Разьвітаньне зь беларускімі кнігарнямі


Яшчэ два дзесяцігодзьдзі таму кнігарні ў Беларусі існавалі ня толькі ва ўсіх гарадах і раённых цэнтрах, але і ў мястэчках і нават у буйных вёсках. На сёньня кнігарняў у Беларусі засталося толькі 88. Кнігамі не гандлююць ня толькі ў вёсках, але і ў многіх райцэнтрах.

Сытуацыю ў кніжным гандлі на сёньня высьвятлялі рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".


ГОМЕЛЬШЧЫНА


У кнігарні беларускую літаратуру знайсьці цяжка

У Гомелі няма беларускіх кнігарняў. Ёсьць толькі ў кнігарнях невялікія аддзелы беларускіх кніг. Найбольшы зь іх — у “Кніжным сьвеце”, што месьціцца на праспэкце Леніна. Аднак адшукаць беларускую кнігу й тут без кансультацыі зусім няпроста, бо шыльда напісана па-расейску.

Гаворыць супрацоўніца кнігарні:

“Гэта гандлёвая арганізацыя “Гомелькніга” дала нам такую шыльду. Такія малыя беларускія аддзельчыкі ва ўсіх кніжных крамах. У нас самы вялікі, але выбару асаблівага таксама няма. Пакупнікі пытаюцца, але нават і дзіцячай літаратуры — тонкіх такіх беларускіх кніжачак — амаль няма”.

На паліцах беларускія клясыкі — Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч, Якуб Колас, Янка Брыль — прадстаўлены пераважна ў так званай школьнай сэрыі “Бібліятэка школьніка”. Васіль Быкаў прадстаўлены раньнімі творамі: “Альпійская баляда”,”Сотнікаў”, “Круглянскі мост”. Больш позьніх твораў няма.

Гандлярка: “Барадуліна — няма, Бураўкіна — таксама няма. Замовы ў выдавецтвы мы пастаянна накіроўваем. Гэтым разам атрымалі шмат беларускіх вершаў — на беларускай і рускай мовах. Вось вершы паэтаў з гораду над Сожам — нашых гомельскіх паэтаў. Зараз новую сэрыю раманаў атрымалі — вось Шамякін, Пятрусь Броўка, Чыгрынаў, Чаргінец. Тут і на рускай, і на беларускай мовах. Гэта новая сэрыя “Бібліятэка саюзу пісьменьнікаў Беларусі”.

Трэба дадаць — афіцыйнага саюзу пісьменьнікаў, які ачольвае міліцэйскі генэрал Чаргінец “.

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ААТ “Гомелькніга” адкрыла невялічкую кнігарню, але з шыльдай па-расейску


ВІЦЕБШЧЫНА


Кніг папулярных беларускіх аўтараў у Полацку няма

У сталіцы беларускага кнігадрукаваньня, горадзе Полацку, на сёньня засталася толькі адна кнігарня "Сьветач".

У полацкай кнігарні "Сьветач" можна лёгка купіць апошні дэтэктыў якога расейскага пісьменьніка, а вось з апошнімі кнігамі папулярных беларускіх аўтараў паўстаюць праблемы — іх няма. Аматар беларускай літаратуры мясцовы жыхар Мікола Шарах паведамляе, што заўжды купляе кніжкі падчас нейкіх літаратурных сустрэчаў — асабліва калі беларускія пісьменьнікі самі распаўсюджваюць свае кнігі:

“Іх кніжкі выходзяць накладамі да тысячы паасобнікаў, і ў кнігарні яны не трапляюць. Таму, калі хочаш набыць самае новае нешта, то трэба хадзіць на ўсялякія прэзэнтацыі. Вось апошняя кніжка, што ў мяне зьявілася — кніжка Някляева. Кампанія “Гавары праўду” правільна робіць, што выдае кнігі. Бо ўлёткі розныя павыкідаюцца, а гэта застанецца. Я кожнай кампаніі параіў бы так рабіць!”

Пару тыдняў таму глыбоцкае рэклямна-выдавецкае прадпрыемства «Прэфект-інфо» выдала два зборнікі вершаў паэткі-зямлячкі Марыі Баравік. Гэта была акцыя-падарунак: кнігі выйшлі выключна дзякуючы спонсарскай дапамозе мясцовых актывістаў, хаця і невялікім накладам — 200 асобнікаў.

