстроўні Тацяна паступіла ў Віцебскі тэхналягічны інстытут, які цяпер называецца ўнівэрсытэтам.
Тацяна: “Я вельмі любіла унівэрсытэт, у мяне быў добры асяродак. Мяне любілі выкладчыкі. Таму мне вучыцца было лёгка. Гэта быў самы лепшы час майго жыцьця.
Я хацела разьмеркавацца ў мастацкі камбінат. А ў Наваполацку быў мастацкі камбінат як частка Віцебскага камбінату. І тут маглі спакойна прыняць мастакоў. І таму я зрабіла сабе разьмеркаваньне сюды.
Мастацкі камбінат -- кола мастакоў, якія робяць заказы -- дзяржаўныя, усякія розныя, менавіта мастацкія. А вытворчасьць – там трэба было рабіць эскіз пакрывала, напрыклад. Эскізы прамысловыя.
СТАЛІЦА/ПРАВІНЦЫЯ
Адразу пашанцавала, але па выніку ня так і добра ўсё атрымалася. Пашанцавала, бо ў мяне адразу быў вельмі добры заказ – габэлены, і я працавала як мастачка нармальна. Але пазьней, калі ўсё “ляснула” -- і камбінат, і ўсё... Ну, не камбінат, а наша аддзяленьне наваполацкае. Знайсьці працу стала вельмі складана. І на сёньня я беспрацоўны чалавек. А на прамысловасьць я не пайшла, бо я ўжо іншая.
Што я раблю цяпер? Шмат чаго раблю. Раблю творчыя працы, калі ёсьць на гэта вольны час. Раблю мадэлі зь лёну. Вяжу шмат чаго. Вельмі люблю жывапіс. Выхоўваю сына”.
Дубавец: Складана быць вольным мастаком і вольным чалавекам. Асабліва калі на гэта накладаецца панятак “правінцыі”. Зьнешне ў жыцьці і творчасьці Тацяны ўсё выглядае пасьпяхова, пакуль ня ведаеш, якім коштам гэта даецца. Патрабуецца ўвесьчаснае пераадоленьне таго ціску, якім цісьне на цябе асяродзьдзе. Можна мець у Полацку мноства сяброў, быць таленавітым і ахвочым да працы, пазытыўным і эмацыйным чалавекам... І пры гэтым пастаянна атрымліваць сыгналы, што менавіта такі ты тут і непажаданы.
Тацяна: “Правінцыя – гэта іншае жыцьцё, і іншыя погляды на ўсё. З аднаго боку, кажуць: сьвет аднолькавы, ёсьць кампутары, можна працаваць, дзе хочаш. Але тым ня менш... Шмат што прасьцей рабіць у сталіцы. І людзі там усё роўна больш вольныя. Яны могуць большае сабе дазволіць. А ў правінцыі сёньня я – адзін, адзін-два вольных, тых, хто на сваім рахунку. Ну, настолькі не пускаюць, не даюць... І сочаць кожны твой крок”.
Дубавец: Алесь Аркуш штогод уручае літаратурную прэмію “Гліняны Вялес” аўтару найлепшай кнігі. На добры лад, робіць гонар Полацку, куды зьяжджаюцца літаратары з усёй Беларусі. Але з кожным разам атрымаць памяшканьне для цырымоніі робіцца ўсё цяжэй. Чаму? – гэтым пытаньнем і ён, і Тацяна задаюцца ўжо не адзін год.
МЫ НІХТО. МЫ АСОБЫ
Тацяна: “Хоць мы не займаемся палітыкай, але ў мінулы раз перад выбарамі мы адчувалі, што многія чамусьці баяцца вітацца.
Перад мінулымі выбарамі гэта было. Проста сачылі за Алесем, за мной. Элемэнтарныя рэчы. Нікуды не высоўвайся, і ўсё роўна ты на ўліку. І гэты ўлік, на жаль, я адчуваю. Ужо больш мірнай асобы, чым я, на сёньня знайсьці немагчыма. І тым ня менш. Усе гэтыя гады вельмі моцна адчуваеш – уладам непатрэбны, гораду непатрэбны.
