Вэрсіі выбуху каля расейскай амбасады

Пра тое, што да выбухаў каля расейскай амбасады могуць быць датычныя беларускія ўлады, заявілі ўчора расейскія палітыкі Ўладзімер Жырыноўскі і кіраўнік палітычнага дэпартамэнту партыі «Единая Россия» Аляксей Чадаеў.

Магчыма, менавіта іх меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка ў сёньняшніх заявах, калі казаў: «Што тычыцца гэтай хуткай абвінаваўчай рэакцыі з боку Расеі, то я пачынаю падумваць, каму гэта трэба было?”

У камэнтары Аляксея Чадаева, разьмешчаным на сайце партыі гаворыцца:

“Беларусь – гэта вельмі невялікая краіна, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. Ступень інфармацыйнай празрыстасьці для спэцслужбаў дастаткова высокая. У прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пяць ці шэсьць розных спэцыяльных кантор, якія займаюцца зборам інфармацыі. Усё "змагары з рэжымам" і актывісты знаходзяцца пад шчыльным каўпаком. Таму ўявіць, што нейкія сілы плянавалі такую сур'ёзную акцыю і ніхто аб гэтым не ведаў, – гэта сьмешна. Можна выказаць здагадку, што спэцслужбы Беларусі валодалі інфармацыяй аб падрыхтоўцы акцыі. І той факт, што сілы правапарадку не прадухілілі гэты інцыдэнт каля расейскай амбасады, кажа пра тое, што гэта – сыгнал для кіраўніцтва Расеі і для ўсіх нас. Сыгнал, які трэба прыняць да ведама”.

Аднак ня ўсе расейскія экспэрты і палітыкі падзяляюць такія ацэнкі. Напрыклад, на думку старшыні камітэта Дзярждумы па справах СНД і сувязях з суайчыньнікамі Аляксея Астроўскага (дарэчы, аднапартыйца Ў. Жырыноўскага) “інцыдэнт на тэрыторыі расейскай амбасады ў Менску наўрад ці інсьпіраваны прадстаўнікамі якіх-небудзь уладных структур Беларусі”. Паводле Астроўскага, “гэта спроба некаторых сіл выкарыстаць напружаныя моманты ў расейска-беларускіх адносінах з тым, каб яшчэ больш іх абвастрыць і пагоршыць. У Беларусі, я лічу, ёсьць асобы, якія падтрымліваюць падобную правакацыю. І, магчыма, тыя, хто выканаў яе, былі зацікаўленыя накіраваць грамадзкую думку па ілжывым сьледзе, каб пасеяць зерне сумневаў наконт недатычнасьці прадстаўнікоў улады да гэтага інцыдэнту".

Пагроза паўтору падобных дзеяньняў у далейшым захоўваецца, лічыць намесьнік дырэктара Інстытуту краін СНД Уладзімір Жарыхін. На яго думку, ініцыятарамі акцыі выступілі тыя, хто на хвалі пагаршэньня адносін паміж кіраўніцтвам РФ і Беларусі "імкнецца атрымаць дывідэнды ў ходзе выбарчай кампаніі".

Аднак экспэрт ня бачыць падставаў для сьцьвярджэньняў, што гэты напад мог быць зроблены з маўклівай згоды беларускіх уладаў. "Уявіць сабе, што гэта дзеяньне адбывалася ад афіцыйных структур Беларусі, у мяне няма ніякіх падставаў. Я не бачу якіх-небудзь выгадаў для беларускіх афіцыйных структур у гэтым дзеяньні", – адзначыў У. Жарыхін.

Расейская газэта "Взгляд" дае хроніку нападаў на расейскія амбасады ў сьвеце за апошнія гады. У траўні гэтага году выбух адбыўся каля амбасады РФ у Кабуле, ніхто не пацярпеў. Пазьней выказваліся здагадкі, што баевікі цэлілі не ў дыпляматаў, а ў прадстаўнікоў кааліцыйных войскаў.

  • 27 ліпеня 2009 года 39-гадовы мужчына спрабаваў пратараніў на аўтамабілі браму амбасады Расеі ў Токіё. Ён патрабаваў вярнуць Японіі Курыльскія выспы. Пасьля затрыманьня нападніка паліцыя знайшла на сядзеньні кіроўцы меч.
  • А ў 2007 годзе, у ноч на 3 траўня, быў зроблены напад на стаянку службовых машын амбасады Расеі ў Фінляндыі, пашкоджаньні атрымалі чатыры аўтамабіля.
  • У 2004 годзе ў расейскай амбасадзе ў Варшавы былі выбітыя вокны. Напад распачалі ўдзельнікі 10-тысячнай маніфэстацыі шахтараў, якія пратэставалі супраць закрыцьця сваіх прадпрыемстваў. Яны закідалі амбасаду пэтардамі, мэталічнымі шрубкамі і камянямі.
  • 3 студзеня 2000 быў зроблены напад на амбасаду Расеі ў Бэйруце. Побач з будынкам прагрымелі некалькі выбухаў, адбылася перастрэлка, у выніку чаго загінулі два чалавекі, яшчэ некалькі атрымалі раненьні.