Спадарыня Марыя кажа, што дзяржаўныя выдавецтвы мала выдаюць беларускай літаратуры, асабліва калі гэта творы сябраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Таму ў кнігарнях не стае беларускіх кніжак. А ў мястэчку Падсьвільле, дзе жыве Марыя Баравік, кнігарню зачынілі ўвогуле:

“Ва ўнівермагу прадаюць усё, але кніжак там няма. Толькі ў Глыбокім ёсьць кнігарні. Але як я сама, то ў мяне дачка ў Менску, яна мне прывозіць кнігі, калі што якое. А так — усё. Была кнігарня яшчэ, як кажуць, за Саветамі. Але разбурылі яе, і лічыцца, мусіць, што кніжкі нам не патрэбны!”

У абласным цэнтры пару месяцаў таму кнігарню з трывіяльным расейскім назовам “Книги” раптам перайменавалі ў “Асьвету”. Але, як патлумачыла тамтэйшая таваразнаўца, асартымэнт кніг ніколькі не зьмяніўся:

“Не-не-не! Нічога не зьмянілася, усё як было, так і засталося. Назва была “Кнігі”, а цяпер так — па-беларуску. Проста іншая назва крамы”

Спадарыня патлумачыла, што прадпрыемства “Віцебсккніга” вырашыла перайменаваць краму ў нейкіх рэклямных мэтах — нібыта ёсьць загад, каб было болей назваў па-беларуску. Але беларускіх кніг пасьля гэтага ў краме болей ня стала — тыя самыя пара паліц, дый усё.


Слова "кнігарня" ў Віцебску ня ведаюць

Назва новая, асартымент стары




ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Няма ні аддзела, ні асобнай паліцы зь беларускімі кніжкамі"

У многіх раённых цэнтрах Гарадзеншчыны ўжо даўно няма кнігарняў, а кнігі прадаюць у лепшым выпадку ва ўнівермагах, а то і ў мэблевых альбо іншых крамах. Перадае Міхал Карневіч.

Што датычыцца таго, каб набыць на раёне кнігу сучаснага беларускага аўтара — гэта наагул немагчыма. Не прадаюць нават клясыкаў літаратуры, адзінае, што яшчэ ёсьць — сэрыя “Школьнай бібліятэкі”.

Вось, да прыкладу, што кажа пра кнігарню ў Ваўкавыску мясцовы жыхар:

Спадар: “Я нядаўна быў у кнігарні і ледзь не атрымаў шок: нават кнігу Васіля Быкава нельга купіць. І ня тое, што я так трапіў, прадавачка сказала, што іх наагул не завозяць. Стаяць кнігі Чаргінца і іншыя бздуры, нават тых клясікаў, якіх у школе праходзяць, і тое не купіць”.

У Мастах спадар распавядае, што кнігарню ўжо даўно перавялі ў краму зь дзіцячымі рэчамі, а ў яе будынку зрабілі кантору. Няма нават ні аддзела, ні асобнай паліцы зь беларускімі кніжкамі.

Спадар: “Я неяк пытаўся ня толькі ў дзяржаўнай краме, але і ў прыватнікаў — чаму няма беларускіх кнігаў? Мне адказалі, што няма попыту на беларускую кнігу”.

Сяргей Чыгрын
Слонімскі краязнаўца і журналіст, Сяргей Чыгрын, з жалем зазначае, што кнігарні цалкам пазьнікалі ў мястэчках і вялікіх вёсках. А ў самім Слоніме з 4 кнігарняў засталося толькі дзьве, прычым, зь яго слоў, разам з кнігамі ў краме райспажыўсаюзу прадаюць лядоўні і іншую бытавую тэхніку.

Чыгрын: “Калі заходзіш у нашы кнігарні, даводзіцца вельмі доўга там шукаць беларускія кнігі. Гэта маленькія-маленькія палічкі, дзе стаяць беларускія кнігі — усе астатнія па-расейску. Заходзіў у краму ў Зэльве, а там нават і палічак гэтых няма, а за прадавачкай стаіць толькі пару кніжак па-беларуску”.

Прадавачка са слонімскай кнігарні кажа, што насамрэч зь беларускай літаратуры ў іх толькі кніжкі, якія ў школьнай праграме. Але яна цалкам ня згодна, што на беларускую літаратуры няма попыту.

