У рэгіёнах вяртаецца цікавасьць да навучаньня па-беларуску

Сёлета ў Беларусі значна больш бацькоў скарысталіся канстытуцыйнай гарантыяй на навучаньне сваіх дзяцей па-беларуску. Паводле асноўнага закону, нават пры адной заяве адміністрацыі школ павінны адкрываць малакамплектныя клясы. Такіх ад 1 верасьня ў рэгіёнах было створана больш за 15. І якраз сёньня завяршаецца першы тыдзень новага навучальнага году. Якім ён быў для бацькоў і дзяцей, якія дамагліся навучаньня па-беларуску, высьвятлялі нашы рэгіянальныя карэспандэнты.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Беларуская кляса ў Магілёве створана пасьля шасьцігадовага перапынку

Ялінка Салаўёва
Сёлета на Магілёўшчыне беларускамоўнае школьніцтва папоўнілася дзьвюма малакамплектнымі клясамі: па адной адчынілі ў Магілёве і Горках. Больш за сямсот вучняў спасьцігаюць веды па-беларуску ў Асіповічах. Там поўнакамплектныя клясы.

Беларускамоўная кляса зьявілася ў Магілёве пасьля пярэрвы ў шасьць гадоў. Менавіта столькі гадоў Ялінцы Салаўёвай, адзінай вучаніцы ў гэтай клясе. Свой першы школьны тыдзень яна адвучылася адна.

«Ёй падабаецца. Вучні зь іншых клясаў прыходзяць у нашу клясу. У нас кніжак больш, чым у іхных клясах. Яны ўсе беларускія. Яны зь цікавасьцю глядзяць гэтыя кніжкі. Настаўніца прынесла шмат сваіх матэрыялаў. Па сваёй ініцыятыве езьдзіла ў Менск і там набыла беларускія падручнікі, пропісі, матэматыку на беларускай мове, якія тут складана знайсьці. Хаця б трое было б дзяцей, дык тады б было лепш. Быў бы паўнавартасны ўрок, а так цяпер нібыта рэпэтытарства», — апавядае маці першаклясьніцы Надзея Салаўёва.

У сёмай клясе чацьвёртай горацкай школы вучыцца Мікіта Каралькоў. Разам зь ім па-беларуску засвойваюць веды яшчэ трое школьнікаў.
Настаўнік павінен быць яшчэ і патрыётам, хоць троху. І ня толькі вешаць над сабой цытаты Купалы, Коласа, а ў настаўніцкай выгаворваць, а нашто вам гэта патрэбна.


«Няма падрыхтаваных настаўнікаў. Як прафэсіяналы яны ў сэнсе беларускай мовы слабыя. Такія ж слабыя, як і дзеці. Яны ня могуць паўнавартасна весьці ўрокаў па беларуску. Настаўнік павінен быць яшчэ і патрыётам, хоць троху. І ня толькі вешаць над сабой цытаты Купалы, Коласа, а ў настаўніцкай выгаворваць, а нашто вам гэта патрэбна», — зазначае Віктар Каралькоў, бацька Мікіты.

Не засталіся безь беларускай мовы сёлета й горацкія першаклясьнікі. Пяцёра зь іх тыдзень адвучыліся па-беларуску ў трэцяй мясцовай школе. У аддзеле адукацыі гарвыканкаму паведамілі, што на адкрыцьці клясы настаялі бацькі.

Найбольш беларускамоўных вучняў у Асіповіцкай гімназіі — 701. Навучальнай установе сямнаццаць гадоў і праблемаў з наборам вучняў не існавала. У кожнай клясе па два дзясяткі вучняў, кажа дырэктарка Сьвятлана Мамсікава.

«Сёлета была такая думка, каб адчыніць адну клясу расейскамоўную, але на гэта мы не пайшлі. Бо руская мова напэўна выціснула б беларускую. Мы засталіся беларускамоўнымі. Расейскамоўных клясаў у нас няма й не плянуецца».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У Берасьцейскім абласным ліцэі ствараюць беларускія факультатывы

Бацькі вучняў беларускамоўных клясаў на Берасьцейшчыне толькі скончылі падрыхтоўку да навучальнага году. Стварыць беларускамоўную клясу — гэта адзін з крокаў. Наступны, якому таксама перашкаджае шэраг складанасьцяў, — падрыхтаваць дзяцей і настаўнікаў да навучальнага году. Шмат якія школьныя прылады і падручнікі на беларускай мове набыць у рэгіёне немагчыма. Прыходзіцца выяжджаць у Менск. Тым ня менш, першы тыдзень новага навучальнага году прынёс задавальненьне і бацькам і вучням.

