Свой прыватны рэйтынг, прысьвечаны самым дарагім беларускім кнігам, крытык Маргарыта Аляшкевіч назвала «Кіпсек. Убоства раскошы». Кіпсекам водле стандартаў кнігавыдавецкай справы мянуецца раскошна аформленая кніга або альбом. Айчынныя кнігарні прапануюць багата ілюстраваныя альбомы мастакоў і выданьні аб Беларусі, яе прыродзе і культуры. Кошты вагаюцца ад некалькіх дзесяткаў тысяч да некалькіх мільёнаў рублёў. Кожнай зь пяцёркі абраных багацеек спадарыня Аляшкевіч таксама дадала свой цэтлік.
Дзяўчына эскорту
Зямля сілы. Менск, «Беларуская энцыкляпэдыя», 2009
Найбольш пашыраная і найбольш раздражняльная група кніг — выданьні, часта расейскамоўныя, пра нашы прыродныя багацьці, кшталту «Охота в Беловежской пуще», «Беловежское ДИВО». Чаму яны раздражняюць? Гэтыя кнігі — сапраўдныя лярвы. Іх мэйкап і апратка (то бок, афармленьне і скураная, часам з цнатлівымі матузкамі, вокладка) быццам бы ў парадку. Але зусім не па-шляхецку яны запрашаюць гасьцей паглядзець, чым мы багатыя: у Белавежы і бяз іх ідзе незаконная высечка і паляваньне, а тут такое ласкавае запрашэньне, у бок багацеяў зьвернутае — айда на зуброў і векавыя дубы!
Але ёсьць у гэтым лубковым шэрагу і выключэньні. Калі працягнуць накінутае параўнаньне, дык кніга «Зямля сілы» — гэта дзяўчына эскорту. Выкшталцоная, элегантная і дарагая. Гэтае дзіцё «Беларускай энцыкляпэдыі» пабачыла сьвет пры фінансавай падтрымцы Нацыянальнага парку «Белавеская пушча» і РУП «Белтэлекам», каштуе больш за 430 тысяч. Затое і ўтрымлівае: легенды і вершы, каліграфічныя тэксты, выкананыя паводле паэмы «Песьня пра зубра» і «Іпацьеўскага летапісу», малюнкі, гістарычныя карты, фотахроніку — усё пра гісторыю пушчы. Пяцікіляграмовае выданьне (600 старонак) стала вянцом сьвяткаваньня 600-годзьдзя ўсталяваньня ў пушчы запаведнага рэжыму і выйшла накладам 4 тысячы асобнікаў, палова якога на беларускай і ангельскай мовах, палова — на беларускай і расейскай.
Камень згаршэньня ворагам беларушчыны
Наша Ніва. 1912-1915, 1920: Выпуск 5. Факсымільнае выданьне. Менск, «Тэхналёгія», 2010.
З выхадам пятага тому факсымільнага выданьня «Нашай Нівы» Беларусь нарэшце займела ўвесь камплект. Дасюль поўнага збору нумароў газэты-легенды мы ня мелі ані ў Нацыянальнай бібліятэцы, ані дзе яшчэ. Гэтая вялікая чорная кніга каштуе пад 150 тысяч і важыць, як маленькі слон. Калі ваш апанэнт не прыслухаецца да цытатаў з першай масавай беларускай дэмакратычнай газэты пачатку ХХ стагодзьдзя і працягне ўпірацца, не прызнаючы за Беларусьсю і тытульнай мовай нацыі права на самастойнае існаваньне, — можа і па карку дастаць. Удар, улічваючы саліднасьць фаліянту, займее лятальныя наступствы (міжволі згадваецца новазапаветнае, пра камень, які, адкінуты будаўнікамі, тым ня менш кладзецца ў аснову, а на каго падзе, таго раздушыць). Выданьне, як і належыць факсыміле, з максымальнай ступеньню падабенства аднаўляе арыгінал (намагаецца захаваць памеры, зьнешні выгляд паперы, пераплёту, асаблівасьці тэксту ды ілюстрацый). Чаму б вам захацелася адчуць атмасфэру беларусізацыі дваццатых гадоў мінулага веку? Бо гісторыя любіць паўтарацца, і падобны бурны пэрыяд нацыянальнага адраджэньня мы ўжо мелі ў шчасныя 90-я…
Між іншым, чацьвёрты выпуск факсымільнай «Нашай нівы» — за 1911 год — выйшаўшы на колькі гадоў раней, ляжыць побач. Памер мае звычайны і кошт — прыстойны (крыху больш за 10 тысяч).