Спадарыня: “Летам прыяжджаюць расейцы і беларускую клясыку скупляюць. Дакладней, не расейцы, а беларусы, якія жывуць у Расеі. Ведаеце, са Слоніма вельмі шмат людзей жыве ў Сургуце. Яны імкнуцца купляць беларускіх клясыкаў: Васіля Быкава, Івана Шамякіна, а Уладзімера Караткевіча купляць ня толькі на беларускай мове, нават і на расейскай”.

Спадарыня зазначае, што карэнныя жыхары часта скардзяцца на дарагавізну кніжак. Нядаўна спадарыня набывала для свайго дзіцяці кніжку “Міколка-паравоз”, дык некалькі разоў перапытвала — чаму яна каштуе аж 15400 рублёў.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У райцэнтрах Ганцавічах , Івацэвічах і ў ва ўсіх былых мястэчках няма кніжных крамаў

Буйныя кнігарні ў рэгіёне існуюць толькі ў Берасьці, Баранавічах і Пінску. Шмат дзе крамы з кнігамі зьніклі. Цяпер распаўсюджвальнікі літаратуры мусяць прадаваць і канцтавары. Выжыць толькі на продажы кніжак амаль немагчыма, прызнаюцца ў кнігарнях. Падрабязьней Сяргей Ягораў

На Століншчыне раней амаль у кожнай буйной вёсцы існавала кнігарня. Цяпер набыць літаратуру магчыма толькі ў Пінску, дзе існуе тры крамы ААТ "Брэсткніга." Прыватныя распаўсюднікі прапануюць кнігі на рынках, але ў асноўным гэта камэрцыйная літаратура. Жыхарка вёскі Рубель Столінскага раёну нават не змагла дакладна ўзгадаць, як даўно кнігарня перастала існаваць у вёсцы:

"Раней існавала кнігарня, але цяпер даўно яе няма. Што тычыцца будынку крамы, то цяпер там разьмяшчаецца тэлефонная станцыя. А прычынай зьнікненьня кнігарні, мне падаецца, стала зьніжэньне попыту на кнігі. Раптоўна зьявілася тэлебачаньне, кампутары. Людзі сапраўды сталі менш чытаць."

У рэгіёне буйным распаўсюджвальнікам літаратуры зьяўляецца ААТ "Брэсткніга". Прадпрыемства намагаецца атрымаць доступ ў рэгіёны. Пакуль, праўда, гэта ўдаецца толькі праз крамы раённых спажывецкіх таварыстваў. "Брэсткніга" лічыцца акцыянэрным таварыствам, але 97% акцыяў належаць дзяржаве. І пры гэтым прадпрыемства мусіць працаваць у рэгіёнах на агульных падставах, канкуруючы з прадпрымальнікамі, якія вядуць іншую гаспадарчую дзейнасьць. Намаганьні стварыць філіялы ў Кобрыне, Маларыце не прынесьлі плёну, кажа намесьніца дырэктара "Брэсткніга" Сьвятлана Мікалаеўна. У фірмовых крамах набыць беларускамоўную літаратуру магчыма, попыт на яе існуе даволі вялікі, кажа Сьвятлана Мікалаеўна:

"Усё, што выпускаецца дзяржаўнымі выдавецтвамі, існуе і прадстаўлена ў нашых крамах. Ды і ўвогуле, мне падаецца, што на сёньня беларускамоўная літаратура даволі запатрабаваная."

У Баранавічах попыт на беларускамоўную літаратуру невялікі. Выратоўвае кнігарні супрацоўніцтва з рэгіёнамі ды продаж канцтавараў. У Ганцавічах і Івацэвічах кнігарні перасталі існаваць, многія накіроўваюцца ў Баранавічы, замаўляючы літаратуру:

"Зь беларускамоўнага ў нас бяруць хіба што толькі дзіцячую літаратуру. Гэта кнігі для дзіцячых садкоў, пачатковай школы. Што тычыцца беларускамоўнай мастацкай літаратуры, то яе ня часта купляюць. Але прыяжджаюць да нас зь Івацэвічаў і Ганцавічаў. Робяць замовы праз тэлефон, працуем з кліентамі індывідуальна."