Першаклясьніца Ядзьвіга Малашчанка зь першага верасьня пачала наведваць беларускамоўную клясу ў Баранавічах. Яе бацькі Алег і Тацьцяна Малашчанкі кажуць, што перакананыя ў выбары мовы навучаньня. Гэта пойдзе толькі на карысьць. Увага да клясы ў горадзе даволі вялікая. Гэтымі днямі да Ядзьвігі далучылася яшчэ адна дзяўчынка, кажа спадар Алег:

«У нашым горадзе ў беларускамоўным клясе цяпер навучаецца дзьве дзяўчынкі. Гэтымі днямі да нашай ініцыятывы далучыліся яшчэ бацькі, таму цяпер утвараецца невялічкая кляса.»

Маці Ядзьвігі Тацяна кажа, што дзяўчынка не наведвала садок, таму акрамя новых і прыемных уражаньняў дачка сутыкнулася і са складанасьцямі — трэба рана ўставаць на заняткі. Тым ня менш і настаўніца, і школа ёй вельмі спадабаліся, а з новай дзяўчынкай, якая прыйшла ў кляс толькі два дні таму, яна пасябравала:

«Школа для дзяўчынкі была нечым новым, таму яна была проста ў захапленьні. Таму зараз яна з ахвотаю зьбіраецца ў школу. Дзяўчынка, якая далучылася да нашай дачкі, таксама кажа, што ёй вельмі падабаецца. Нягледзячы на тое, што яна толькі другі дзень у клясе, яны пасябравалі.»

Пятнаццаць дзетак наведваюць беларускамоўную клясу ў Бярозе. Вучні навучаюцца ў чацьвёртай клясе. Гараджане спрабавалі стварыць тут клясу для першаклясьнікаў, але ня здолелі. Вучні з ахвотай наведваюць школу, кажа настаўніца клясы Алена Гарматная:

«У першай клясе ў нас было 16 вучняў, цяпер — 15. Усе школьнікі нашай клясы забясьпечаныя падручнікамі па ўсіх прадметах.»

Вучні клясы з задавальненьнем наведваюць школу. Большасьць зь іх навучаецца даволі добра. Праўда, як прызнаюцца самі дзеці, часам прыходзіцца сутыкацца зь неразуменьнем збоку іншых дзяцей, якія кажуць, што не разумеюць іх словы:

Першая дзяўчына: «На працы я буду размаўляць толькі на беларускай мове!»

Другая: «Часам мае сябры мяне не разумеюць і просяць сказаць па-расейску».

Трэцяя: «Проста мяне часта не разумеюць на дварэ».

Настаўніца беларускай мовы берасьцейскага абласнога ліцэю Натальля Дуброўская кажа, што ў Берасьці з навучаньнем на беларускай мове сытуацыя выглядае ня вельмі добра. Так, напрыклад, цалкам і абсалютна беларускамоўных клясаў не існуе. Нават беларускамоўная гімназія № 3, не зьяўляецца прыкладам. Тым ня менш пачынаюць зьяўляцца факультатыўныя заняткі па беларускай мове ў многіх школах, прычым гэтая ініцыятыва сыходзіць з комплексных праверак:

«Пасьля бацькоўскага сходу настаўніца запыталася ў дзяцей, пра жаданьне наведваць факультатыў па беларускай мове. Адгукнуліся на гэтую прапанову толькі некалькі дзетак. Але вось бацькі ўсе зацікаўленыя ў існаваньні такога факультатыву. Таму цяпер мы вырашылі супрацоўнічаць з гэтай настаўніцай.»

