Маніпуляцыі зь перапісам насельніцтва, якія зрабіў рэжым у 2009 годзе, абавязваюць нас разважліва паглядзець на становішча беларускай мовы пасьля 16 гадоў цёмнага кіраваньня і палітыкі грубай русыфікацыі.
Стан беларускай мовы цяпер горшы нават, чым быў у Савецкім Саюзе
У тыя часы (1960-1980-я гады) яшчэ цалкам па-беларуску існавала вёска і хоць бядотна, але неяк трывала вясковая беларуская школа. Уся вышэйшая адукацыя на беларускай мове і ўсе беларускія школы ў гарадах ужо былі зьнішчаны. Улада (за выключэньнем вядзеньня сэсіяў Вярхоўнага Савету) прамаўляла толькі па-расейску і да беларускай мовы была варожая. Справаводзтва вялося па-расейску, хаця фармальна законы СССР і БССР дазвалялі выкарыстоўваць у якасьці дзяржаўнай мову саюзнай рэспублікі. Што выдатна скарысталі ў Прыбалтыцы (авалодаўшы кампартыяй) і ў некаторых краінах Каўказу. Усялякія ініцыятывы па-беларуску сустракалі з боку савецкай улады, як правіла, агрэсію і непрыняцьце, размова па-беларуску часта кваліфікавалася як “нацыяналізм” (пры саветах гэта быў ідэалягічны ярлык, зь якім можна было трапіць за краты). Саветы не давалі разьвівацца беларускім ініцыятывам і закансэрвавалі тыя астраўкі беларушчыны, пра якія я казаў у пачатку.
Але, як ні дзіўна, гэтыя астраўкі якраз найбольш і трымалі нацыю і беларускую мову. Беларуская мова суцэльна існавала ў вёсках і мястэчках. У гарадах беларускую мову ведалі ня ўсе (ня кожны мог на ёй гаварыць), але разумелі яе ўсе, у тым ліку і прыбылыя.
Яшчэ ў 60-х – 80-х гадах я аб’ехаў усю Беларусь, круціўся ў асноўным у гарадзкім асяродзьдзі і не спаткаў ніводнага (!) чалавека, які б не разумеў мяне па-беларуску, хаця варожасьць да мовы ва ўстановах з боку расейцаў і камуністаў-выхадцаў зь беларускай вёскі спатыкалася пастаянна.
Людзі, нават далёкія ад беларушчыны, нясьведама засвойвалі фрагмэнты мовы, здольныя былі яе разумець
Тую ж самую асацыятыўную функцыю выконвалі іншыя грамадзкія асяродкі беларускага слова, якіх не пасьпелі прыдушыць пры саветах. Нацыя была ўжо асьлеплена, але яшчэ не аглухла. Яшчэ чуваць было беларускае слова, сказанае звыш (падкрэсьліваю, сказанае не суседам, а “звыш” – радыё, тэлебачаньнем, газэтай). І яно заставалася ў сьведамасьці нават тых, хто яго не хацеў.
Нацыя была ўжо асьлеплена, але яшчэ не аглухла
Рэжым унутранай акупацыі стаўся больш разбуральным для беларушчыны, чым савецкі
Гэтак крок за крокам пры дапамозе некантраляванай аўтарытарнай улады былі зьнішчаны ўсе астраўкі беларушчыны, што захаваліся і часова існавалі раней.
Зьнішчаны ўсе астраўкі беларушчыны, што захаваліся і часова існавалі раней
Мы, беларусы, павінны ўсьвядоміць і зразумець тыя карэктывы, якія ўнесла жыцьцё (канкрэтна – разьвіцьцё прагрэсу) у вызначэньне асноўных атрыбутаў існаваньня нацыі. У ХІХ-ХХ стагодзьдзях імі былі літаратура, тэатар, школа (дакладней, нацыянальная сыстэма адукацыі). З другой паловы ХХ стагодзьдзя сюды дадалося яшчэ тэлебачаньне. (У будучыні атрыбутам нацыі можа стаць сеціва, нягледзячы на ўсю яго глябалісцкую прыроду, і словы “без нацыянальнага сеціва няма нацыі” могуць стаць цалкам рэальнымі). Тэлебачаньне ня толькі зьява мас-культуры, але і адлюстраваньне культуры нацыянальнай. Яно ўнікальнае па шырыні масавага выкарыстаньня і масавага ўзьдзеяньня. Ад грамадзтва і ягонай дзяржавы залежыць, ці зробіцца тэлебачаньне канюшняй Аўгія і рысталішчам блуду ці станецца крыніцай добрасьці, сацыяльнага здароўя і адлюстраваньнем грамадзкіх працэсаў.
Словы “без нацыянальнага Сеціва няма нацыі” могуць стаць цалкам рэальнымі
Павінны быць вернуты папулярныя беларускія радыёстанцыі і праграмы, якія русыфікатарская ўлада пазачыняла (і найперш рэлігійна-этычная перадача “Голас душы”, якая была шырока запатрабаваная ў людзей).
Нацыянальнае тэлебачаньне і радыё – гэта тыя асяродкі і тыя зьявы, якія ўтрымліваюць нацыю ў адчуваньні моўнага і культурнага адзінства ў прылучанасьці да сьвету і да грамадзтва, істотна спрыяюць у веданьні і засваеньні роднай мовы.