Пасьля нядаўняй сэрыі вандровак ва Ўсходнюю Віцебшчыну сядзеў-думаў ужо над новай геаграфіяй маршрутаў. Ажно раздаўся тэлефонны SOS са старажытнага Друцка, ці Друцака, як паселішча называлі сотні год. На слухаўцы быў Аляксей Скрабнёў з узьніклай 5 год таму ў Менску Фэдэрацыі прыгодніцкіх гонак. Ён жа стаўся аўтарам ды арганізатарам у рамках гэтай грамадзкай арганізацыі, як сам кажа, адмысловага «сацыяльна-адукацыйнага праекту ў велапаходным фляконе». Ці прасьцей — спартова-пазнавальных вандровак па Беларусі для замежных турыстаў. Лёша выкладаў раней амэрыканскае краязнаўства ў Інстытуце сучасных ведаў, пісаў тэхнічныя тэксты па-ангельску. Акурат у жніўні адбываўся пілётны тур праекта. Пра далейшае распавядае сам спадар Скрабнёў.
Скрабнёў: «Прыехала сям’я — маці і два сыны, стала жывуць у Польшы. Маці, амэрыканка, 30 год таму выйшла замуж і пераехала жыць у Польшчу — Дэлія Уолбрыдж Госік. Я распрацаваў маршрут: Коханава-Ворша-Талачын-Сянно і, канешне, Друцак. У Друцаку можна па зямлі „прачытаць“, дзе былі валы, брамы. З намі быў апантаны ў добрым сэнсе чалавек — Петрушэнка, які ведаў гісторыю яго, якая нават і ў падручніках не прапісаная. Адна справа, калі бачыш насып, другая, калі пачуеш, што тут было і 500 год, і 300 год таму. Калі зацьверджаны маршрут, дык рэгіструюць толькі ў першым яго пункце. Але калі параўнаем зь іншымі краінамі, Беларусь адразу прайграе, таму што на Украіну нават ані амэрыканцам, ані палякам візы непатрэбныя — бярэш пашпарт, калі хтосьці спыняе, ты паказваеш.Тут мала таго, што трэба было візу атрымаць — яны атрымлівалі тэрміновую, за якую трэба было плаціць абсалютна шалёныя грошы: звычайная 140 даляраў амэрыканцам, а тая ўдвая больш! А ў самым Талачыне вельмі шмат папер трэба было запаўняць — абавязкова ад рукі. Там была чарга. Гэта звычайны пашпартны аддзел, і мы прастаялі гадзіны чатыры…»
Да памежных «блуканьняў па пакутах» дадаліся мясцовыя «цяжкасьці ды недарэчнасьці» ў раённым Талачыне.
Скрабнёў: «Вельмі дзіўна сабе паводзіць выканкам. Нават афіцыйная палітыка зараз — „адчыняць Беларусь“, „пазытыўны піяр“. Мы ім за тры тыдні даслалі факс. Яны ня толькі не адказалі, але зрабілі выгляд, што ён „ня вельмі чытэльны“. Каб не Петрушэнка, ня трапілі б ў месца з 1000-гадовай гісторыяй. Няма ніякіх указальнікаў, не гаворачы ўжо каб на ангельскай мове. Адзіны надпіс, які мы бачылі — „Moskaw“ на шашы Берасьце—Масква. Як нам гаварылі, па Друцку ня водзяць ніякія экскурсіі — нават са сваіх школ. Што можна чакаць ад гэтых улад?! Аддзел ідэалёгіі зрабіў нам экскурсію па Талачынскім музэі. Яны гавораць — „няма грошай, няма грошай“. Гэта значыць, прыярытэты у іх іншыя!»
