Дзе ўзяць настаўнікаў замежных моваў?

З новага навучальнага году беларускія школьнікі будуць больш часу занятыя вывучэньнем замежных моваў: у звычайных школах замест двух урокаў на тыдзень будзе тры. Да таго ж клясы дзеляцца зараз не на дзьве групы, а на тры. Ці падрыхтаваныя школы да такіх зьменаў, дзе знайсьці настаўнікаў на дадатковыя гадзіны, па якіх падручніках вывучаюць замежныя мовы ў школах?

Пра чарговыя зьмены стала вядома за два тыдні да пачатку навучальнага году — адпаведная пастанова Мінадукацыі № 94 зьявілася 10 жніўня.

Начальнік упраўленьня Міністэрства адукацыі Юры Гладкоў паведаміў, што пакуль цяжка сказаць, колькі настаўнікаў не хапае:

«Зь месцаў чакаем інфармацыю, у пятніцу яна павінна паступіць. Тады будзем бачыць сапраўдную карціну. Будзем выходзіць са становішча, натуральна, тымі настаўнікамі, якія ў нас ёсьць у наяўнасьці».

Карэспандэнтка: «А чаму так позна пастанова зьявілася — толькі ў жніўні? І такія істотныя зьмены. Школы не падрыхтаваныя, атрымліваецца?»

Гладкоў: «Вы шукайце пазытыў у гэтым. А вы задаяце пытаньні, каб вышукаць нейкі нэгатыў. Настаўнікі задаволеныя».

Праблема — дзе знайсьці столькі настаўнікаў — звалілася на дырэктараў школ. Пасьля чарговай рэформы, пераходу школ з 12 на 11-годку шмат выкладчыкаў замежных моваў скарацілі.

Інспэктар Маладзечанскага раённага ўпраўленьня адукацыі спадарыня Натальля распавяла пра сёлетнія новаўвядзеньні:

«Зьявіўся новы вучэбны плян, замежная мова — 3 урокі на тыдзень замест факультатываў паменшаных. А было 2 урокі. І падзел на групы таксама: з 12 чалавек — на 2 групы, а з 25 — на 3. З настаўнікамі — праблема. У іх нагрузка „зашкальвае“, таму што так тэрмінова настаўнікаў ня возьмеш нідзе, Таму нагрузка па 35 — 36 гадзін у настаўнікаў. Па паўтары-дзьве стаўкі».
Давядзецца працаваць і ў суботу, і ўсё адно не ўкладзесься: па 7 — 8 урокаў штодня — гэта ж нерэальна.


У сельскіх школах наагул сытуацыя катастрафічная, распавёў настаўнік Пяцігарскай сярэдняй школы Бешанковіцкага раёна Георгі Станкевіч:

«Калі раней настаўнік працаваў на дзьве-тры школы, то зараз ён ня можа фізычна разарвацца, ён павінен працаваць толькі ў адной школе. Летась у мяне было 18 гадзін, сёлета 27, я закрываю ўсе гадзіны. А ў іншыя школы, дзе не хапае настаўнікаў, магчыма, будуць запрашаць пэнсіянэраў, магчыма, шукаць нейкія іншыя варыянты. Мне таксама прапаноўвалі яшчэ ў адной школе працаваць, але я не магу фізычна. Давядзецца працаваць і ў суботу, і ўсё адно не ўкладзесься: па 7 — 8 урокаў штодня — гэта ж нерэальна».

У сталічных гімназіях таксама праблемы, у некаторых дагэтуль не гатовы расклад па замежных мовах. Складана знайсьці памяшканьні — клясы дзеляцца зараз не на дзьве групы, а на тры, да таго ж замест трох урокаў на тыдзень цяпер абавязковыя чатыры, плюс яшчэ факультатывы. Акцэнт рэкамэндавана рабіць цяпер не на граматыку, а на слоўнікавы запас і гутарковую мову.

Па якіх падручніках вучацца беларускія школьнікі, пытаюся ў начальніка Упраўленьня школьнай адукацыі Юр’я Гладкова.

Карэспандэнтка: «Памятаю, на прэсавай канфэрэнцыі міністар Радзькоў казаў, што па замежных мовах таксама будзем пераходзіць на беларускія падручнікі».

Гладкоў: «Мы так і робім».

Карэспандэнтка: «Але зараз настаўнікі рэкамэндуюць карыстацца менавіта ангельскімі кніжкамі».

Гладкоў: «Як дадатковы матэрыял яны могуць выкарыстоўваць усё што заўгодна. Асобныя настаўнікі, некаторыя выкарыстоўваюць»

Карэспандэнтка: «Але беларускія падручнікі рыхтавалі ж адмыслова. Што ўсё ж такі Міністэрства адукацыі рэкамэндуе?»

Гладкоў: «У бліжэйшы час выйдуць рэкамэндацыі па вывучэньні замежных моваў з улікам усіх арганізацыйных зьменаў. Яны зараз рыхтуюцца Лінгвістычным унівэрсытэтам».

Да таго ж, праз два гады ў школах Беларусі будзе ўведзены абавязковы экзамэн па замежнай мове.

Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, у мінулым навучальным годзе 75% беларускіх школьнікаў вывучалі ангельскую мову, каля 20% — нямецкую, 4,5% — гішпанскую альбо францускую мовы. Летась 600 дзяцей вывучалі кітайскую мову.