На падлёце да Парыжу ў самалёце я мітусьліва перабіраў у галаве тое, што ведаю пра гэты горад. Згадаць удалося ня так і шмат: Нотр-Дам дэ Пары, Люўр, Эйфэлева вежа, рака Сэна, Элізэйскія палі, стадыён "Стад дэ Франс". Вось, бадай, сходу і ўсё. Ну, а таксама прыгадаліся радкі "Парыж ня бачыў я ніколі, і ад таго чарніла п’ю". Здаецца, аўтар іх — Акудовіч, так?
Да афіцыйнай вечаровай прэс-канфэрэнцыі і трэніроўкі — яна, як звычайна, адбываецца за суткі да гульні — у журналістаў была магчымасьць глынуць крыху парыскага паветра і традыцыйна рынуцца подбегам па адным з турыстычных маршрутаў. Але, на шчасьце, у мяне ды двух калегаў атрымалася ўбачыць крыху іншы Парыж — вялікі дзякуй за гэта майму знаёмаму фатографу Джэфу Баніфасыно, які некалькі разоў прыяжджаў рабіць здымкі ў Беларусь. Замест Элізэйскіх палёў мы прайшлі па бульвары Вілет, дзе зарабляюць на жыцьцё непрыгожыя кітайскія прастытуткі, наведалі могілкі Пэр-Ляшэз, дзе сярод францускай буржуазіі пахаваны знакаміты музыка Джым Морысан, а таксама зайшлі ў невялікую крамку, каб набыць на спробу ня бачаных дагэтуль сыроў.
Пасьля быў "Стад дэ Франс". Вялікія стадыёны заўсёды ўражваюць, і парыскі 80-тысячнік не выключэньне. Падобных аграмадзінаў у сваім жыцьці я бачыў няшмат: "Сант'яга Бэрнабэў" у Мадрыдзе, "Эстадыу да Луж" у Лісабоне, "Ноў Камп" у Барсэлёне. Галоўны стадыён Францыі, збудаваны адмыслова для чэмпіянату сьвету 1998 году, знаходзіцца ў парыскім раёне Сэн-Дэні, які мае славу праблемнага. То бок позна ўвечары тут ня раяць прагульвацца, шукаючы парыскіх уражаньняў, бо ўражаньні гэтыя могуць быць ня самымі прыемнымі.
На прэс-канфэрэнцыю Бэрнда Штанге прыйшлі амаль выключна толькі беларускія журналісты. Зрэшты, зьдзівіўся я яшчэ ў аэрапорце, калі не пабачыў ніводнага мясцовага рэпартэра, які хаця б фатаграфаваў прылёт беларускай зборнай. Што гэта: поўная непавага да суперніка ці проста элемэнтарная ўпэўненасьць у сваіх сілах?
А Штанге, вядома, на такое стаўленьне крыху пакрыўдаваў і сказаў, што гэта добрая прыкмета для беларускай каманды. Маўляў, недаацэнка суперніка можа вылезьці новай зборнай Францыі бокам.
Пра колькасьць беларускіх заўзятараў на гульні Францыя-Беларусь казаць даволі сумна. Хаця лічбы называюцца даволі прыстойныя для нашай краіны — 200-300 чалавек. Ну, хай сабе нават паўсотні набярэцца — што яны змогуць супраць мора французаў? Але не, прэч такія думкі! Гэта вялікі ўчынак — адкласьці справы на пару дзён і ўкласьці заробленыя грошы ў футбольную вандроўку.
Пасьля трэніроўкі мы зноў сустрэліся з Джэфам, зьелі па лібанскім кебабе ды проста пасядзелі на ўзьбярэжжы Сэны, утаропіўшы вочы ў прыгожа падсьвечаны Нотр-Дам дэ Пары, і спрачаліся, як лепш: з дахам на асноўных вежах ці так, як ёсьць. А фатакамэры з сабой ужо не было.