Маё рашэньне ехаць у Друцак сасьпела тут жа. Балазе, адначасова ў Гальшанах адбылося ўсебеларускае гісторыка-тэатралізаванае шоў з нагоды 605-х угодкаў зь дня народзінаў князёўны Соф’і Друцкай-Гальшанскай, апошняй абраньніцы польскага караля Уладзіслава Ягайлы. Між іншым, род Друцкіх лічыцца ў беларускай арыстакратыі адным з найбольш разгалінаваных, прадстаўнікі якога на ўсім працягу існаваньня ВКЛ займалі высокія дзяржаўныя вайсковыя і дзяржаўныя пасады, валодалі маёнткамі ў розных мясьцінах Беларусі, Украіны ды Расеі. Аднак, акрамя пампэзнай урачыстасьці напачатку веку з нагоды сумнеўнага, паводле краязнаўцаў і гісторыкаў, тысячагодзьдзя мясцовасьці, зьвестак пра ўшанаваньне тутэйшых гістарычных славутасьцяў не паступала… У сучаснай вёсцы Друцк, дзе тры сотні жыхароў, заходжу ў першую ж хату на ўскраіне. На падворку 70-гадовая спадарыня Валянціна Кубека зь сябрам, спадаром Віктарам Буйніцкім. Самі карэнныя, жыва падхопліваюць тэмы, якія іх, відавочна, даўно хвалююць. Дарэчы, 3 гады таму тут узьнік аграгарадок на базе СВК «Друцк-агра».
Карэспандэнт: «А чулі пра сьвяткаваньне 605-годзьдзя Соф’і Гальшанскай?»
Спадарства: «Чулі, але ў Друцку сьвята ніякага не было — званы ў царкве званілі… У-уй! Як было пасьля двухтысячагодзьдзя з моманту заснаваньня, і ўсё! А Друцк па сваёй гісторыі годны такое сьвята кожны год рабіць! А ў нас ані сяляне, ані ўлада не адзначаюць — гэта ганьба!.. Паглядзіце — во ў доме ніхто не жыве, няма каму абкасіць. Хлявы разбураныя, да крамы па левым баку ўсе платы паваленыя, і нікому нічога ня трэба… Была лазьня, пральня — як стаў аграгарадок, усё закінулі. Каму гэтыя дамы будуюць? Газу ж не падвялі! Дачка там жыве — гаўбец „лопнуў“ і шкло высыпаецца. У аграгарадку няма даходу ніякага, садзіка — раней было шмат дзяцей. Даярак працаваць не хапае — і 600, і 400 атрымліваюць, а гэта не заробак. А зараз дачка свой і яго заробкі спусьціла, каб у школу двух дзяцей апрануць. Не было такога, як Маслакоў быў…»
Рэтраспэктыва. Спадар Валерый Маслакоў да апошніх мясцовых выбараў быў старшынём сельсавету. Пасьля быў зьняты з пасады. Вось вэрсія прыехаўшага таксама ў Друцак па май просьбе праваабаронцы ды краязнаўцы Мікалая Петрушэнкі.
Петрушэнка: «Маслакоў быў старшынём сельсавета, яго прызначылі старшынём падліковай камісіі. Ён правільна падлічыў — з адміністрацыі прэзыдэнта Папкоў меней за 50 %, Вазьняк з апазыцыі болей…»
Спадарыня: «Камусьці не спадабалася, захацелі прыбраць чалавека…»
Знаёмства з сучаснымі друцічамі працягваецца. Пастух Лявон сваё прозьвішча не назваў, каб «начальства ня лаялася».
Карэспандэнт: «Колькі кароў пасьвіш?»
Лявон: «250, за паўмесяцы мне выйшла 600 тысяч, а ці праўда, не ведаю. Па норме 80 на аднаго — мы ж удвох пасьвім не 160, а 250 за тыя ж грошы…»
Паколькі старэйшына вёскі быў у шпіталі, заходжу насупраць да дырэктаркі школы, спадарыні Сьвятланы Буднік. Тая пачынае, як той казаў, за здароўе — у школу да 1 верасьня назьбіралася ў навакольлі 46 вучняў.
Буднік: «Зрабілі поўны рамонт — усё пафарбавана, сталы абстаўленыя…»
Карэспандэнт: «А былі спробы за ўсе часы ад уладаў вярнуцца да гістарычнай спадчыны — вы ж павінны ў турыстычных хвалях купацца…»
Буднік: «Людзі ж прыяжджаюць…»
Карэспандэнт: «Ды да вас даедзеш! А ў вас ёсьць экскурсавод?»
Буднік: «У школе гісторык ёсьць, пэдагог-арганізатар, краязнаўчы куточак…»
Непадалёк, нібы ўзарваныя ці паваленыя землятрусам рэшткі цаглянага збудаваньня. Побач хата — напалову з забітымі акенцамі. Але пачуў унутры галасы. У паўзмроку сядзела былая даярка, пэнсіянэрка Тамара Парфёнава з дачкой. Пытаюся, што здарылася.
