Каля 30 чалавек, якія зьбіраліся на сьвяткаваньне Аршанскай бітвы, былі затрыманыя сёньня ў Воршы. Яны правялі некалькі гадзінаў у міліцэйскіх пастарунках і былі адпушчаныя без складаньня пратаколаў. На Рыгора Кастусёва быў складзены пратакол за парушэньне ПДР.
23.05 Алеся Пушкіна міліцыянты давезлі да вакзала і адпусьцілі. У Аршанскім РАУС зараз знаходзяцца Андрэй Мельнікаў, Уладзімер Сяргееў і Дзьмітрый Дайнэка
21.50 Мастак Алесь Пушкін зноў затрыманы. Пасьля таго як яго адпусьцілі з пастарунку транспартнай міліцыі ў Воршы, Алесь Пушкін накіраваўся на Крапівенскае поле, дзе быў затрыманы разам здачкой і сябрам.
21.10 На Рыгора Кастусёва ў пастарунку склалі пратакол за парушэньне правілаў дарожнага руху – у палітыка ў аўто былі шторы на вокнах. Цяпер Кастусёў піша скрагу на дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ, якія заўважылі шторы толькі пасьля гадзіннага знаходжаньня палітыка ў пастарунку.
Усіх, хто прыехаў на сьвяткаваньне зь Менску, дастаўлялі ў пастарунак транспартнай міліцыі і пасьля высьвятленьня асобаў прымусова адпраўлялі назад цягніком у Менск. Адпушчаны таксама і мастак Алесь Пушкін.
У Аршанскім РАУСе знаходзіліся 6 затрыманых. Усе адпушчаныя без складаньня пратаколаў.
20.30 Палітыка Рыгора Кастусёва затрымалі супрацоўнікі ДАІ на выездзе з Дуброўна ў бок Оршы. Супрацоўнік ДАІ Юры Шыцікаў паведаміў Кастусёву, што неабходна праверыць ягоныя дакумэнты на аўто і папрасіў праехаць у Дубровенскі РАУС.
Як паведаміў "Свабодзе" палітык, ён ужо больш за гадзіну знаходзіцца ў міліцэйскім пастарунку. У яго адабраныя дакумэнты на машыну і на яго пачалі складаць пратакол. Пакуль невядома за што.
Бард Андрэй Мельнікаў і актывіст Ігар Казьмярчак знаходзяцца ў Аршанскім РАУСе.
19.20 Мастак Алесь Пушкін, а таксама дэмакратычныя актывісты Сяргей Негасін, Артур Мірановіч, Леанід Ачапоўскі і Зьміцер Савельеў затрыманыя на чыгуначным вакзале ў Воршы. Яны накіроўваліся на сьвяткаваньне Аршанскай бітвы на Крапівенскім полі.
Паводле Алеся Пушкіна, міліцыянты цікавяцца мэтай паездкі актывістаў і пагражаюць, што пасядзяць назад на цягнік да Менску. Затрыманьні праводзіў маёр Казарын.
Усе затрыманыя зараз знаходзяцца ў пастарунку транспартнай міліцыі ў Воршы.
Як стала вядома карэспандэнту "Свабоды" туды пачалі прывозіць і затрыманых на Крапівенскім полі. Усяго у пастарунку цяпер знаходзяцца пяць чалавек.