Клапы вяртаюцца ў хаты

Амэрыканскія навукоўцы сьведчаць пра глябальны распаўсюд пасьцельных клапоў. Паводле супрацоўнікаў унівэрсытэту Кэнтукі ў ЗША, працэс гэты ўжо немагчыма кантраляваць, да таго ж ён закрануў сьвет. Сярод прычынаў надзвычайнае папуляцыі экспэрты называюць глябальнае пацяпленьне, разьвіцьцё турызму, міграцыю насельніцтва, а таксама тое, што насякомыя прыстасаваліся да сродкаў, якімі зь імі змагаюцца.

Паводле віцэ-прэзыдэнта па сувязях з грамадзкасьцю пры Асацыяцыі амэрыканскіх кампаній, якія зьнішчаюць паразытаў Эліс Гэнрыксэн, "вынікі глябальнага дасьледаваньня сьведчаць, што мы – на парозе пандэміі клапоў, прычым ня толькі ў ЗША, але і ва ўсім сьвеце".

Нашэсьце клапоў ахапіла практычна ўсе амэрыканскія штаты


Чамусьці прынята лічыць, што ўкусы клапоў выклікаюць выключна непрыемны сьверб і, зразумела, стрэс. Тым ня менш, укусы такіх відаў гэтых крывасмокаў як трыатаміды могуць прывесьці да парушэньняў ў працы сэрца, нырак, эндакрыннай сыстэмы. Укусы ўсіх іншых відаў прыводзяць прынамсі да вельмі сур’ёзных алергічных рэакцыяў ды анэміі. Зьвязана гэта з тым, што насякомыя упырскваюць пад скуру ахвяры рэчыва, якое спрыяе больш хуткаму прытоку крыві і зьніжае яе згортваньне.

Галоўная праблема ў барацьбе з паразытамі палягае ў тым, што клапы могуць ўдала хавацца, транспартавацца з багажом, жыць у ложках ды канапах і выходзіць на “паляваньне” ў начны час, калі людзі сьпяць.

Паводле прафэсара энтамалёгіі ўнівэрсытэту Кентукі Майка Потэра, адмыслоўцы папярэджвалі грамадзкасьць пра рост папуляцыі крывасмокаў цягам дзесяцігодзьдзя, аднак грамадзтва пачало “прачынацца” толькі цяпер.

“Цяпер насельніцтва ахвяруе вялікія выдаткі на зьнішчэньне паразытаў, мае бяссонныя ночы, пастаянную занепакоенасьць і да таго ж няўпэўненасьць, ці ўдалося ад гэтых клапоў пазбавіцца. Зразумела, усё гэта надае стрэс", – кажа прафэсар Потэр.

Лічыцца, што за апошнія чатыры гады колькасьць клапоў у ЗША павялічылася ў паўтары тысячы разы і працягвае расьці. Улічваючы, што за суткі самка клапа адкладае 12 яек, працэс гэты непарыўны.

Нашэсьце клапоў ахапіла практычна ўсе амэрыканскія штаты акрамя, бадай што, Аляскі. Найбольш востра праблема адчуваецца ў Нью-Ёрку. Тут клапоў знаходзілі ў офісах, кінатэатрах і крамах. Клапы нават прывялі да закрыцьця эксклюзіўнай сеткі крамаў Victoria's Secret. Што да дамоў шэраговых грамадзянаў, то тут гэтыя насякомыя сталі пастаянным начным галаўным болем.

Як сьведчаць энтамолягі, цяперашняму распаўсюду клапоў спрыяў шэраг фактараў. Напрыклад, сучасны побыт. Так стала анахранізмам прасаваньне бялізны. Да таго ж, прыватныя дамы цяпер будуюцца зь гіпсакартону ды дрэва – ідэальных палігонаў для размнажэньня насякомых. У якасьці адной з галоўных прычынаў амэрыканскія экспэрты таксама называюць санітарную палітыку адміністрацыі Клінтана. Менавіта тады, у мэтах клопату пра здароўе грамадзянаў, быў рэзка скарочаны сьпіс ухваленых для барацьбы з клапамі атрутных ядахімікатаў. Не выключаецца, што ад гэтага моманту нашэсьце клапоў стала ўсяго толькі пытаньнем часу.
Паводле прафэсара энтамалёгіі ўнівэрсытэту Кентукі Майка Потэра, адмыслоўцы папярэджвалі грамадзтва пра рост папуляцыі крывасмокаў цягам дзесяцігодзьдзя, аднак грамадзтва пачало “прачынацца” толькі цяпер.


