Над Літвой на зэдліку

Марыюс Ёвайша

У Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску адкрылася выстава «Нябачаная Літва». Гэтак называецца альбом фотамастака Марыюса Ёвайшы, які здымаў літоўскія краявіды зь неба, часам выкарыстоўваючы для палётаў ледзьве не самаробныя канструкцыі.
Марыюс Ёвайша карыстаецца фотаапаратам маркі «Hasselblad», якім былі зробленыя кадры першай высадкі чалавека на Месяц, і кажа, што здымаць у небе над Літвой давялося з розных лятальных апаратаў, некаторыя зь іх былі самаробнымі і нагадвалі «лятучыя зэдлікі».

На цырымоніі адкрыцьця выставы сабралася каля сотні чалавек, сярод якіх быў пасол Літвы Эдмінас Багдонас, намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валер Варанецкі, намесьнік міністра культуры Беларусі Ўладзімер Карачэўскі, генэральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Ўладзімер Пракапцоў.

Пасол Літвы Эдмінас Багдонас:
Самыя блізкія народы, самыя кроўныя народы — мы адно аднаго вельмі мала ведаем.
«Самыя блізкія народы, самыя кроўныя народы — мы адно аднаго вельмі мала ведаем. Мы ведаем у асноўным па стэрэатыпах: беларусам трэба ў „Акропаліс“, а літоўцам прыехаць па таньнейшы бэнзін. Але гэта не аснова, гэта не галоўнае».

На адкрыцьцё выставы прыйшоў і беларускі фотамастак і выдавец Сяргей Плыткевіч, які некалькі гадоў таму зрабіў альбом уласных аэраздымкаў «Нечаканая Беларусь», дзе паказаў беларускія краявіды з вышыні.

Сяргей Плыткевіч: «Праблема ў тым, што ў нас розныя краіны і розная сытуацыя — эканамічная і наогул. Напрыклад, мы зараз робім кніжку пра Менск, я напісаў цэлую пэтыцыю, што, маўляў, просім дазволіць палятаць над Менскам, гарантуем аплату. Прайшло тры тыдні, а адказу пакуль няма. Я думаю, што можна было б дазвол даць. Спадзяюся, што ён будзе. Менск паказваць бяз погляду з вышыні на сёньняшні момант немагчыма».

Іншага беларускага фатографа Андрэя Лянкевіча, які днямі атрымаў прэстыжную ўзнагароду на фотаконкурсе ў літоўскім Каўнасе, працы Марыюса Ёвайшы прыводзяць у захапленьне, але знайшлася і пара крытычных словаў у адрас музэю.

Андрэй Лянкевіч: «Сапраўды фантастычныя здымкі, узровень „National Geographic“. Паглядзець іх у добрым памяшканьні з супэрасьвятленьнем — гэта выдатна. Але магу сказаць толькі адзін факт, які для мяне зьяўляецца шокам: у Нацыянальным мастацкім музэі няма калекцыі беларускай фатаграфіі».


Беларусь — гэта ўжо 16-я краіна, дзе праходзіць выстава «Нябачаная Літва». Незвычайныя здымкі Марыюса Ёвайшы ўжо пабачылі ў такіх краінах, як Аўстралія, Аргентына, Канада, Японія. Выстава «Нябачаная Літва» ў Нацыянальным мастацкім музэі будзе працаваць да 28 верасьня. Наступнай пасьля Беларусі краінай, куды Марыюс Ёвайша павязе свае здымкі, будзе Куба.