Беларуская апазыцыя хоча слуханьняў пра зьніклых у Эўрапарлямэнце

  • БелаПАН
Беларуская апазыцыя прапануе Эўрапарлямэнту правесьці слуханьні аб зьнікненьні палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Дзьмітрыя Завадзкага.

"Не сёньня-заўтра наш прадстаўнік асабіста перадасьць адпаведны зварот старшыні Эўрапарлямэнту Ежы Бузэку і лідэрам вядучых фракцый" — БелаПАН прыводзіць словы кіраўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

Паводле Лябедзькі, подпісы пад зваротам паставілі каля 40 вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, у тым ліку Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Колас, Яраслаў Раманчук, Сяргей Калякін, Вінцук Вячорка, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Рыгор Кастусёў.

"Наша мэта не толькі актуалізаваць тэму выкраданьняў вядомых у Беларусі людзей, але і стварыць абарону для тых, хто кідае выклік Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах. Адпаведны сыгнал можа зрабіць Эўрапарлямэнт", — сказаў Лябедзька.