Ці кінуцца фэрмэры браць калгасы?

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна ствараць прыватныя аграхолдынгі для разьвіцьця фэрмэрства. І прывёў у прыклад фэрмэрскую гаспадарку Міхаіла Шруба ў Жыткавіцкім раёне, які ў 2003 годзе ўзяў неэфэктыўны калгас «Шлях да камунізму». Ці гатовыя іншыя фэрмэры браць слабыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, ствараць аграхолдынгі, і наагул, ці пэрспэктыўная гэтая справа?

Аляксандар Лукашэнка, наведваючы фэрмэрскую гаспадарку Міхаіла Шруба ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці, паабяцаў, што дзяржава і далей будзе падтрымліваць такія гаспадаркі, і прапанаваў спадару Шрубу стварыць аграхолдынг, дзе ён самастойна будзе займацца падборам кадраў, наладжваць эфэктыўнасьць працы.

Ці адгукнуўся Міхаіл Шруб, адзін з самых пасьпяховых фэрмэраў Беларусі, у якога 1862 гектара зямлі, на прапанову стварыць аграхолдынг, то бок узяць яшчэ некалькі сельгаспрадпрыемстваў?

«Ня выключана, што будзем. Некалі цяжка было браць калгас. Але мы яго ўзялі і не шкадуем пра гэта».

Карэспандэнтка: «А ў прынцыпе, што можа ў гэты аграхолдынг у вашым выпадку ўвайсьці?»

«А што пакуль камэнтаваць? Пакуль рашэньня ж няма… У нашым выпадку гэта можа быць некалькі гаспадарак, якія, я спадзяюся, будуць знаходзіцца ня вельмі далёка. Свабодных земляў жа няма, на іх разьмешчаныя гаспадаркі, і ва ўсіх ёсьць праблемы. Таму і ўносіцца такая прапанова — браць гаспадаркі з усімі праблемамі».

Фэрмэрства пачало адраджацца ў Беларусі ў 1990-м годзе. Тады 84 чалавекі не пабаяліся рызыкнуць, узялі зямлю і пачалі працаваць самастойна. Пік разьвіцьця фэрмэрскіх гаспадарак прыпадае на 1993-94 гады. У 1993 годзе і былы галоўны інжынэр калгасу, а потым намесьнік загадчыка сельгасаддзелу Гомельскага абкаму партыі Міхаіл Шруб узяў 32 гектары зямлі і стаў фэрмэрам. Гутару з фэрмэрам з Шаркаўшчыны Алегам Райчонкам, які таксама ўзяў зямлю ў пачатку 1990-х:

«Як вы думаеце, кінуцца фэрмэры ратаваць сельскую гаспадарку?»

«Ніхто ня кінецца. Наўрад ці хоць адзін зьявіцца, вось убачыце. Як дзяржаўны калгас — ім фактычна бясплатна фактычна ўся тэхніка, угнаеньні. А фэрмэру ўсё за грошы трэба набываць. Стратная гэта справа. Таму — бяз шанцаў».
Як дзяржаўны калгас — ім фактычна бясплатна фактычна ўся тэхніка, угнаеньні. А фэрмэру ўсё за грошы трэба набываць.


Фэрмэр з Аршаншчыны Адам Сапежка таксама асаблівага аптымізму ня мае:

«Можа, адзін — два дурні і ламануцца. Я думаю, Шруб адзін такі ў Беларусі, другіх Шрубаў няма. Па-другое, фэрмэрства вельмі стракаты і расьцягнуты панятак: ад 500 гектараў да 1-2 гектараў. Для аднаго-двух чалавек, можа, і цікавы вопыт Шруба».

Карэспандэнтка: «А самі вы не адгукнецеся на такую прапанову?»

«Ні ў якім разе!»

Аглядальных па пытаньнях сельскай гаспадаркі тыднёвіка «Белорусы и рынок» Канстанцін Скуратовіч распавёў:

«Шэсьць гадоў таму занядбаныя калгасы, саўгасы раздавалі банкам, прадпрыемствам, казалі, што гэта найлепшае рашэньне, яны іх выцягнуць. Але цяжка, мусіць, знайсьці такога фэрмэра, у якога столькі грошай, колькі ў самага ўбогага камэрцыйнага банка. Я ведаю, БелАЗ узяў калгас. Яны проста пакрывалі страты ў сельскай гаспадарцы коштам сваіх прыбыткаў у прамысловай ці банкаўскай сфэры. А які фэрмэр гэта на сябе возьме?»