Загадчыца пінскай кнігарні "Брэсткніга" кажа, што з-за зьмяншэньня колькасьці людзей у вёсках, з-за малых заробкаў кнігарні перасталі існаваць ў шэрагу мястэчак раёна. Тут проста цяпер не існуе пакупнікоў. Што да самога гораду, то цяпер назіраецца цікавасьць да беларускамоўнай літаратуры:

"Мне падаецца, што цяпер існуе цікавасьць да беларускай літаратуры. У прыватнасьці размова ідзе пра гісторыю Беларусі. Асабліва попыт на гісторыю ВКЛ і Сярэднявечча. Запатрабаваныя ўсемагчымыя нарысы."


МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Калі няма ніводнага беларускага выданьня, то людзі звыкаюцца і думаюць, што так і трэба"

У бальшыні райцэнтраў Магілёўшчыны кнігарні замененыя невялікімі кніжнымі закуткамі. Пакупнікоў тут няшмат ды й выбар кніжак невялікі. Творы беларускіх аўтараў найчасьцей застаюцца незапатрабаванымі.

У Слаўгарадзе, што за сорак кілямэтраў ад Магілёва, кніжнай крамы даўно няма. У райцэнтраўскім унівэрмагу — невялікі кніжны аддзел. Вялікага наплыву пакупнікоў тут не бывае. Попыт на кнігу мізэрны, прызнае супрацоўніца ўнівэрмагу:

“Беларуская літаратура цікавіць, калі ўжо зусім некаму патрэбна. Вялікага асартымэнту, скажу шчыра, і няма. Акрамя дзіцячых размалёвак і дзіцячых кніжачак мы зусім не прадаём. А вось беларускай літаратурай цікавяцца толькі абраныя людзі й тое, калі чэсна, прыежджыя”.

Фелікс Шкірманкоў
Слаўгарадзкі літаратар Фэлікс Шкірманкоў наведвае кніжны закуток, аднак рэдка што ў ім зь беларукага набывае, бо няма таго, што трэба. Усе кніжныя навінкі па-беларуску ён купляе праз прыватныя сеткі распаўсюду, альбо замаўляе праз знаёмцаў у Менску.

“Калі б у продажы былі беларускамоўныя кніжкі, дык можа людзі й купілі б іх. А калі яны зьнікаюць паволі й навокал не чуваць ні роднага слова, няма ніводнага выданьня па беларуску, то людзі звыкаюцца й думаюць, што так яно й трэба. Яны ж выдаюцца мізэрным накладам і таму ня могуць да нас дайсьці”.

Ня лепшая сытуацыя і ў самым вялікім райцэнтры Магілёўшчыны — Бабруйску. Тут кнігарняў багата, а вось з выбарам беларускамоўных кніжак праблемы, сьцьвярджае бабруйскі журналіст і былы настаўнік Аляксандар Сушчэўскі:

“Большасьці бібліятэк не хапае беларускамоўных кніжак для таго, каб забясьпечыць навучальны працэс у каледжах гораду, не гаворачы ўжо пра свабодны продаж. Так, ёсьць беларускамоўныя зборнікі для здачы тэстаў. Вось гэта ёсьць. А вось беларускія кніжкі я ня думаю, што здолею адшукаць”.

Падлічана, што на сёньняшні час нават менская сям'я траціць на кнігі менш як 1% сямейнага бюджэту, а ў рэгіёнах — усяго толькі некалькі тысяч беларускіх рублёў у год. Гэта вынік таго, што беларусы цяпер значна больш эканомяць, адкладваюць грошы на "чорны дзень."

Генадзь Вінярскі , які працуе дырэктарам выдавецтва "Кнігазбор", лічыць, што продаж беларускіх кніжак абавязкова пашырыць інтэрнэт-кнігарні:

"Ужо зараз людзі, якія больш "прасунутыя" і цікавяцца беларускімі кнігамі, маюць магчымасьць замаўляць іх у інтэрнэт-кнігарнях. Кошт на кнігі такі ж самы, як і ў рэальных кнігарнях. Перашкодай зьяўляецца, што папулярнасьць такіх кнігарняў пакуль мала раскручаная. Аднак ужо зараз відавочна, што фактычна будучыня для рэгіянальных аматараў беларускай літаратуры, нават у невялікіх і аддаленых паселішчах, — гэта інтэрнэт-кнігарні".

Сьвята пісьменнасьці ў Шклове: Колішнія беларускія хаты-чытальні цяпер выкарыстоўваюцца як элемэнт фальклёру
Найчасьцей беларускамоўныя кніжкі выстаўляюцца ў залях чытальняў на культурніцкіх мерапрыемствах.
Без камэнтару