Хоць мы ніхто, мы проста асобы, калі разабрацца. На правінцыі я асоба сярод музыкаў, сярод супрацоўнікаў музэяў. Але існуе ціск з боку гораду, што калі б цябе не было, было б у сто разоў лепш. Не патрэбныя асобы для гарадзкіх уладаў”.
Дубавец: Калі праблема правінцыі яшчэ можа разглядацца ўнівэрсальна, дык праблема стаўленьня ўлады да асобы тут носіць чыста беларускі характар. Бо ад псыхалягічнага прыгнёту асобу ў нас не асабліва ўратуе і пераезд з правінцыі ў сталіцу.
Тацяна: “А што ў сталіцы? Тут дом, майстэрня. Тут ціхае жыцьцё. Дзіцёнак у школу побач ходзіць. А што ў сталіцы? Каму ты там патрэбны.
Ну, і там, як той жа Гена Лойка -- ці надоўга ён можа сябе схаваць? У адной школе, у другой... З-за таго, што ён пачынае сваю праўду казаць беларускую, яго проста выпіхваюць. Нягледзячы на тое, што ў яго трое дзяцей і жонка не працуе ўмоўна. Ён, і таленавіты і вельмі цікавы, а каму трэба? Ну, ня ўпісваецца ён у нейкія рамкі”.
Дубавец: Складаецца ўражаньне, што многія майстроўцы ў сёньняшнім сьвеце імкнуцца сьцьвердзіцца ў працы ды творчасьці, усяляк сыгналізуючы, што іх праца і творчасьць ня мае ніякага дачыненьня да палітыкі. Але прывід гэтай самай палітыкі насьцігае іх і ў сталіцы, і ў правінцыі. Зрэшты, і сама Майстроўня, што існавала трыццаць гадоў таму на тых ідэалах, якія сёньня пратрубвае ва ўсе трубы дзяржаўная ідэалёгія, выглядае нейкай “па-ранейшаму апазыцыйнай арганізацыяй”.
Тацяна: “Таму што гэта краіна, дзе трэба ўвесь час даказваць, што ты беларус. Канечне, палітычная падаплёка ў любым выпадку ёсьць. Любое духоўнае на сёньня ў Беларусі палітычнае. Усё нацыянальнае сёньня палітычнае”.
Дубавец: А як жа тады быць зь лёзунгам незалежнае Беларусі? Людзі, якія трыццаць гадоў таму яго прагалошвалі, у тыя часы ўспрымаліся антысаветчыкамі, а сёньня? Сёньня, калі гэты лёзунг штодня гучыць у тэлевізары? Выходзіць, ён там гучыць фальшыва? Бо прагалошваюць яго тыя, хто ў майстроўскія часы лічыў незалежнасьць злачынствам? Але навошта ім прагалошваць “варожы” лёзунг? Ці ўсё ж праблема, як і тады, у чалавечым фактары. У тым, каб паралізаваць волю тых, для каго свабода – ідэал. Калі так, дык гэтых трыццаці гадоў было больш чым дастаткова, каб пераканацца, што праз усе перашкоды праўда ўсё адно перамагае крыўду.
Гэтак і ў жыцьці Тацяны. Ёсьць ціск асяродзьдзя, але ёсьць і характар, які дазваляе выстойваць. А ўрэшце, у чыстым рахунку застаюцца творчасьць і сям’я, якую яны стварылі з Алесем Аркушам.
Майстроўцы на другі дзень вясельля Цімохавых у вёсцы Кротаў Калінкавіцкага раёну, 1984 год. Алена Каравай, Марына Война, Тацяна Храмянкова (Козік), Рыта Цімохава, Сяржук Цімохаў, Юля Лыскова.