Парфенава: «Гэты быў хлеў са скатом — цяпер нічога няма. Гэта ўсё калгаснае — я плачу за кватэру. Пісала заяву раз, другі — „дапамажыце пабудаваць хлеў“. А яны — „купляй цэмэнт, усё“. А за што ж я буду купляць, старая баба? Пісалі-пісалі, а ён рухнуў. Хата таксама гнілая, таксама рухне, хай бы нас толькі не было. Хлеў бы паставілі — парасёнка, курчонка трымала. А куды зьвярнуцца? Ай, не буду зьвяртацца…»
***
У праўленьні «Друцк-агра» сустрэўся з галоўнай бухгальтаркай, спадарыняй Тамарай Голік. Жанчына загаварыла хутка і ў «тэму» — нібы, мяне чакала.
Голік: «Нам папросту нічога не далі, акрамя 4 млн. Грошы ішлі дарожнікам — паклалі асфальт на фэрме, вуліцы. Была пракладзеная цэнтральная толькі газавая труба і жыльлё — 10 домікаў. Крэдыты банка незваротныя, а ў нас ідзе ўжо зварот гэтых домікаў. Плюс крэдыты ёсьць акрамя гэтага — бялковую сыравіну бралі і на 88 млн трэба закрыць сёлета паліва. За месяц выручка ад малака 120 млн, 124 млн павінны маслазаводу. Ураджайнасьць 15 цэнтнэраў, да ўзроўню мінулага году недабралі тысячу тон збожжа. 29 млн нам за збожжа аддаў Багушэўск — гэта ўся выручка. Каб прадукцыя была якасная, залежыць ад людзей. А яны атрымалі заробак, іх не хвалюе, карова доеная ці не — толькі як дайсьці да крамы. Бульбу не вырошчваем год 10 — зь ёй складана працаваць, у тым ліку з хімікатамі. А ў нас скаціну няма каму часам пасьвіць…»
Каб прадукцыя была якасная, залежыць ад людзей. А яны атрымалі заробак, іх не хвалюе, карова доеная ці не — толькі як дайсьці да крамы.
Заходжу да мясцовай старажылкі — 79-гадовай Ніны Іванаўны Дудкевіч. Мо яна ведае, у чым карані сучаснага тутэйшага бяспамяцтва ды бязладзьдзя?
Дудкевіч: «27 год адпрацавала ў калгасе, пэнсію атрымліваю 700 тысяч, дапамагаю сыну, унукам…»
Карэспандэнт: «Каб замест такой пэнсіі заробак у маладыя гады?»
Дудкевіч: «Та-а-к! Пасьля вайны пахадзіла ў 5 клясу і трэба было працаваць — людзі бедныя, уручную жалі, касілі. Вёска была спаленая — увесь Друцк. Мужчын не было — з вайны прыйшло чалавек 5 калек. Нават плуг на сабе цягалі — галадоўка была. Памятую месяц у „вілках“ — зімой складалі гной у гурты. Кожны дзень месяц капалі, зарабіла 112 рублёў. У мяне трое дзяцей. Прыйшла дамоў, села — ну цяпер што-небудзь купім. А зьбіралі бульбу гнілую, зьмешвалі з мукой, у каго была. Пасьля вайны нажылі — было 196 кароў, нават па 2-3 было. Во цяпер у нас у вёсцы 2 ці 3 толькі…»
Карэспандэнт: «Дык гэта ўсё адбылося пры Лукашэнку, а вы, пэнсіянэры, яго ўхваляеце…»
Дудкевіч: «Лукашэнка невінаваты, людзі абляніліся — куплю, навошта карова гэта…»
Карэспандэнт: «Дык што — вёска памрэ?»
Дудкевіч: «Чаго? Вы ж паглядзіце, колькі дамоў будуюць…»
Карэспандэнт: «Быў я там — і дах абвальваецца, і падлога трашчыць, і сьцены працякаюць…»
Дудкевіч: «Гэта ўлада вінаватая, начальства — людзям як пабудуе, так і ладна. Спрэс п’янка — бабы п’юць, моладзь. Во мэханізатары ў нас у пасяўную і па 2 млн зарабляюць, калі тэхніка добрая. Жывёлагадоўчы комплекс у нас…»
Ужо разам з памянёным Мікалаем Петрушэнкам накіроўваемся да колішняга дзядзінца Друцака. Па шляху завіталі на фэрму па адкорму маладняка. Вакол згуртавалася пяцёра працуючых.
