Інцыдэнт на тэрыторыі амбасады Расеі ў Беларусі мог быць правакацыяй, праведзенай расейскімі спэцслужбамі для ўзмацненьня напружанасьці паміж краінамі, лічыць Вадзім Гігін, галоўны рэдактар часопіса "Беларуская думка".
"Судзіць аб тым, ці было гэта хуліганствам або правакацыяй, пакуль рана, канчаткова гэта стане ясна толькі пасьля правядзеньня расьсьледаваньня. Але, улічваючы сёньняшнія адносіны з Расеяй, на жаль, гэта нагадвае почырк расейскіх спэцслужбаў", – сказаў В. Гігін агенцтву "Інтэрфакс -Захад", камэнтуючы інфармацыю аб выбухаў на тэрыторыі расейскай амбасады.
"Пасьля ўрэгуляваньня пытаньняў па Мытным саюзе, нафтагазавых адносінах, камусьці хочацца абвастраць адносіны паміж краінамі", – адзначыў В.Гігін.
В.Гігін таксама зазначыў, што "гэтай правакацыяй расейскія спэцслужбы пачалі выбарчую кампанію (прэзыдэнта Беларусі – Інтэрфакс) раней за пачатак самой кампаніі". Пры гэтым ён канстатаваў, што "як толькі стане ясна, за якім кандыдатам стаяць замежныя спэцслужбы, гэты чалавек стане палітычным трупам".
Вэрсію пра тое, што выбух – правакацыя расейскіх спэцслужбаў, падзяляе і кіраўнік Аналітычнага цэнтра ЕсооМ Сяргей Мусіенка.
"Ні аднаму нармальнаму беларусу ня прыйдзе ў галаву займацца такімі рэчамі", – заявіў ён.
Мусіенка, як і Гігін, заўважыў, што ў Расійскай Фэдэрацыі кампанія па выбарах прэзыдэнта Беларусі пачалася раней, чым у самой Беларусі. Ён таксама зьвязвае ўзмацненьне ціску з расейскага боку з пасьпяховай дывэрсыфікацыяй паставак нафты ў Беларусь.
На яго думку абвастрэньне адносін Беларусі і Расеі таксама можа быць сьледзтвам спробы знайсьці зьнешняга ворага для таго, каб адцягнуць увагу ад праблем, якія існуюць у самой Расеі. "Няўменьне кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі кіраваць краінай стала відавочна для іх саміх. Яркі прыклад гэтага – пажары ў Расеі і няздольнасьць кіраўніцтва краіны справіцца зь імі і іх наступствамі", – сказаў Мусіенка.
"Раней гэта была Грузія, Латвія, Эстонія. Цяпер яны выбралі нас", – заўважыў ён.
У сваю чаргу расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў, на пытаньне Эўрарадыё, хто стаіць за нападам на расейскую амбасаду, адказаў : “БРСМ”.
Сваю пазыцыю ён патлумачыў наступным чынам: “Гэта ж правакацыя! Я не думаю, што такімі рэчамі будзе займацца нацыяналістычная моладзь. Яны выдатна разумеюць, што сёньняшняе абвастрэньне сытуацыі паміж Масквой і Менскам – гэта наўпроставы вынік дзейнасьці Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. І калі гэта дзейнічала б нацыяналістычная моладзь, то яна б дапамагала Лукашэнку. Таму я лічу, што гэта найхутчэй БРСМ. Які ў гэтым удзел беларускіх спэцслужбаў – ім лепш відаць. Мы са спэцслужбамі не зьвязаныя і не ведаем, як яны там працуюць. Але тое, што гэта зроблена па заданьні, што гэта не самастойныя дзеяньні, гэта на 100%”.
Нарэшце беларускі палітоляг Юры Шаўцоў падазрае ў нападзе як раз беларускіх нацыяналістаў. У інтэрвію Эўрарадыё ён заявіў:
“Яшчэ нядаўна, калі ў нас праходзілі больш-менш заўважныя дэманстрацыі, у нас было нямала людзей, якія закрывалі твары, якія маглі і машыну перакуліць, і камянямі закідаць міліцыю. І нават ганарыліся тым, што езьдзілі ў нейкія ваенізаваныя лягеры ў Беларусі і ва Ўкраіне. Бог яго ведае, што ад іх засталося зараз, але выключаць гэтага нельга”.
Праўда, Шаўцоў таксама прызнаў, што за такімі групоўкамі вельмі пільна назіраюць спэцслужбы і большасьць іх спэцслужбы і курыруюць.