Актывіст моладзевага дэмакратычнага руху. Нарадзіўся ў 1981 годзе на беларускім Палесьсі, да 1986 пражываў з бацькамі ў Магаданскім краі, з 1986 году – у Старых Дарогах на Меншчыне, з 2000-га — у Менску. У 2001 годзе далучыўся да дзейнасьці моладзевага руху “Малады Фронт”, кіраўніком якога зьяўляецца з 2004 года. Арганізатар і ўдзельнік шматлікіх вулічных акцыяў, за ўдзел у якіх мае больш за паўгоду адміністрацыйных арыштаў. За дзейнасьць “МФ” у верасьні 2006 быў арыштаваны і пазьней асуджаны на паўтары гады зьняволеньня. Вызвалены ў студзені 2008 году Вярхоўным судом. У 2006 годзе штотыднёвікам “Наша Ніва” прызнаны “Героем году”, у 2008 “За мужнасьць і пасьлядоўнасьць у змаганьні за свабоду” ўзнагароджаны ордэнам Кастуся Каліноўскага.
Што для вас свабода?
Незаслужаны і бясцэнны дар, дадзены Госпадам людзям.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Пракурорскія работнікі і мая грахоўная чалавечая існасьць.
Што для вас шчасьце?
Выконваць сваё прадвызначэньне.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Мы сваё ўжо адбаяліся.
Які талент вы хацелі б мець?
Бог нікога не абдзяліў, дык разабрацца б са сваімі.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Палажанкамі, Шапуцькамі, Севярынцамі, Вольскімі, Шыламі, Макоўскаю, Шыдлоўскаю, ВДВэшнікамі Лобавым і Цянютам, Місюкевічам, Яроменкам, Валабуевым, Лойкаю ды многімі іншымі самаахвярнымі людзьмі.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Капацца ў садзе.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Шмат чаго, але, пэўна, гэта быў бы ўжо ня я.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Праслаўляць Ісуса Хрыста заўсёды.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Жыве вечна!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Справядлівай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Вялікім Княстве Літоўскім – Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Хацелася б пажыць хоць трохі ў цяперашнюю.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Прызначыў бы Севярынца прым'ер-міністрам.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Партнэрскія.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Такія ж.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Я таксама за Зянона.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
У адзін дзень, калі ніхто ня будзе чакаць.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі ня вырашаць дэмаграфічную праблему – ніколі.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Будуць размаўляць на арабскай ці персідскай.