ВІЦЕБШЧЫНА


Кіраўніца беларускай клясы гаворыць зь дзецьмі на расейскай мове

Сям’я Букаў. Алеся Бука крайняя справа.
Пяціклясьніца Алеся Бука зь вёскі Валодзькава ўжо тыдзень адвучылася ў беларускай клясе сярэдняй школы № 3 ў Глыбокім.

Паехаць вучыцца ў райцэнтар было для дзяўчынкі марай: яна знарок паступала ў глыбоцкую гімназію, каб ня толькі атрымаць добрую адукацыю, але й мець мажлівасьць вучыцца ў музычнай школе. Аднак за тыдзень да навучальнага году Алесіну маці Юлію Буку папярэдзілі, што беларускамоўнай клясы ў гімназіі ня будзе — маўляў, так вырашылі на сходзе бацькі сёлетніх пяціклясьнікаў.

Наведаўшы і райвыканкам, і адміністрацыю гімназіі, спадарыня Юля зразумела: давядзецца або пагаджацца на расейскамоўнае навучаньне ў гімназіі, або вяртацца ў Гатаўшчынскую школу — і дачка зноў будзе хадзіць на ўрокі за тры кілямэтры, адкінуўшы мары пра навучаньне музыцы.

Але знайшоўся трэці варыянт: самы няпросты, але прымальны для беларускамоўнай сям’і: дзяўчынку залічылі хоць і не ў гімназію, але ў беларускамоўную клясу, якая ўсё-ткі набралася ў 3-й сярэдняй школе. Юлія Бука, якая цяпер бачыць Алесю толькі па выходных, распавядае:

«Я ня чую ў ейным голасе ніякага хваляваньня, але ж я сама хвалююся! Новы калектыў. Дзяўчатак няшмат, але ўсе ж гарадзкія! Пакуль ёй усё падабаецца. Ну, яна ўжо адзіная ў клясе атрымала 8 па матэматыцы і ўчора 10 па фізкультуры. Мы толькі просім, каб старалася вучыцца, каб не было сорамна… Ужо ходзіць у музычную школу, будзе вучыцца граць на балалайцы. А так бы мы вярнуліся ў Гатаўшчыну — выбару ў нас не было».
Ёсьць некалькі момантаў, якія ўразілі спадарыню Юлію паводле аповедаў дачкі. Тое, што дысцыпліна ў вясковай школе была стражэйшай у адрозьненьні ад гарадзкой школы, і тое, што ў беларускую клясу паставілі кляснай кіраўніцай настаўніцу расейскай мовы, якая зь дзецьмі размаўляе па-расейску.

Апякуецца Алесяй яе старэйшы брат Данік. Ён вучыцца ў 8-й клясе той самай глыбоцкай гімназіі, куды ня трапіла Алеся — на ягонай «паралелі» ёсьць беларускамоўныя клясы. І брат, і сястра жывуць у гімназічным інтэрнаце: Алесю засялілі ў пакой да гімназістак, хаця яна і вучыцца ў іншым месцы. Дазвол на гэта дала дырэктар гімназіі.

Для Юліі Букі прынцыпова, каб дзеці вучыліся на беларускай мове. Яна ўладальніца аграсядзібы «Родны кут», дзе гасьцей сустракаюць і абслугоўваюць выключна па-беларуску. Хоць навучаньне ў райцэнтры паставіла перад сям’ёй цэлы шэраг праблемаў, перадусім пабытовых:

«Катлеты, дранікі, салаты абавязкова з сабой з дому бяруць. У іх там мікрахвалёўка ёсьць. Пяльмені могуць зварыць, але плітка там у іх, скардзіліся, дрэнная — доўга варыць. Даніку лішняя нагрузка — вадзіць яе ў музычную школу праз увесь горад. Канешне, гэта ўсё складанасьці, але гэта Алесін шанец. І яна задаволеная, што ўсё хоць так сталася. Яна мне кажа: «Мама, я буду вучыцца ў Глыбокім. Хоць ты ня будзеш хвалявацца, прыйду я цераз балоты дадому ці не прыйду!»