Сёньня праблема стала настолькі вялікай, што некаторыя штаты ЗША выступілі з ініцыятывай аб частковай адмене тых жорсткіх нормаў бясьпекі, якія былі ўведзеныя пры Клінтане. Некалькі сучасных атрутаў, забароненых для прымяненьня ў жылых памяшканьнях, паводле меркаваньняў заканадаўцаў, могуць быць выкарыстаныя і ў дамах. Тым больш, што ў прыватным парадку многія пакусаныя амэрыканцы ўжо прыцягнулі ў свае жыльлё ледзь ня ўвесь асартымэнт сельгасхіміі.

Зразумела, і гэтыя атруты не панацэя. Паводле амэрыканскіх энтамолягаў, тое, што здаецца сёньня выратаваньнем, заўтра будзе бессэнсоўным.

Неўзабаве з праблемай рана ці позна сутыкнуцца ўсе краіны


Як паказвае практыка глябалізацыі, неўзабаве з праблемай рана ці позна сутыкнуцца ўсе краіны. Насякомыя ўжо перасеклі акіян і добра адчуваюць сябе як у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, так і на Брытанскай высьпе.

Згодна з дасьледаваньнем, якое праведзенае Лёнданскай школай гігіены і трапічнай мэдыцыны, колькасьць скаргаў на клапоў у брытанскай сталіцы за шэсьць апошніх гадоў вырасла больш як на 28%.

Кампанія, якая змагаецца з паразытамі ў Лёндане (Rentokil) паведаміла, што сёлета колькасьць выклікаў у сувязі з клапамі ўзрасла на 24%.

"Цяпер мы маем самую складаную праблему ў барацьбе з гэтымі паразытамі, прычым на глябальным узроўні”, – кажуць брытанскія адмыслоўцы. Некаторыя брытанскія гатэлі ў гэтай сувязі вырашылі выкарыстоўваюць сабак, якія правяраюць пакоі на наяўнасьць клапоў. Адмыслова навучаныя ў ЗША жывёліны могуць знайсьці маленькіх насякомых, якія жывуць у матрацах, падушках і ложках, за 3 хвіліны.

Што тычыцца масавага вяртаньня клапоў на постсавецкую прастору, то гэтаму нядрэнна спрыяла прайшоўшае анамальна гарачае лета. Клапы, як вядома, вельмі любяць гарачае надвор'е і выдатна размнажаюцца ў такіх умовах. Зараз сытуацыя пачынае абвастрацца у цэнтральнай Расеі. Санітарныя службы вялікіх гарадоў гэтых рэгіёнаў, напрыклад, такога як Чэлябінск штодня прымае па некалькі званкоў грамадзян з заявамі аб укусах клапамі. Хутчэй за ўсё, наступная на чарзе – Масква.

У гэтай сувязі спэцыялісты – энтамолягі акрамя навінак бытавой хіміі раяць:


  • Зьвярнуцца да старых савецкіх кнігаў па дамоводзтву, дзе можна знайсьці некаторыя бабуліны ці дзедавы сакрэты барацьбы. Напрыклад, вытраўленьне паразытаў газай. Паколькі ў чыстым выглядзе ўжываць газу небясьпечна, лепш за ўсё выкарыстоўваць эмульсіі газы ў вадкім мыле. Таксама ў барацьбе з клапамі дапамагае нафталін. Варта дбайна абсьледаваць кватэру і заляпіць шчыліны, падклеіць шпалеры, калі яны адышлі. Карыснай практыкай варта лічыць прасаваньне пасьцельнай бялізны. Трэба быць вельмі асьцярожнымі з нядаўна набытым рэчамі і, па магчымасьці, апрацоўваць іх хімікатамі. Падхапіць клапоў, дарэчы, хутчэй можна ў вялікай краме, аднак не ў сэканд-хэндзе: там тавар праходзіць хімічную і цеплавую апрацоўку.
  • Таксама ўважліва трэба абсьледаваць мэблю. Як тую, што ўжо стаіць у кватэры, так і асабліва тую, якую зьбіраецеся купіць.
  • Калі здарыцца, што клапы ўсё ж такі паселяцца ў кватэры, неабходна выклікаць санітарныя службы. І варта прыняць той факт, што клапы вярнуліся ў наша жыцьцё надоўга: бо такую радыкальную атруту як дуст не вырабляюць ужо амаль 40 гадоў, а сучасныя прэпараты ў лепшым выпадку пазбаўляюць ад праблемы толькі часткова, а ў горшым зьяўляюцца пустым марнаваньнем сродкаў.