ІНТЭЛІГЕНТНЫ І БАРАДАТЫ
Тацяна: “Мы сябравалі зь Цімохавым. І Цімохаў, калі яны пабраліся з Рытай, яны пераехалі ў Наваполацак і хадзілі на літаратурнае аб’яднаньне “Крыніцы”. Там быў Сяржук Сокалаў-Воюш, якога я ведала яшчэ з Майстроўні. Уладзімер Арлоў. А дзякуючы Майстроўні я любіла гэты беларускі інтэлігенцкі асяродак. І таму, калі мне прапаноўвалі замуж у Расею, я казала -- не, я беларуска, мне трэба муж беларус. І атрымалася выпадкова. Ужо гадоў празь пяць, як мы ажаніліся, Аркуш мне расказаў, як гэта было.
Сяржук Сокалаў-Воюш пусьціў такую цыдулку, калі мы былі на “Крыніцах”, што Аркушу ёсьць добрая магчымасьць ажаніцца. І пусьціў яе па колу. І народ падпісаўся. Гэта так нас знаёмілі. А пасьля я сыходзіла дадому, Аркуш сустрэў мяне на калідоры, кажа: можна, я цябе правяду? Узяў парасон, і мы пайшлі.
Мне вельмі падабаліся Аркушавы вершы. Пасьля, яшчэ калі была малая, я думала, што мой муж павінен быць барадаты. Інтэлігентны і барадаты. Стаю дзе-небудзь на прыпынку ў Менску і думаю: які прыгожы мужчына – інтэлігентны і барадаты, у акулярах. Але я вельмі палюбіла яго вершы, гэта было асноўнае, што мне ў ім падабалася, акрамя барады.
Наогул, я заўсёды цікавілася паэзіяй. Можа таму, што мама мне чытала нейкія вершы. Мама нас не выхоўвала, нас было трое. Яна працавала дзень і ноч у сваёй школцы за шэсьць кілямэтраў ад дому. Ёй не было калі намі займацца. Але яны чытала мне вершы ўвесь час”.
Дубавец: Свае выставы і калекцыі Тацяна называе паэтычна: “Роздум каля вялікай вады”, “Крылы ператворацца ў карэньні”, “Каляровыя сны зімовага саду”, “Птушыны рай”. Амаль заўсёды тут прысутнічае нешта птушынае, а вобраз чалавека-птушкі праходзіць праз усю яе творчасьць.
Тацяна: “Над лесам птушкі праляцелі.
Яны пасьпець кудысь хацелі.
У кожнай ёсьць душа і цела.
І цела за душой ляцела.
Мой самы ўлюбёны матэрыял – гэта лён. І таму я і малюю сваю графіку на белай льняной тканіне, і пляту з таго ж лёну рэчы, касьцюмы. І тку – шмат прац, дзе ў мяне выкарыстаны менавіта лён. Лён – самы лепшы матэрыял, які ёсьць у Беларусі. Але, на жаль, занядбаны апошнім часам. Нідзе яго не набыць, нідзе яго ня бачна. Трэба некуды ехаць. Або ў Маскву, або ў Вільню, каб набыць нават проста льняныя ніткі.
Я думаю, што наперадзе той час, калі менавіта аўтарскімі працамі будзе апранутая кожная трэцяя жанчына. Стандартызацыя – гэта бездухоўнасьць. І таму хочацца, каб жанчына выглядала духоўна. А лён – гэта здароўе таксама. Я на сабе гэта адчуваю, я ведаю, што гэта так ёсьць”.
Дубавец: Вяртаючыся да Майстроўні... Чым яна была, і якім чынам можна адзначыць яе трыццатыя ўгодкі?
Тацяна: “Гэта быў рух інтэлігенцыі, маладой, юнай інтэлігенцыі, якая старалася нешта зьмяніць. Гэта быў рух.
Сабрацца ўсім, у каго ёсьць такая магчымасьць і прыйсьці да Ларысы Сімаковіч. Хацелася б сустрэцца, таму што я асабіста зь ёй не сустракалася з тых часоў, і мне было б вельмі прыемна яе ўбачыць”.
УСЕ ПЕРАДАЧЫ СЭРЫІ “ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЦУДУ”
Сувязь з аўтарам праз dubaviecs@gmail.com.