Журналіст Анатоль Гуляеў, які ўжо больш за 3 дзясяткі гадоў піша пра праблемы сельскай гаспадаркі, разважае так:

«Ці ламануцца фэрмэры браць калгасы? Не, не ламануцца. Увогуле, я ня ўпэўнены, што знойдзецца зараз хоць дзясятак фэрмэраў, бо ва ўсіх на памяці прыклады тых, хто некалі ламануўся, а потым яны пабывалі і пад арыштам, і на допытах. Адным зь першых фэрмэраў, які паспрабаваў узяць у арэнду калгас, быў віцебскі фэрмэр Уладзімер Рошчынскі. Усё ў яго пайшло, пачаў ён уздымацца, але потым на яго пачаўся ціск, яго спрабавалі арыштаваць і судзіць. І толькі ўмяшальніцтва журналістаў — у „Народнай Волі“ было некалькі публікацыяў — выратавала яго ад арышту. Быў такі фэрмэр Валер Красьнік, які таксама ўзяў у арэнду калгас. Таксама завялі крымінальную справу, і таксама толькі ўмяшальніцтва журналістаў выратавала яго ад турмы. Зараз ён працуе. І пра ўсё гэта фэрмэры ведаюць. І тое, што яны ламануцца зараз браць калгасы, ствараць аграхолдынгі — калі няма заканадаўчай базы, калі тыя законы, што ёсьць, можна павярнуць, як захочацца. Ня будзе такога масавага паходу ў калгасы».
Калі няма заканадаўчай базы, калі тыя законы, што ёсьць, можна павярнуць, як захочацца, ня будзе такога масавага паходу ў калгасы.


Жыткавіцкі фэрмэр Міхаіл Шруб перакананы, што напрамак абраны правільны. Але фэрмэрам патрэбна падтрымка, каб на іх распаўсюджваліся тыя захады, што робяцца зараз для дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў: у першую чаргу, доўгатэрміновыя і недарагія крэдыты:

«Ня ўсё так проста. Ня думайце, што гэта экспромт. Гэта рыхтавалася, рыхтавалася ў тым ліку і намі. Нейкія прапановы мы пралічвалі, распрацоўвалі праграму. На пэўных умовах прасілі дапамогі. Але ў якой канфігурацыі гэта ўсё будзе ажыцьцяўляцца, мы, канечне, ня ведаем, таму што гэта тычыцца дзяржаўных прадпрыемстваў. І канчатковае рашэньне трэба прыняць. Але тое, што рух у гэтым кірунку будзе, гэта ўжо, канечне, бясспрэчна».

Хто толькі не браўся за дапамогу сельскай гаспадарцы! І прамысловыя прадпрыемствы, і банкі, якіх абавязваў кіраўнік дзяржавы. Спрабавалі дапамагчы і замежнікі, якія ўзялі ў арэнду зямлю. Да прыкладу, немец Штоц, які стварыў сумеснае прадпрыемства «ШтоцАграСэрвіс». Але і ў яго зараз праблемы, кажа аглядальнік тыднёвіка «Белорусы и рынок» Канстанцін Скуратовіч:

«Я дакладна ведаю, што нават спадар Штоц, немец, які ўзяў у арэнду на 99 гадоў спачатку адзін калгас, потым другі, трэці, зараз ня вельмі добра сябе пачувае. Ня ў тым сэнсе, што яго разарылі, а ў тым сэнсе, што партнэры зь ліку мясцовых уладаў не выконваюць свае абавязацельствы і загналі яго ў вялікія выдаткі, зь якіх ён ня ведае, як выбіцца. А ўвогуле гэта ідэя выказвалася гадоў 10 таму. Гэта чарговы тлум такі, перадвыбарчая кампанія».

Ці выратуюць фэрмэры занядбалыя калгасы, пакажа час. Вось толькі колькасьць фэрмэраў у Беларусі з кожным годам памяншаецца. Для параўнаньня: у 1994 годзе ў Беларусі было каля 5 тысяч фэрмэрскіх гаспадарак. Паводле стану на 2009 год у краіне 2108 фэрмэрскіх гаспадарак. Але пасьпяховых і заможных, як сьцьвярджае Канстанцін Скуратовіч:

«Тры сотні максымум».