“Калі б рускую мову не зрабілі дзяржаўнай, я б цяпер без праблем гаварыла па-беларуску”

Апытаньне “Свабоды”: “Паводле вынікаў апошняга перапісу, колькасьць жыхароў Беларусі, якія лічаць роднай мовай беларускую, скарацілася на чвэрць. Як Вы лічыце, які лёс чакае беларускую мову?”. Адказвалі жыхары Магілёва.

Спадарыня:
“Не, не памрэ. У школах жа вывучаюць. Дзеці ведаюць паэзію, чытаюць творы беларускія. Галоўнае, каб гаварылі на беларускай мове, бо ў школах гэта адно, а калі прыходзяць дамоў -- руская мова пануе”.

Юнак: “Чаму яна памрэ, нічога яна не памрэ. Гэта ж беларуская мова. Мы ж усё ж у Беларусі жывём. Многія людзі гавораць на рускай мове, але беларуская мова — родная мова. Усё адно яе будуць ведаць”

Карэспандэнт: “А што трэба зрабіць, каб людзі пачалі гаварыць па-беларуску?”



Юнак: “Прыбраць рускую мову -- і ўсё”.

Маладая спадарыня: “Калі сытуацыя будзе заставацца такой жа, гэты працэнт яшчэ скароціцца. Пакуль будуць дзьве дзяржаўныя мовы, людзям зручней будзе гаварыць па-руску. Калі б у свой час рускую мову не вярнулі як дзяржаўную мову, я б цяпер без праблем гаварыла па-беларуску”.

Спадар: “Так яно й застанецца, калі ня стане яшчэ менш. Выкарыстаньне мовы практычна не назіраецца. Неяк гвалтоўна насаджаць, напэўна, таксама ня слушна. Якія мэтады былі б дарэчы цяпер, я нават ня ведаю”

Юнак:
“Я ня думаю, што яна найперш памрэ. Мова пачынае зьнікаць таму, што ў нас дужа вялікі ўплыў Расеі, іхнай палітыкі. Школы павінны быць толькі на беларускай мове. Трэба рабіць так. Іначай мова застанецца толькі ў глыбінках Беларусі”.

Дзяўчына: “Калі людзі неяк задумаюцца, што яны патрыёты й жыхары Беларусі, то беларуская мова застанецца жыць. Мы жывём у Рэспубліцы Беларусь, то бок у нас павінна быць нацыянальная мова, й мы павінны таксама размаўляць на ёй”.

Малады спадар: “Я спадзяюся, што мова не памрэ, што яна будзе разьвівацца. Аднак для гэтага нешта трэба з заканадаўчага гледзішча рабіць. І яшчэ гэта павінна неяк у сьвядомасьці людзей праступіць, што гэта сапраўды свая родная мова”.

Спадарыня сталага веку:
“Мне здаецца, што пэрспэктывы ёсьць, бо цяпер жа дзеці вучаць аднолькава, што беларускую, што рускую. Калі я вучылася, то ў нас беларуская мова была па выбары, а літаратура абавязкова. Цяпер жа яны сур’ёзныя дысцыпліны, як матэматыка і ўсе астатнія”.

Спадарыня: “Да жалю, наша беларуская мова неяк адыходзіць на другі плян нават у школах. Дужа мала дзяцей, якія сапраўды разумелі б беларускую мову. Настаўнікі ня ўмеюць прышчэпліваць беларускую мову настолькі, каб дзеці яе з задавальненьнем вучылі. І без бацькоў настаўнікі, сапраўды, з гэтым ня могуць змагацца”.