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Горадні чакаюць адкрыцьця беларускай клясы

Журналіст Уладзімір Хільмановіч і сям’я Астроўскіх на пікеце ў Горадні 2 верасьня.
Пасьля таго, як прафэсар Алесь Астроўскі разам з жонкай і дзецьмі, а таксама журналістам Уладзімерам Хільмановічам выйшлі пікетаваць Гарадзенскі гарвыканкам з патрабаваньнем даць магчымасьць іх дзецям навучацца на беларускай мове, сытуацыя пачала мяняцца да лепшага.

Алесь Астроўскі з жонкай Аксанай не пусьцілі 1 верасьня сваю дачку Сьвятлану ў школу, паколькі там не адчынілі ніводнай беларускай клясы. Пасьля праведзенага пікету ў гарвыканкаме ім прапанавалі выступіць на бацькоўскіх сходах з тым, каб зьявіліся яшчэ заявы ў беларускую клясу, маўляў, для яе адкрыцьця неабходна 15 заяваў. А дачка пакуль пайшла ў школу.

Вось, што кажа Алесь Астроўскі наконт таго, як бацькі рэагуюць на ягоныя выступы:
Хільміновіч: Я супраць таго „гета“ і ня буду аддаваць дзіця, дзе будзе нават двое ці трое іх. Патрэбна нармальнае асяродзьдзе і паўнавартасная кляса.


«Я калі выступаю і іншыя сябры ТБМ, то бацькі пляскаюць у далоні. Яны — „за“, але гэта не азначае, што яны гатовыя аддаць дзетак у беларускія клясы, паколькі трэба ўжо пераадолець іншы бар’ер. Гэта фэномэн, які трэба аналізаваць, мы ўсё народ лаем, а ён усё разумее, проста людзям трэба нармальна тлумачыць, даць правільную інфармацыю».

Спадар Астроўскі і ягоная жонка Аксана кажуць, што калі на працягу двух тыдняў улады не адчыняць беларускай клясы, то яны намераныя зноў забраць Сьвятлану са школы і будуць наймаць дахаты рэпэтытараў і за свае сродкі адукоўваць дачку.

Алесь Астроўскі кажа, што ў хаце яны размаўляюць толькі па-беларуску, на вуліцы дачка ў расейскамоўным асяродзьдзі і свабодна зь дзецьмі размаўляе, яна ўжо добра гаворыць на дзьвюх мовах, але вучыцца хоча на роднай мове.

Астроўскі: «Мы яе вучылі па беларускім буквары. Яна прыйшла ў клясу і кажа, што толькі адна і чытае, астатнія ня ўмеюць. І ёй так падабаецца ў школу хадзіць. Аказваецца, яна цярпела, пакутавала два дні, што ўсе дзеткі пайшлі ў школу з музыкай, кветкамі, апранутыя прыгожа, а яе не пусьцілі. Але маўчала, трывала, адчувала нешта важнае».

Уладзімер Хільмановіч кажа, што ягоная дачка да чатырох гадоў наагул ня чула расейскай мовы, пакуль не пайшла ў садок. У хаце чытаюць разам кніжкі, вадзілі яе ў беларускі гурток, але навучаць яе адну ў клясе ён не пагодзіцца, калі яна будзе адна.

Хільмановіч: «Я, да прыкладу, супраць таго „гета“ і ня буду аддаваць дзіця, дзе будзе нават двое ці трое іх. Патрэбна нармальнае асяродзьдзе і паўнавартасная кляса».

Спадар Хільмановіч кажа, што стварыць гэта проста: дастаткова аб’явіць набор у прэстыжнай гімназіі.

Алесь Лозка
Экспэрт «Свабоды» — старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка мае шмат прыкладаў, якія сьведчаць, што навучаньне па-беларуску вяртаецца ў рэгіёны. Ён кажа:

«Сапраўды, у цяперашні час зноў назіраецца ўздым — бацькі патрабуюць навучаньня па-беларуску. Гэта і ў Жодзіне, на Глыбоччыне, у Горадні, Магілёве і шмат дзе яшчэ. Канстытуцыйнага права на навучаньне і выбару мовы ніхто не адмяняў. Аднак чыноўнікі прыдумалі эканоміць грошы на беларускамоўным навучаньні. Зразумела, што зь і х боку ёсьць вялікія парушэньні і нам усім трэба змагацца, каб выправіць такое становішча».