Каб падвысіць заробкі, падвышаюць цэны

Зь 1 верасьня ў Беларусі на 10% падвышаюцца акцызы на гарэлку, вырастуць закупачныя цэны на мяса. Сьледам падаражэе малако. Ужо даволі істотна павялічыліся цэны на грэчку. Чаму ўрад перад прэзыдэнцкімі выбарамі ідзе на такія непапулярныя захады?

Праект пастановы Савету Міністраў аб падвышэньні закупачных цэнаў на сьвініну, ялавічыну і малако ўжо падрыхтаваны. Закупачныя цэны на мяса павялічацца адпаведна яго катэгорыі ў верасьні, у кастрычніку падаражэе на 10% малако. Акцызы на гарэлку падвышаюцца згодна з указам прэзыдэнта № 439 ад 24 жніўня.

Эканаміст Міхал Залескі такім чынам тлумачыць чарговыя падвышэньні:

Міхал Залескі
«Першае, тое, што зьвязана з акцызамі — ёсьць праблема Міністэрства фінансаў, праблема бюджэту — не хапае грошай. Акцыз як падатак, які ўключаецца ў кошт тавару і ёсьць больш масавым, ён тэхналягічна самы хуткі. То бок можна хуценька прыцягнуць грошы. Гэта ад бяскорміцы, як кажуць, ад таго, што нестае грошай. Другое — тое, што зьвязана зь сельскагаспадарчай прадукцыяй. „Пасьпяховае кіраваньне“ сельскай гаспадаркай прывяло да таго, што зараз пачала імкліва падаць выпрацоўка малочнай прадукцыі ў прыватным сэктары. Вельмі хутка скарачаецца пагалоўе кароў, і нешта трэба рабіць. Тут пайшлі маніпуляцыі з закупачнымі цэнамі. Тое самае адбываецца і з пэўнымі культурамі — лён, грэчка. Скарачаецца іх вытворчасьць. Мы ж лёну вырабляем менш, чым у 1913 годзе. Тое самае і з грэчкай. Тут ужо спроба нейкім чынам крэн гэты выправіць».

Дарэчы, грэчка за апошні месяц падаражэла ўдвая — зараз у крамах прадаюцца спрэс расейскія крупы коштам ад 4 тысяч рублёў за кіляграм. Растуць кошты і на муку.

Сяргей Чалы
Павышэньне цэнаў на жыцьцёва неабходныя тавары эканаміст Сяргей Чалы тлумачыць тым, што трэба ж неяк кампэнсаваць павышэньне пэнсіяў, стыпэндый, заробкаў:

«Спрабуем зараз папоўніць бюджэт, бо бягучы дэфіцыт даволі немалы — да 10% ад бюджэту. Адной рукой даем, другой — забіраем. Калі зараз абвясьцілі давесьці прыбыткі да 500 даляраў, то даводзіцца падвышаць кошты. Што тычыцца малака, мяса, гэта зьвязана з тым, што доўга не павышалі закупачныя кошты, і стала сялянам нявыгадна гэта вырабляць. Гэта проста інфляцыя выдаткаў».

Эканаміст Леанід Злотнікаў непапулярныя захады з падвышэньнем коштаў таксама зьвязвае з абяцаньнямі ўраду павышаць даходы насельніцтва:

Леанід Злотнікаў
«Заробкі паабяцалі павысіць. А дзе грошы ўзяць? Прыбыткі, якія раней былі ад экспарту нафтапрадуктаў, ужо ня тыя. Нягледзячы на зьнешнія пазыкі, дзяржава нядаўна на рынку каштоўных папераў пазычыла 1 мільярд эўра. Вельмі цяжкае эканамічнае становішча, вось і ўсё».

Чаму павышаюцца менавіта цэны на тавары сацыяльна значныя: малако, мяса, крупы?

— Калі зараз павысіць цэны, напрыклад, на тэлевізары, усё адно купляць ня будуць. А вось бязь мяса нікуды ня дзенуцца, і без малака і грэчкі таксама. І на гарэлку ўздымаюць кошты паціху.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у першым паўгодзьдзі 2010 года ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась больш за іншыя прадукты вырасьлі кошты на бульбу — на 35%, на цукар — на 29,5%, на гародніну — на 19%.