Афіцыйны Менск ігнаруе рэкамэндацыі Рады па правах чалавека ААН

Вярхоўны Камісар ААН па правах чалавека Наванэтэм Пілай скрытыкавала Беларусь.

23 верасьня Рада па правах чалавека ААН мяркуе зацьвердзіць рэкамэндацыі па стане правоў чалавека ў Беларусі, у якіх, сярод іншага, беларускаму боку прапануецца ўстрымацца ад перасьледу няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку не ажыцьцяўляць іх дэлегалізацыю і скасаваць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу.

Але афіцыйны Менск ужо падрыхтаваў пісьмовы адказ: выкананьне канкрэтна гэтай рэкамэндацыі Рады па правах чалавека ААН непрымальнае: «У Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для рэальнага разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці… У краіне дзейнічае больш за 220 грамадзкіх аб’яднаньня ў 15 палітычных партыяў. Нормы беларускага заканадаўства адпавядаюць міжнародным нормам і ў першую чаргу Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах».

У дакладзе на 15-й сэсіі Рады ААН Вярхоўны Камісар ААН па правах чалавека Наванэтэм Пілай (Navanethem Pillay) крытыкавала Беларусь за сытуацыю з свабодай асацыяцый: «Непакоіць абмежаваньне сфэры дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці і грамадзянскай актыўнасьці праз спэцыяльныя законы і іншыя абмежавальныя захады ў Бахрэйне, Беларусі, Кітаі, Эгіпце, Лібіі, Сырыі ды Тунісе».