Адмена ліцэнзій: крок наперад — два назад

1 верасьня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб ліцэнзаваньні асобных відаў дзейнасьці», якім былі адмененыя ліцэнзіі ў шэрагу накірункаў прадпрымальніцкай дзейнасьці. Паводле афіцыйнага абгрунтаваньня, указ мае на мэце лібэралізацыю ўмоў эканамічнай дзейнасьці. Незалежныя прадпрымальнікі і эканамісты заяўляюць, што указ ёсьць залагоджваньнем прадпрымальнікаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

У адпаведнасьці з указам, з 1 студзеня адмяняюцца ліцэнзіі на 16 відаў дзейнасьці. Сярод іншых адной з найважнейшых прадпрымальнікі называюць адмену ліцэнзій на розьнічны гандаль. Прадстаўнікі дробнага бізнэсу чакалі гэтага дакумэнту некалькі гадоў, кажа прадпрымальнік Аляксандр Макаеў:

Аляксандр Макаеў
«За атрыманьне ліцэнзіі на розьнічны гандаль людзі плацілі па 90 эўра. Вось гэтую суму прадпрымальнікі зараз зэканомяць, зэканомяць таксама час. Гэтая палёгка, пра якую Лукашэнка, Мінэканомікі і Міністэрства па падатках і зборах заявілі, што праз гэта яны ўвойдуць у шэраг краін, лепшых у спрыяньні дробнаму бізнэсу. Паглядзім».

Скасаваньне ліцэнзаваньня ў шэрагу кірункаў дзейнасьці прадпрымальнікі называюць чаканым і станоўчым крокам з боку ўлады. Які, аднак, зроблены несвоечасова і не дае істотнага штуршка для разьвіцьця прадпрымальніцтва, кажа кіраўнік кампаніі «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў:

Віктар Гарбачоў
«Асноўная частка, 85% прадпрымальнікаў, якія задзейнічаныя ў гэтых галінах, яны ўжо набылі і аплацілі гэтыя ліцэнзіі на бліжэйшыя пяць гадоў. А зараз яны выбралі 16 відаў дзейнасьці, па якіх усё аплачана, і сьмела іх адмянілі. А астатнія, іншыя віды дзейнасьці, яны пакінулі — плаціце і надалей. І гэта зноў спроба падзяліць прадпрымальнікаў на нейкія катэгорыі. Таму гэта звычайная гульня перад выбарамі. Адбываецца заігрываньне з электаратам, а зараз і з прадпрымальнікамі. Істотнага зруху ў разьвіцьці прадпрымальніцтва гэта ня дасьць. Гэта крок наперад, але, як казаў таварыш Ленін, і два крокі назад».

Яраслаў Раманчук
Таго меркаваньня, што эканамічныя захады ўлады перадусім маюць палітычную матывацыю, таксама прытрымліваецца вядомы эканаміст і палітык, кандыдат на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Яраслаў Раманчук. У прыватнасьці, застаецца абавязковым для ліцэнзаваньня паліграфічная, выдавецкая, адукацыйная , адвакацкая дзейнасьць, аздараўленьне дзяцей за мяжой.

Яраслаў Раманчук: «Гэта, безумоўна, частка прэзыдэнцкай кампаніі спадара Лукашэнкі. І тое, што пад ліцэнзіяй засталіся такія віды дзейнасьці, як друкарская дзейнасьць, сьведчыць, што ўлады не жадаюць здымаць кантроль за распаўсюдам інфармацыі перад выбарамі. Што дзяржава — гэта ня толькі эканоміка, але таксама ідэалёгія, прапаганда, дзяржаўная інфармацыйная палітыка. Акрамя таго, паміж ліцэнзіяў існуюць розныя спосабы кантролю за бізнэсам, таму так, палягчэла, але трэба кардынальна мяняць сыстэму».