Зачараваныя сьмерцю

Паводле ацэнкі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь адносіцца да краінаў з высокім узроўнем суіцыдаў. І статыстыка самагубстваў пагаршаецца цягам апошніх чатырох гадоў. Так у 2009-м колькасьць самагубстваў перавысіла 28 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Паводле крытэраў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, высокім лічыцца ўзровень, які перавышае 20 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.

Што змушае беларусаў часьцей за іншых лезьці ў пятлю, скідвацца з вышыні, класьціся на рэйкі перад цягніком ці шукаць іншыя спосабы заўчасна разьвітацца з жыцьцём? Гэта пытаньне дасьледавалі сёньня карэспандэнты «Свабоды».

ВІЦЕБШЧЫНА


«У прычынаў самагубстваў сацыяльныя карані»

Некалькі год запар сярод рэгіёнаў Беларусі Віцебшчына была ў лідэрах па колькасьці суіцыдаў. Паводле афіцыйных зьвестак, і сёлета тут добраахвотна пайшлі з жыцьця ўжо 268 чалавек.

Сёлета ў Воршы скончыў жыцьцё самагубствам 17-гадовы школьнік-інвалід першай групы. Юнак зьбіраўся ў школу, але выйшаў з кватэры, узьняўся на 9-ты паверх свайго дому і скочыў з вакна, — згадвае нашумелую падзею аршанскі праваабаронца Алег Граблеўскі:

«Выпадак самагубства хлопчыка-інваліда дагэтуль абмяркоўваюць у Воршы. Неўзабаве пасьля яго правялі некалькі нарадаў пэдагогаў і псыхолягаў. Аднак адмыслоўцы лічаць, што у нас ня створана сыстэма дапамогі ў сацыяльнай адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, нейкага сталага кансультаваньня. Усё гэта дужа фармалізавана і звычайна сканчваецца на этапе напісаньня афіцыйных папераў».

Насамрэч, паводле статыстыкі, выкладзенай на сайце Віцебскага псыханэўралягічнага дыспансэру, няма дадзеных пра самагубствы такой катэгорыі грамадзян, як людзі з абмежаванымі магчымасьцямі. Вядзецца ўлік па сацыяльным статусе — ці працаваў чалавек на момант сьмерці, а таксама ці быў ён у стане алькагольнага ап’яненьня, дзе пражываў і ў якім узросьце добраахвотна пайшоў з жыцьця.

Адказнасьць за жыцьцё школьнікаў і навучэнцаў сярэдніх навучальных установаў пасьля адмысловай праверкі віцебская пракуратура ўсклала на пэдагогаў-псыхолягаў і сацыяльных пэдагогаў. Менавіта іх праца была прызнаная недастатковай.

Рост колькасьці суіцыдаў, па зьвестках за мінулы год, быў зафіксаваны ў 12-ці з 21-го раёна Віцебшчыны. У тым ліку і ў Талачынскім раёне. Прычым, як перакананы актывіст з пасёлка Коханава Мікалай Петрушэнка, зьвесткі пра самазабойствы часам прыхоўваюцца, каб пазьбегнуць адказнасьці за дрэнныя паказьнікі:

Дзяўчына кінулася пад цягнік, ёсьць яе перадсьмяротнае пісьмо, а гэтая падзея праходзіць па статыстыцы як няшчасны выпадак.
«У нас 14-гадовая дзяўчынка засілілася ў Талачыне, а пахавалі яе па дакумэнтах як 19-гадовую. Зрабілі так, каб палепшыць статыстыку працы аддзела адукацыі ды іншых службаў. Далей казаць няма пра што! Другая дзяўчына кінулася пад цягнік, ёсьць яе перадсьмяротнае пісьмо, а гэтая падзея праходзіць па статыстыцы як няшчасны выпадак. Як актывіст кампаніі „Наш дом“ я яшчэ раз заяўляю: пакуль ня будзе праўды ў статыстыцы, ня будзе ніякага руху наперад!»

Паводле падлікаў адмыслоўцаў, сыходзяць з жыцьця людзі рознага веку і рознымі спосабамі. Але да гэтага, лічыць спадар Петрушэнка, іх штурхае адна і тая самая прычына:

«Галоўная прычына адна. І ў яе сацыяльныя карані. Гэта жыцьцёвая неўладкаванасьць і адсутнасьць пэрспэктыў. Жыцьцё сабачае! Безвыходнае! Адных яно штурхае да гарэлкі, другія скончваць жыцьцё самагубствам».

У газэце «Віцьбічы» на сёньня была анансавана акцыя гарадзкой арганізацыі БРСМ «Я люблю тебя, жизнь!» — раздача на плошчы Перамогі буклетаў па прафіляктыцы суіцыдаў. Аднак у абвестцы ня толькі ня быў пазначаны час, але і сама акцыя, як высьветлілася, праходзіла зусім у іншым месцы — каля канцэртнай залі «Віцебск».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


На Магілёўшчыне найбольш гучны розгалас выклікаюць выпадкі суіцыду сярод супрацоўнікаў міліцыі. Летась скончылі жыцьцё самагубствам двое міліцыянтаў. Столькі ж і сёлета.

У лютым 2009 году застрэліўся курсант Магілёўскага каледжа міністэрства ўнутраных спраў. Будучы міліцыянт вучыўся на другім курсе. У кастрычніку 2009 году ў Шклове ўчастковы міліцыянт застрэліўся ў кватэры сваіх бацькоў з табэльнага пісталета.

Сёлета 7 студзеня застрэліўся з паляўнічай стрэльбы прапаршчык дэпартамэнту аховы з Магілёва. У лютым скончыў жыцьцё самагубствам інспэктар па справах непаўналетніх з Бабруйска.

