У вёсках яблыкі па 200 рублёў, у горадзе — па 2000

У Беларусі на сёньня 756 тысяч асабістых дапаможных гаспадарак. Гэта на 175 тысяч менш, чым 10 гадоў таму. Пры гэтым прыватнікі вырошчваюць трэцюю частку ўсёй сельгаспрадукцыі. А найбольш працаёмкіх культур — бульбы, гародніны, пладоў і ягад — да 90 працэнтаў.
У Беларусі на сёньня 756 тысяч асабістых дапаможных гаспадарак. Гэта на 175 тысяч менш, чым 10 гадоў таму. Пры гэтым прыватнікі вырошчваюць трэцюю частку ўсёй сельгаспрадукцыі. А найбольш працаёмкіх культур — бульбы, гародніны, пладоў і ягад — да 90 працэнтаў.

Учора Аляксандар Лукашэнка загадаў чыноўнікам, каб куплялі ў насельніцтва усю сельскагаспадарчую прадукцыю, якую людзі пажадаюць прадаць, па справядлівых коштах.

Між тым, закупачныя кошты, па якіх сёньня прыватнікі могуць прадаць вырашчанае, мізэрныя і ніяк не акупляюць выдаткі.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Дала б бульба прыбытак, але ж няма яе на продаж»

На Гарадзеншчыне сяляне і дачнікі сьцьвярджаюць, што з гарода і сотак грошай не заробіш, але сёлета людзі спадзяюцца атрымаць прыбытак ад бульбы. Праўда, не ва ўсіх яна ёсьць на продаж.

Спадарыня Алена зь Лідзкага раёна распавядае, што са сваіх некалькіх гектараў зямлі ўжо даўно з мужам вырашылі нічога вырашчанага не здаваць па закупачных коштах, бо гэта толькі страты.

Спадарыня кажа, што сёлета ўжо зараз з розных месцаў цікавяцца закупкай бульбы і прапаноўваюць па 1200 рублёў за кіляграм, што нібыта людзей задавальняе. Але бяда ў тым, што бульба апошнім часам пазводзілася, бо ранейшыя гады кошты на яе былі зусім нізкія:

«А як зерневыя, то зусім глупства цэны. А яшчэ валакіта, пакуль грошы потым вернуць, то сварышся, то просіш, аж плачаш…».

Спадарыня кажа, што асаблівага прыбытку няма зараз ад сельскай гаспадаркі незалежна, якія сельгаспрадукты рэалізоўваеш на рынку, бо затраты на іх увесь час падвышаюцца.

Спадарыня: «Усё зараз цяжка прадаць, бо цэны ў Лідзе на рынку нізкія, не апраўдваецца вырошчваць. Калі ўсе затраты пералічыш, то атрымліваецца, што толькі тыя самыя грошы перакладаеш з аднае кішэні ў другую».

Спадар Лявон з Мастоўшчыны распавядае, што свой, нават невялікі агародзік, заўсёды карміў чалавека, але зарабіць зараз зь яго складана. Зь яго слоў, калі людзі яшчэ жывуць побач з горадам, то могуць нешта прадаваць і мець зыск, а калі нешта здаваць нарыхтоўшчыкам, то гэта атрымліваецца практычна задарма:

«Да прыкладу, у нас цяпер езьдзіць нарыхтоўшчык і забірае яблыкі з саду па 150 рублёў за кіляграм. У горадзе тыя ж яблыкі каштуюць, як найменей 2 тысячы. Але ў людзей выбару няма, таму яны разважаюць так: чым згніюць, то лепей аддаць».

Спадар Васіль са Слоніма кажа, што зь лецішча нічога і прадаць ня можа, бо мае толькі восем сотак і імкнецца, каб хоць для сям’і зрабіць нейкія нарыхтоўкі на зіму. Ён таксама лічыць, што здаваць нарыхтоўшчыкам сваю прадукцыю — толькі страты:

«Оптам здаваць сельгаспрадукцыю зусім невыгодна, танна атрымліваецца. Ужо, калі ёсьць што, то лепей рэалізаваць на рынку, хоць нешта атрымаецца».

ВІЦЕБШЧЫНА


«Дэклярацыі яго — гэта адно, а справы — зусім іншыя»

Фёдар Муханаў жыве ў вёсцы Бабінічы Аршанскага раёну, трымае фэрмэрскую гаспадарку. Пачуўшы, што Аляксандар Лукашэнка зноў зьвярнуў увагу на неабходнасьць скупляць у насельніцтва лішкі сельгаспрадукцыі па справядлівых цэнах, ён адрэагаваў так:

«Дык ён дэкляруе добрыя заўсёды прапановы! Але ж закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю засталіся як 5 ці 10 год таму, а сёлета на збожжа нават зьнізіліся. Летась здаў каля 10-ці тон збожжа, а атрымаў за гэта 2 мільёны рублёў — лічы што дарма! Рабаўніцтва гэта! Так што словы добрыя такія — гэта адно, а справы — зусім іншае. І як „канфіскоўвалі“ ў селяніна сельгаспрадукцыю „за так“ , так і „канфіскоўваюць“ нашы ўлады».