Карэспандэнт: «А колькі на даярку галоў прыходзіцца?»
Спадарыня: «Па 50. Усяго галоў 530. А мы мала зарабляем на дарошчваньні — ад вагі і 700, і 800. Скотнікі патрэбныя няп’ючыя, а ў нас у вёсцы ўсе п’юць — во заробак на днях…»
Петрушэнка: «Я на днях прывёз сюды амэрыканскую сям’ю — у райвыканкаме пабаяліся зь імі фатаграфавацца, а ваша загадчыца фэрмы Куніцкая Валянціна кажа — «хоць з чортам прыходзь, мяне хрэн хто заменіць на гэтай справе». Заходжу ў краму, у прадавачкі пытаюся, ці п’е мужык. А яна з годнасьцю — «як усе, беспрабудна!» (сьмех)
Са спадаром Петрушэнкам мы патрапілі адшукаць унутры рэшткаў гарадзішча жыватворную крыніцу, вада зь якой, кажуць, лякуе шчытападобную залозу. Але не адшукалі памятны крыж у гонар 1000-годзьдзя Друцака, некалі асьвечаны мітрапалітам Філарэтам. Аднак час пагаварыць пра недакладнасьць той даты настаў.
Карэспандэнт: «1067-мы — год, калі ўпершыню Друцак узгадваецца ў пісьмовых крыніцах, а тысячагодзьдзе ўжо адзначана. У чым справа?»
Петрушэнка: «Людцы добрыя, праваслаўе і каталіцызм раскалоліся ў 1054 годзе. Пра гэта ведаюць шасьціклясьнікі, а вось наша Акадэмія навук сьцьвярджае, што тут у 1001 годзе была пабудаваная праваслаўная царква. І паспрабуй каму-небудзь што-небудзь! Але гэта толькі адна гісторыя. Друцак быў цэнтрам гандлю рабамі. І, урэшце, наваградзкаму, смаленскаму, менскаму князям гэта надакучыла. Друцак разрабавалі, вывезьлі людзей у суседні Крамянчуг. Нашы ж мясцовыя ўлады хочуць, каб нашы працаўнікі былі, як рабы. Братцы, але ж гэта Друцак! Адзіны ў краіне прыклад, калі захаваўся старажытны дзяцінец! З гэтымі старажытнымі, турыстычнымі аб’ектамі трэба насіцца, як зь пісанай торбай! А вось зараз у Гальшанах сьвяткавалі 605-годзьдзе Соф’і Друцкай. 17-гадовую дзяўчыну аддалі замуж за 75-гадовага Ягайлу. Яму нарадзіла 2 сыноў, а яе абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе. Апраўдалася перад трыбуналам і вырасьціла двух каралёў. І хто сказаў аб Соф’і ў нашым Друцаку ці Талачыне?! Другі прыклад: у далёкай Нямеччыне сёлета з нагоды юбілею Грунвальдзкай сечы гісторыкі раскапалі сьведчаньне пра тое, што Друцкая харугва змагалася супраць тэўтонаў. Цішыня пра гэта! А год 5 таму Шашалевіч, раённы начальнік па спорце гаварыў, што мы тут зробім цэнтар рыцарскай культуры. З таго часу ніводнага сьвяткаваньня. Затое ў мінулым годзе Нацыянальны цэнтар па турызьме паехаў у Азерцы на вінзавод — «трэба рабіць фэст «барматухі» «Актобар-фэст»! Гледзячы на адносіны ўлады да гістарычнай спадчыны, нагадаю свой верш, у якім такія словы:
«Заплылі на чужыну чаўны, каралі і князі ў іх — імёны!
А чужынцы нам шэпчуць — маўчы! Вашы душы даўно ў палоне…»
А чужынцы нам шэпчуць — маўчы! Вашы душы даўно ў палоне…»
У Аляксея Скрабнёва, піянэра міжнароднага краязнаўчага велатурызму, пры канцы я спытаў:
Карэспандэнт: «Ваша рашэньне — будзеце надалей падарожнічаць па ТАКОЙ Беларусі?»
Скрабнёў: «Канечне, абавязкова! Іншай Беларусі няма. Трэба самім ехаць, пытацца, мо, нават і заплаціць чалавеку. А што ад уладаў чакаць? Не па беларускіх сьцяжынках яны бегаюць!»