Афіцыйныя крыніцы толькі прызнаюць факты суіцыду сярод міліцыянтаў і інфармуюць, што вядзецца праверка. Прычынамі самагубстваў, як правіла, называюць праблемы асабістага характару, не зьвязаныя са службай.
Нармальны чалавек у такой сыстэме працаваць ня ў сілах.

«Некаторых міліцыянтаў, якія скончылі жыцьцё самагубствам, ведаю асабіста зь вельмі станоўчага боку. Нармальны чалавек у такой сыстэме працаваць ня ў сілах. Яму трэба, альбо трэба сыходзіць зусім — але куды сыходзіць? — а прызвычаіцца ня ўсе могуць. Вось толькі з-за гэтага людзі ідуць на самагубства», — лічыць палітык Рыгор Кастусёў.

Паводле магілёўскага псыхоляга Вольгі, міліцыянты знаходзяцца ў суіцыдальнай групе рызыкі. Як і ў бальшыні насельніцтва псыхалягічная культура супрацоўнікаў міліцыі крайне прымітыўная:

«Яны не давяраюць псыхолягам. Яны ня бачаць у псыхолягу чалавека, які можа дапамагаць. У нас псыхалёгія спажыўцоў: «А што ты мне можаш даць. Лекар мне выпіша пілюлі, а вы? Пагаворыце — й мне стане лягчэй? Вось гэта псыхалёгія спажыўца дужа перашкаджае людзям зьвяртацца да людзей дапаможных прафэсіяў».

У магілёўскай службе псыхалягічнай экстраннай дапамогі я пацікавіўся, ці зьвяртаюцца людзі туды па дапамогу.

«Пад кодам „суіцыды“ ў нас 80 зваротаў было. І суіцыдальныя намеры й суіцыдальныя пагрозы. Папярэднія спробы суіцыдаў. Са студзеня па ліпень у чатырох закончаны суіцыд адбыўся», — паведаміла супрацоўніца псыхалягічнай службы.

За сем месяцаў на Магілёўшчыне зафіксаваны 231 выпадак суіцыду. Паводле статыстычных зьвестак, колькасьць самагубстваў проці мінулага году вырасла амаль на адзін працэнт. У сельскай мясцовасьці — на тры працэнты.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Прычыны самагубства сябра гомельскага «Зубра» ня высьветленыя да сёньня.

У дэмакратычным асяродзьдзі Гомелю яшчэ да гэтага часу згадваюць актывіста незарэгістраванага руху «Зубр» Андрэя Зайцава. 20 сьнежня 2001 года яго знайшлі павешаным на спартовай перакладзіне ў бацькоўскай кватэры. Тады пракуратура Савецкага раёну адхіліла заявы сваякоў і грамадзкіх актывістаў пра давядзеньне да самагубства.

Андрэя Зайцава спрабаваў завэрбаваць мясцовы супрацоўнік КДБ. Дзеля гэтага скарыстоўваў і шантажы, і пагрозы па тэлефоне. Прыклад — архіўная стужка, якую Андрэй Зайцаў пакінуў на захоўваньне кіраўніку Гомельскай гарадзкой арганізацыі АГП Андрэю Толчыну.

«Ты, хлапец, не нахабнічай моцна. Ты нахабнічаеш, надта стаў акрыленым. Што, расказваў каму, з кім сустракаўся? А я да цябе нармальна ставіўся. А ў цябе бачыш, якое стаўленьне — ты здаваць сваіх ня хочаш. Таму падумай яшчэ раз і скінь мне на пэйджар — хочаш сустрэцца ці не? Ты падумай, паварушы мазгамі!»

Па дадзеных псыхіятраў, у Беларусі павялічваецца колькасьць суіцыдаў сярод непаўнагадовых. У 2009-м іх было ўжо 37. Колькасьць самагубстваў сярод дзяцей за чатыры апошнія гады павялічылася больш чым у 2,5 разы. Найчасьцей шукаюць сваю сьмерць дзеці зь сем’яў, бацькі ў якіх не працуюць і п’юць.

МЕНСК


У Беларусі існуюць чэргі з пацыентаў групы рызыкі

Прафіляктыкай суіцыдаў у Беларусі займаюцца рэгіянальныя і раённыя цэнтры памежнага стану чалавека, а таксама службы экстранай псыхалягічнай дапамогі. Асноўная нагрузка выпадае на такую службу ў Менску. Яе супрацоўніца псыхоляг Юлія кажа, што ў сталіцы штогод добраахвотна сыходзяць з жыцьця 200 і больш чалавек. Суразмоўца ўдакладняе, што ў групе рызыкі найперш людзі, якія страцілі працу:

«У стрэсавай сытуацыі іх псыхіка слабейшая, чым у іншых. Яны дрэнна спраўляюцца з праблемамі. Так, гэта ўплывовыя зьнешнія умовы».

Па колькасьці спробаў скончыць жыцьцё самагубствам Беларусь таксама апярэджвае краіны Эўропы з паказчыкам 34 выпадкі на 100 тысяч насельніцтва. З-за гэтага распрацавана дзяржаўная праграма нацыянальных дзеяньняў. Пад выканьне яе створаныя мэдычныя цэнтры памежнага стану. Цяпер тут плянавыя чэргі. Удакладняе ўрач менскага цэнтру:

«Наша аддзяленьне абслугоўвае пацыентаў з чаргі плянавай шпіталізацыі. Пазаплянавая шпіталізацыя адбываецца, калі хворы чалавек пагражае свайму здароўю ці іншым людзям. У такім выпадку — гэта пацыент РПЦ у Навінках».