Яшчэ Фёдар Муханаў гадуе сьвіней. Але здаваць мяса на дзяржпрадпрыемствы па танных коштах не зьбіраецца — гандлюе сам на Аршанскім кірмашы. Тое, што з 1 верасьня Мінсельгасхарч абяцае павялічыць закупачныя цэны на мяса, ён таксама не ўспрымае як магчымасьць добрага прыбытку:

«На вынік гэта істотна не паўплывае. Людзям маняць, абдурваюць гэтых во людзей, старых, нямоглых — на вёсках на нішто працу іхнюю зводзяць».
Значыцца: абмянялі ў людзей мех яблык на бутэльку віна — і задаволеныя!


Заплянаванае Мінсельгасхарчам падвышэньне закупачных цэн на мяса, у залежнасьці ад катэгорыі прадукцыі, і на малако — на 10% з 1 кастрычніка — уладальнік дзьвюх кароў Георгі Станкевіч лічыць усяго толькі чарговай падсправаздачнай кампаніяй, а не праявай клопату пра селяніна:

«Гэта нічога кардынальна не вырашае, бо гэта шараговая кампанія. У нас „паўзучая“ інфляцыя, дык як во павялічваюць заробкі, пэнсыі, так і вось гэта. Нешта нібыта нам кампэнсуюць, але кампэнсуюць не для таго, каб мы пабагацелі!»

Георгі Станкевіч жыве ў вёсцы Старыя Ранчыцы, працуе настаўнікам, але трымае каровы — каб неяк зводзіць канцы з канцамі. Малако дзяржаве ніколі не здае і не зьбіраецца:

«Я гэтага малака свайго ніводнага літру дзяржаве не здаю — закупачная цана дужа нізкая. Нават з тым падвышэньнем на 10% — гэта не мае 1 330 рублёў, як я прадаю малако сваім спажыўцам. А ўвогуле ў нас кароў амаль не засталося: у маёй вёсцы жывуць 150 чалавек, і толькі пяцёра трымаюць каровы. Каб паднялі на малако кошты ў тры разы, дык, людзі, можа, ізноў кароў пачалі б набываць! Я мяркую, гэты прадукт варты таго, каб за яго плацілі не як за мінэральную ваду ці нешта такое».

Нічым ня лепшая сытуацыя, да прыкладу, зь яблыкамі, на якія сёлета добры ўраджай. Яны хутчэй згніюць на падворках, чымсьці селянін завязе іх на які вінзавод ды здасьць, распавядае спадар Георгі:

«170 рублёў за кіляграм яблыкаў — закупачная цана. Значыцца, мех каштуе як бутэлька віна. Вось і атрымліваецца: людзі здаюць мех яблыкаў, зь іх ціснуць віно, толькі не паўлітры, а бутэлек 5-7 атрымліваецца. А купіць толькі адну бутэльку можна за тыя грошы, якія атрымаеш. Значыцца: абмянялі ў людзей мех яблык на бутэльку віна — і задаволеныя!»

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Нічым дзяржава нам не дапамагае, усё робім самі»

У параўнаньні зь мінулым годам закупачныя кошты на сельгаспрадукцыю трымаюцца на Берасьцейшчыне на даволі высокім узроўні. Іншая справа, што ўраджай надзвычай кепскі. Было б што прадаць, кажуць вяскоўцы.

Надвор’е сёлета прынесла вяскоўцам шмат праблемаў. Працы на сваіх палетках, як кажа жыхар Бярозаўскага раёну было прыкладна ў два разы больш, чым у мінулым годзе. Пшаніцу, напрыклад, ўвогуле прыйшлося перасяваць. Але і гэта не дапамагло:

«У мінулым годзе нашмат лепшы ўраджай быў. У гэтым годзе ўраджай у два разы меншы. Летась я нажаў восем мяхоў пшаніцы, а ў гэтым толькі чатыры. Бульба, праўда, добра ўрадзіла. Для сябе пшаніцы ня хопіць. Вось прыйшлося ўзяць у мясцовым СПК чатыры мяхі пшаніцы. Мне гэта каштавала каля 30 тысячаў рублёў.»