Напалеон Орда для піжонаў
Напалеон Орда. 2-е выданьне са зьмяненьнямі. Менск, «Беларусь», 2008
Альбомам, прысьвечаным нашаму слыннаму земляку, піяністу, мастаку, кампазытару і краязнаўцу Напалеону Орду, мне ўдалося зацікавіць адну пераборлівую паненку ў Цэнтральнай сталічнай кнігарні. Яна выбірала падарунак замежнаму сябру, але жаданае аўтэнтыкі, якая б добра прэзэнтавала Беларусь, не знаходзіла. А тут — сябра Шапэна, Ліста, Бальзака ды плоймы іншых эўрапейскіх знакамітасьцяў, скрупулёзныя і дэталёвыя малюнкі архітэктурных помнікаў Беларусі ХІХ стагодзьдзя — больш за 200 мясьцін, ды біяграфія, ды подпісы на дзьвюх мовах, беларускай і ангельскай. Прадугледжаныя два варыянты — у скураным пераплёце за прыблізна 200 тысяч, і, для піжонаў, у пераплёце сувэнірнай кнігі з мастацкай устаўной скурай — на 60 тысяч даражэй.
«Першая прыгажуня» супроць «Атласа мира»
Алена Масла. Першая прыгажуня. Менск, «Літаратура і Мастацтва», 2010
Апафэоз пустэчы. Спадчыну Беларусі праглынае кніга-бар
Аляксандр Аляксееў, Алег Лукашэвіч. Спадчына Беларусі. Менск, «Менская фабрыка каляровага друку», 2007
«Спадчына Беларусі» ў пераплёце сувэнірнай кнігі — выданьне, выпушчанае пры падтрымцы ня больш, ня менш, як UNESCO. Гэты шыкоўна ілюстраваны фотаальбом за тры гады перавыдаваўся восем разоў агульным накладам 26500 асобнікаў — паводле інфармацыі «Акадэмкнігі», айчыннае кнігавыдавецтва такога прэцэдэнту ня ведала. Першае выданьне ўтрымлівае фота культавых збудаваньняў краіны — агульныя пляны храмаў, элемэнты іх росьпісу, унутранага і зьнешняга дэкору, абразоў. Другое прысьвечана залатым і срэбным скарбам, адшуканым на нашых землях. Кніга мае два варыянты — цёмна-дубовага колеру на беларускай і ангельскай, жоўценькае — на расейскай.
У Цэнтральнай кнігарні Менску з «Спадчынай» адбываецца яшчэ адно падваеньне. Адзін асобнік стаіць у аддзеле беларускай літаратуры. Другі вы адразу не заўважыце. Ён схаваўся сярод… скураных вырабаў. Выданьне губляецца за разнастайнымі вокладкамі, візытоўніцамі ды біклажкамі, за таўстухай «Книгой почётных гостей», пустыя старонкі якой каштуюць амаль столькі ж, колькі ўся «Зямля сілы». Многія з нашых кіпсекаў маюць аднолькавы кошт (262.600) — як патлумачыла прадавачка, гэта кошт пераплёту. Хочаце набыць крыху пустэчы за 325 тысяч? Вось сярод іншага гарбарнага дабра «Кніга-бар. In vino veritas ». На дзьве бутэлькі.