Жыхарка Столінскага раёну кажа, што сёлета са сваіх палеткаў атрымала сярэдні ўраджай бульбы, а вось капуста зусім не ўрадзіла. Сяляне Століншчыны практычна жывуць з вырашчанай гародніны. Сёлета пакуль складана ўраджай прадаць. Прыватныя скупшчыкі не сьпяшаюцца:

«Капуста зараз каштуе па тысячы рублёў за кіляграм. У мінулым годзе зь дзесяці сотак я зьбірала каля 15 тон капусты. Але сёлета я сабрала каля трох тон. А морква зараз каштуе каля 750 рублёў. Калі яе пачалі скупаць у ліпені, тады плацілі па 1800 рублёў за кіляграм. Таму кошт не асабліва падае. У мінулым годзе ў гэты час за кіляграм морквы плацілі 350 рублёў.»
Самі саджаем, самі прадаем. Мясцовы СПК сам сябе ня можа ўпарадкаваць і дагледзіць.


Жыхар Ляхавіцкага раёну кажа, што з гародніны ўрадзіла толькі бульба. Ёсьць спадзяваньні зарабіць. Але пакуль прадаць прадукцыю складана. Попыт на бульбу невялікі. Дзяржава пакуль не прымае яе ад сялян, а кошт прыватных скупшчыкаў не задавальняе:

«Я даволі шмат саджу бульбы і для сябе, і для продажу, калі ёсьць магчымасьць. Цяпер ёсьць прыватны скупшчык, які прапануе 800 рублёў за кіляграм. Але гэты кошт, мне падаецца, вельмі нізкі».

Жыхарка Столінскага раёну кажа, што дзяржава, мясцовыя СПК нічым не дапамагаюць сялянам. Час ад часу прыяжджаюць дзяржаўныя нарыхтоўчыя канторы, якія купляюць гародніну. Але здараецца гэта вельмі рэдка:

«Нічым дзяржава нам не дапамагае. Усё робім выключна сваімі сіламі. Самі саджаем, самі прадаем. Мясцовы СПК сам сябе ня можа ўпарадкаваць і дагледзіць.»

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Яблыкі гніюць у садзе

На Магілёўшчыне закупачныя цэны на садавіну й гародніну, вырашчаную насельніцтвам, яшчэ не сфармаваныя. Дзяржаўная спажыўкаапэрацыя купляе толькі яблыкі й тое на прамысловую перапрацоўку. Бальшыня прыватных гаспадарак рэгіёну вырошчвае садавіну й гародніну для ўласных патрэбаў.

Закупачныя цэны стануць вядомыя толькі пасьля другога верасьня. Іх мусіць зацьвердзіць аблвыканкам.

«Цяпер закупаем яблыкі на прамысловую перапрацоўку па сто пяцьдзесят рублёў за кіляграм. Гэта цана даўно склалася. Перапрацоўчыя прадпрыемствы ў нас бяруць па дзьвесьце пяцьдзесят рублёў плюс НДС з улікам транспарту», паведаміла супрацоўніца абспажыўкаапэрацыі.

У тое, што закупачныя цэны сфармуюць з улікам інтарэсаў насельніцтва мала хто зь сялян вераць. Жыхар Шклоўскага раёну Міхаіл мае сад з добрых гатункаў яблык і ягадных культур. Здаваць ўраджай дзяржаве ён не зьбіраецца:

«Гэта абсурдныя цэны канечне, хто іх фармуе невядома. Ну гэта можа быць для тых яблык, якія ў самазвал адразу грузяць вёдрамі. Толькі рынак. Пры вале яблык гады два таму, калі яны рублёў па васемсот каштавалі, я цану ніжэй двух тысяч не апускаў і іх набывалі без праблемаў».

Жыхар Бялыніцкага раёну Барыс вырошчвае тыя ж яблыкі ды бульбу. Вялікіх прыбыткаў ад сваёй працы ён не чакае. Значная частка вырашчанага ўраджаю застанецца на патрэбы сям’і:

«Даволі складана й рэалізаваць сваю прадукцыю. Неяк жа трэба завесьці яе на нарыхтоўчы пункт. Ды й закупачныя цэны, калі здаваць дзяржаве, а не прадаваць па сваіх каналах, канечне, ня могуць задаволіць. Хутка выбары й уся гэтая мітусьня зьвязаная толькі з гэтым фактарам».

Знаўца сельскай гаспадаркі з Чэрыкаўскага раёну Віктар Страчанка падыход дзяржавы да фармаваньня закупачных цэнаў называе зьдзекам зь сялян:

«Што такое сто пяцьдзесят рублёў яблыкі? Калі раней бадзягі хадзілі па садзе зьбіралі яблыкі, то цяпер гэтага няма. Прынясе ён мех яблык і на бутэльку віна яму ня хопіць. Крама не зацікаўленая драбязой гэтай займацца. Як было летась. Райпо не магло выдзеліць машыны. Яблыкі пачалі гніць. Загадчыца кажа, ды нашто мне гэтыя замарочкі з нарыхтоўкай».